Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цяжкара́нены, ‑ая, ‑ае.

Які атрымаў сур’ёзную, цяжкую рану, раненне. Цяжкараненыя салдаты. / у знач. наз. цяжкара́нены, ‑ага, м. Загулі зноў маторы, І павёз самалёт Цяжкараненых, хворых І маленькіх сірот. Смагаровіч. Дзед Васіль і Лёнька прывезлі чатырох цяжкараненых, якіх вылавілі ў вадзе. Няхай.

цяжкараствара́льны, ‑ая, ‑ае.

Які марудна, дрэнна раствараецца. Цяжкарастваральныя солі. Цяжкарастваральныя злучэнні.

ця́жкасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цяжкага. Сталы наўкруг, Застаўленыя шчыльна, Згіналіся пад цяжкасцю дароў. Броўка.

2. звычайна мн. (ця́жкасці, ‑ей). Тое, што замінае, перашкаджае ў дасягненні мэты, патрабуе вялікіх намаганняў і сіл; перашкоды, складанасці. Лодку перацягнулі цераз дарогу каля моста без асаблівай цяжкасці. Брыль. [Сакратар райкома], не спяшаючыся, пачаў .. [Зіне] расказваць пра цяжкасці, якія яе сустрэнуць на будоўлі, пра тое, што там яшчэ голае месца і рабіць прыйдзецца ўсё сваімі рукамі. Грахоўскі.

3. Непрыемнае адчуванне чаго‑н. цяжкага (у галаве, грудзях, страўніку). [Костусь] не ведаў, куды яму пайсці цяпер: спаць яму не хацелася. Але ў галаве была цяжкасць ад дзённай утомы. Чорны. // Змрочны, непрыемны настрой, стан. Думы, роздумы, меркаванні і здагадкі адбілі Багдану сон, ахуталі прыкрай цяжкасцю душу. Кулакоўскі.

•••

Без цяжкасці — лёгка, без намаганняў.

З цяжкасцю — з вялікімі намаганнямі, ледзь-ледзь.

цяжкахво́ры, ‑ая, ‑ае.

Які цяжка хварэе. Супрун абслугоўваў цяжкахворых палітвязняў, што знаходзіліся ў ізалятарах. Машара. / у знач. наз. цяжкахво́ры, ‑ага, м.; цяжкахво́рая, ‑ай, ж. Наведаць цяжкахворага.

ця́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую вагу, з грузам вялікай вагі. Калун быў вялікі і цяжкі. Якімовіч. Адна ідзе старая Аксіння. Адна са сваімі ціхімі думамі і цяжкім мехам травы за спінай. Ракітны. / Аб прадметах большай вагі, аб’ёму, як звычайна. Цяжкія кроплі. Цяжкія каласы. □ [Кацярына] ціха плакала. Цяжкія слёзы каціліся адна за другой па твары. Васілевіч. Усе яны анямелі, здаецца, перасталі дыхаць, у каго скацілася, у каго толькі набегла цяжкая мужчынская сляза. Янкоўскі. // Які пакідае ўражанне вялікай вагі, цяжкасці (буйнымі памерамі, цёмным колерам, характарам прапорцый). Цяжкія хмары. □ Неба чорнае, цяжкае і таксама мёртвае. Гамолка.

2. Вялікі, грузны (пра чалавека, жывёлу). Здалёку пачулася нейкае няроўнае чвяканне, быццам нехта цяжкі і нязграбны прабіраецца па багністай і гразкай глебе. В. Вольскі. // Масіўны, грувасткі, вялікі (пра пабудовы, мэблю і пад.). Страшны замак, цяжкі, грозны. Пара вежаў, як адна. Колас. Хтосьці барабаніў рукамі па раялі, хто трымаў партрэты польскіх каралёў у цяжкіх залачоных рамах, а хто калом вокны павыбіваў. Бядуля.

3. Пазбаўлены лёгкасці, прыгажосці, хуткасці (пра паходку, рух і пад.). [Ян] пайшоў да дзвярэй цяжкай хадой стомленага чалавека. Чарнышэвіч. [Лукаш] ішоў ззаду ўсіх сваёй цяжкаю паходкай. Сабаленка. // Пазбаўлены тонкасці, прыгажосці, занадта пышны ці грувасткі, нязграбны. Цяжкі стыль. Цяжкі пераклад.

4. Які патрабуе вялікай працы, энергіі, сіл, напружання для ажыццяўлення, разумення і пад. Шлях быў цяжкі наш і доўгі, Гартаваны ў барацьбе. Астрэйка. Усё прыходзіла з гадамі, Набыта цяжкаю цаной: Ад неўсвядомленага «ма-ма» Да бессмяротнага «За мной!» Жычка.

