пераляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце; зак.
1. што і цераз што. Перамясціцца, адолець якую‑н. прастору паветраныя шляхам. Пераляцець акіян. Пераляцець цераз горы. // перан. Лёгка, хутка пераскочыць цераз што‑н., перамясціцца куды‑н. Лёгкім, невыказна прыгожым рухам алень пераскочыў цераз тоўсты ствол паваленага дрэва і знік.. Пераскочыў? Не, гэта было б сказана занадта недакладна! Не пераскочыў, а пераляцеў! В. Вольскі.
2. Перамясціцца па паветры з аднаго месца на другое. Пераляцець з Мінска ў Маскву. Пераляцець на другі аэрадром. □ Дзяцел нехаця ўзняўся з бярозы і пераляцеў на суседнюю. Даніленка. Раптам сарока прыпыніла свой занятак. Паківала галавою, як бы аб нечым шкадуючы, на нашых вачах дзюбай і кіпцюрамі напалову разбурыла сваё збудаванне і пераляцела на другое дрэва непадалёк. Кірэенка. // перан. Перанесціся куды‑н. уяўна, у думках. [Ярохін] пераляцеў у думках за акіян, у родную Маскву. Шамякін.
3. што і без дап. Праляцець далей, чым трэба; упасці вельмі далёка; проціл. недаляцець. Пераляцець лінію пасадкі. Снарад пераляцеў.
4. Разм. Пераламацца ад удару. Кіёк пераляцеў папалам, а гадзюка толькі прыўзнялася, нібы намерваючыся стаць на хвост. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)