эўфемі́зм, ‑а, м.
Слова або выраз, якім замяняюць грубы, непажаданы або непрыемны выраз.
[Ад грэч. euphēmía.]
эўфемісты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эўфемізма, з’яўляецца эўфемізмам. Эўфемістычны выраз.
эўфуі́зм, ‑у, м.
Штучны, манерны, напышлівы стыль мовы.
[Англ. euphuism ад грэч. euphyes — высакародны.]
эўфуісты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які вызначаецца эўфуізмам; манерны, штучны.
э́фа, ‑ы, ж.
Ядавітая змяя сямейства гадзюк, якая водзіцца ў Афрыцы і ў Азіі.
эфе́дра, ‑ы, ж.
Вечназялёны куст, расліна сямейства эфедравых, якая ўтрымлівае алкалоіды (эфедрын і пад.).
[Грэч. ephedra.]
эфедры́н, ‑у, м.
Спец. Алкалоід, які знаходзіцца ў эфедры (прымяняецца ў медыцыне пры бранхіяльнай астме, паніжэнні крывянога ціску і пад.).
[Ад грэч. ephedra.]
эфе́кт, ‑у, М ‑кце, м.
1. Моцнае ўражанне, зробленае кім‑, чым‑н. на каго‑н. Апошнія словы Фёдараў сказаў знарок гучна, задаволена пазіраючы, які яны зрабілі эфект на правадніцу і пасажыраў. Даніленка. [Міхась] быў здаволены тым эфектам, які зрабілі яго словы, сказаныя не каму-небудзь, а роднаму брату. Сіўцоў. Кожны яе [Стэфкі] рух, .. кожны бліск вачыма і зубамі быў разлічаны на эфект. Бядуля. // Прыём, мэта якога стварыць уражанне. Тут спакушэнне эфектам узяло верх і збіла аўтараў з больш цікавага і правільнага шляху. У выніку ў п’есе праца дзяўчат і гераічныя воінскія подзвігі байцоў існуюць самі па сабе, а іх каханне — само па сабе. «Беларусь».
2. звычайна мн. (эфе́кты, ‑аў). Сродак, прыстасаванне, прыём, пры дапамозе якіх ствараецца пэўнае ўражанне, ілюзія чаго‑н. Светлавыя эфекты. Шумавыя эфекты ў тэатры.
3. Вынік якіх‑н. дзеянняў, дзейнасці. Вытворчы эфект. Эканамічны эфект. Эфект лячэння. □ [Багуцкі:] — Справа ў тым, што кожны чалавек любіць працаваць у .. спрыяючых умовах. Тады і праца яго дае большы эфект. Лынькоў. [Смірын:] — Мне здаецца, што самы лепшы выхаваўчы эфект дае палёт у складаных умовах. Алешка. — Не, я не пра тое, — пераступіў з нагі на нагу Сяргей. — Трэба квадраты рабіць, большы ж эфект будзе. Кухараў.
4. Спец. Фізічная з’ява. Фотаэлектрычны эфект.
•••
З эфектам — вельмі выразна. [Вейс] рабіў гэта інакш: вымаў з кішэні цыгарэту, падаваў яе, як падаюць малому цукерку, і з эфектам гаварыў. Ракітны.
[Ад лац. effectus — дзеянне.]
эфе́ктнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць эфектнага. Дзед не хацеў трывожыць сына дзеля эфектнасці моманту, тым болей, што Мартын Рыль мог і не быць. Колас.