Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пераляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.

1. што і цераз што. Перамясціцца, адолець якую‑н. прастору паветраныя шляхам. Пераляцець акіян. Пераляцець цераз горы. // перан. Лёгка, хутка пераскочыць цераз што‑н., перамясціцца куды‑н. Лёгкім, невыказна прыгожым рухам алень пераскочыў цераз тоўсты ствол паваленага дрэва і знік.. Пераскочыў? Не, гэта было б сказана занадта недакладна! Не пераскочыў, а пераляцеў! В. Вольскі.

2. Перамясціцца па паветры з аднаго месца на другое. Пераляцець з Мінска ў Маскву. Пераляцець на другі аэрадром. □ Дзяцел нехаця ўзняўся з бярозы і пераляцеў на суседнюю. Даніленка. Раптам сарока прыпыніла свой занятак. Паківала галавою, як бы аб нечым шкадуючы, на нашых вачах дзюбай і кіпцюрамі напалову разбурыла сваё збудаванне і пераляцела на другое дрэва непадалёк. Кірэенка. // перан. Перанесціся куды‑н. уяўна, у думках. [Ярохін] пераляцеў у думках за акіян, у родную Маскву. Шамякін.

3. што і без дап. Праляцець далей, чым трэба; упасці вельмі далёка; проціл. недаляцець. Пераляцець лінію пасадкі. Снарад пераляцеў.

4. Разм. Пераламацца ад удару. Кіёк пераляцеў папалам, а гадзюка толькі прыўзнялася, нібы намерваючыся стаць на хвост. Кулакоўскі.

пералячы́цца, ‑лячуся, ‑лечышся, ‑лечыцца; зак.

Разм. Доўгім, празмерным лячэннем давесці сябе да непажаданых вынікаў.

пералячы́ць, ‑лячу, ‑лечыш, ‑лечыць; зак., каго-што.

Разм.

1. Палячыць, вылечыць усіх, многіх або ўсё, многае. Пералячыць усіх дзяцей. Пералячыць зубы.

2. Празмерным лячэннем давесці да непажаданых вынікаў.

перамагано́сны, ‑ая, ‑ае.

Які завяршыўся перамогай, нясе перамогу. Гадавіна перамаганоснага завяршэння Вялікай Айчыннай вайны. Перамаганоснае паўстанне. Перамаганоснае наступленне. □ З перамаганосным Кастрычнікам, з надыходам новай эры — эры сацыялізма — мы па праву звязваем і ўтварэнне ў снежні 1922 года Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Машэраў. // Які перамагае ўсе перашкоды, пераможны. Перамаганоснае будаўніцтва камунізма. Перамаганосны рух наперад. // Які ўвасабляе перамогу. Перамаганосны сцяг.

перамага́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да перамагаць.

перамага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перамагчы.

перамагчы́, ‑магу, ‑можаш, ‑можа; зак., каго-што і без дап.

1. Дасягнуць перамогі ў змаганні; разбіць праціўніка. Перамагчы ў баі. □ Справа стала так: або перамагчы ворага, або памерці ў змаганні. Чорны. Але жыццё аддай не дарам: Памры, На прыступ ідучы, Як паміраюць камунары, Каб смерцю Смерць перамагчы. Глебка. // Выйграць у якім‑н. спаборніцтве. Перамагчы ў сацыялістычным спаборніцтва Перамагчы ў спартыўнай барацьбе.

2. перан. Пераадолець якія‑н. цяжкасці, узяць верх над кім‑, чым‑н., дабіцца поспеху. А людзі працавалі ў калгасе, перамаглі нястачы, [аб] жыліся, адбудаваліся і выхавалі дзяцей. Дуброўскі. Партызанская вытрымка, адвага перамаглі ўсё. Кулакоўскі. Цэлы год лечаць.. [Сасакі] дактары і ніяк не могуць вылечыць, не могуць перамагчы лютай, няўмольнай хваробы. Арабей. // Перасіліць якое‑н. пачуццё, жаданне і пад. Мікола слухаў, еў грэбліва і ніяк не мог перамагчы ў сабе ўсё ўзрастаючае пачуццё агіды. Брыль.

перама́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перамазаць.

перама́зацца, ‑мажуся, ‑мажашся, ‑мажацца; зак.

Запэцкацца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае; запэцкацца ў многіх месцах. Уся вопратка перамазалася. □ Маці, сустрэўшы нас у сенцах, успляснула рукамі. — Дзе гэта вы так перамазаліся?.. Хадкевіч.

перама́заць, ‑мажу, ‑мажаш, ‑мажа; зак.

1. што. Намазаць, памазаць або абмазаць што‑н. яшчэ раз.

2. што. Намазаць, памазаць або абмазаць усё, многае. Перамазаць усе падшыпнікі салідолам.

3. каго-што. Запэцкаць усё, многае або ўсіх, многіх; запэцкаць у многіх месцах.