5. Які пераадольваецца з цяжкасцю; абцяжараны, з турботамі. Суцяшаў, суцяшаў дзед [Міколку], але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг. Лынькоў. Маці наша расказвала, што маленства ў хроснага было цяжкае: сіратой ды калекам пры нямоглай матцы і старэйшым браце. Брыль. // Разм. Які з цяжкасцю паддаецца выхаванню, уздзеянню. [Вера Мікалаеўна:] — Не згодна я. Няма цяжкіх дзяцей! «Звязда». // Які звязаны з хваравітымі адчуваннямі, болем. У .. [Марыны Архіпаўны] былі вельмі цяжкія роды. Шамякін. // Вельмі сур’ёзны, небяспечны (пра хваробу ці стан хваравітасці). Аляксея Шыраева даставілі ў Рэчыцу, у спецыяльны санаторый, у вельмі цяжкім стане. «Беларусь».

6. Сумны, змрочны, пануры. А з мястэчка партызаны неслі цяжкую навіну. Паўлаў. // Які выражае змрочнасць, суровасць, панурасць. Андрэй цяжкім позіркам акінуў сястру. Чарнышэвіч. Паліцай адарваўся ад дакумента, цяжкім позіркам укалоў Сцяпана. Шыцік.

7. Вельмі густы, моцны, непрыемны (пра паветра, пах і пад.). Паветра вельмі цяжкае, душыць, няма дзе дзецца... Бядуля. Кіслы, цяжкі дух сустрэў Якуба, калі ён пераступіў парог свае хаты. Крапіва.

8. Які мае вялікія габарыты і магутную зброю. Супраць крэпасці было выстаўлена дзевяць лёгкіх і тры цяжкія артылерыйскія батарэі 45‑й дывізіі. «Беларусь». // Які вырабляе машыны вялікай магутнасці і вялікіх габарытаў. Цяжкае машынабудаванне.

9. Змрочны, невясёлы, сумны. Цяжкія думкі перабіў скрып варот у гумне і моцны смех. Васілевіч. [Жонка] варочалася з боку на бок, накрываючыся з галавою, нібы хаваючыся пад коўдру не толькі ад Вацікавага храпення, а і ад цяжкіх думак. Марціновіч. // Непрыемны, нязручны. Дзяўчына адвярнулася і хутка пайшла назад, нібы ўцякаючы ад гэтага месца. Уражанне было вельмі цяжкае. Маўр. Ведала [Ганна]: будзе непрыемная, цяжкая гаворка, але гатовая была да яе. Мележ.

10. Навіслы, змрочны. Цяжкая хмара была ўжо зусім блізка. Гамолка. // перан. Які цісне, маральна ўшчамляе. Словы паліцыянта, здавалася, былі цяжкія, як волава. Сабаленка.

11. Моцны, вялікі, глыбокі; які з цяжкасцю праходзіць, адбываецца, утвараецца, звязаны з непрыемнымі фізічнымі адчуваннямі. Цяжкае гора. Цяжкі сон. □ І, выдых хаваючы цяжкі, Карэнні хаваюцца ўглыб. Гаўрусёў.

•••

Цяжкая атлетыка гл. атлетыка.

Цяжкая вада гл. вада.

Цяжкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Цяжкая прамысловасць гл. прамысловасць.

Цяжкія металы гл. метал.

Цяжкая рука; цяжкі на руку гл. рука.

Цяжкі на пад’ём — а) пра чалавека, якога цяжка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.; б) пра таго, хто з неахвотай прымаецца за што‑н., ідзе на што‑н.

Цяжкі хлеб гл. хлеб.

цяжкі́, а́я, ‑о́е.

Тое, што і ця́жкі. [Чарнавус:] Дапамажыце выйсці з цяжкога становішча, у якое я трапіў з нечае ласкі. Крапіва. Наперадзе будзе цяжкое спатканне... Дубоўка. Паслухаць бы драздоў свістанне У час ружовага світання, Калі цяжкі мядзведзь з бярлогі Высоўвае на сонца нос. Панчанка. Дзецям ногі баляць, іх стамляе дарога цяжкая. Куляшоў.

цяжэ́бнік, ‑а, м.

Уст. Які знаходзіцца ў цяжбе з кім‑н.

цяжэ́бны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да цяжбы. Цяжэбныя клопаты.

цяжэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. цяжкі.

цяжэ́рны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Надзвычай цяжкі. А лёд, бы мур сцямна-зялёны, Чуць на сярэдзіне падняты, Ляжыць, цяжэрны і зацяты. Колас.

цяжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца цяжкім (у 1–3 знач.) або больш цяжкім. Чым далей адыходзілі ад маёнтка, тым болей цяжэў мяшок з кнігамі. Каваленка.

2. Станавіцца цяжкім, рухацца, паднімацца, працаваць з цяжкасцю (пра часткі цела, галаву і пад.). Адчуўшы, як цяжэюць ногі, як калючым болем заходзіцца сэрца, .. [Косця] зразумеў, што яму не дагнаць .. [Надзю]. Лынькоў. Слесарэнка адчуваў, што яго хіліць у сон, што цела цяжэе, становіцца чужым. Бураўкін.

3. Набрыньваць, абвісаць. Пакрысе набрыньвалі вільгаццю і цяжэлі каляныя шынялі. Быкаў. // Налівацца сокам; спець. Прыязджайце, як маці-зямля Малаком сваю ніву напоіць — І колас цяжэе. Арочка. Была.. пара, блізкая да восені, калі ў садах пачынаюць цяжэць яблыкі. Адамчык.