Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самбу́к, ‑у, м.

Салодкая халодная страва, прыгатаваная шляхам узбівання фруктовага пюрэ з цукрам і яечным жаўтком. Мандарынавы самбук. Яблычны самбук.

са́менькі, ‑ая, ‑ае; займ. азначальны.

Разм. У спалучэнні з назоўнікамі з прасторамі або часавым значэннем выражае гранічную акрэсленасць месца, часу дзеяння. У саменькі поўдзень. □ Тут каза — як скокне ўбок, А Вавёрка — на дубок, Аж на саменькі вяршок. Муравейка. На саменькім ранку дэпутатка сельсавета, не адчыняючы веснічак, крыкнула ў двор: — Волька, ты дома? Скрыган. // Паказвае на непасрэдную блізкасць да каго‑, чаго‑н. За акном, каля саменькае сцяны, дзе стаіць круглаверхі клён, цяпер халодны і аголены, густа-густа збіраецца мрок, нібы гэтая цёмная ноч паставіла тут свайго вартаўніка. Колас. Наша хата стаяла пры саменькай дарозе. Кухараў.

саме́ц, ‑мца, м.

1. Асобіна мужчынскага полу. Ёсць у нас самцы [алені], у якіх рогі важаць па восем кілаграмаў і нават болей. В. Вольскі.

2. Мужчына як носьбіт біялагічных уласцівасцей свайго полу; празмерна падкі да жанчын. Не падабаўся.. [Лабановічу] гэты твар самаздаволенага самца [Сухаварава] і гэтыя адвіслыя мокрыя губы з паднятымі ўгару чорнымі вусікамі. Колас.

самі́на, ‑ы, ж.

Мяса сома. Лаві ліны і еш саміну — Самы жывуць там, як цяляты! Колас.

самі́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сома, належыць яму. Саміны вус. Саміны плёс. // Прызначаны для лоўлі самоў. Саміныя снасці.

самі́ца, ‑ы, ж.

Тое, што і самка. [Кашалот] шыўся сярод саміц .. — мусіць, разумеючы, што мы імі не цікавімся. Сіпакоў.

са́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Асобіна жаночага полу. Забаронена паляванне на самак, якія маюць маладняк. «Звязда». І вось на бліжэйшай алешыне пеў усё мацней, крычаў сваёй песняй дрозд, і да тых часоў, пакуль да яго не падляцела самка. Нікановіч. Нарадзіўшы звычайна адно дзіця ў маі ці чэрвені месяцы, самка аленя хавае яго дзе-небудзь у патаемныя, зацішным кутку, у высокай траве ці хмызняку. В. Вольскі.

2. Жанчына як носьбіт біялагічных уласцівасцей свайго полу; празмерна падкая да мужчын. Смяялася Хіжаю самкай Кармен І сачыліся вусны, як вішні. Глебка.

самкну́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць самкнутага (у 2 знач.).

самкну́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад самкнуць.

2. у знач. прым. Спец. Шчыльны, такі, у якім адны з другімі стаяць вельмі блізка, на самай кароткай дыстанцыі па фронту або па фронту і ў глыбіню (пра строй). Самкнутыя рады. □ Рэхам даносіцца да нас марш самкнутага строю савецкіх байцоў і атрадаў партызан. «Работніца і сялянка».

самкну́цца, ‑нецца; зак.

1. Зблізіўшыся, даткнуцца; злучыцца. Кантакты самкнуліся. // Згусціцца, стаць шчыльным. Краска змоўкла, а ў разоры Мрок гусцей самкнуўся. Колас. Неба чорнай беспрасветнасцю самкнулася з гарамі. Быкаў.

2. перан. Злучыцца, згуртавацца, стварыць адно цэлае. Рады пралетарыяту павінны самкнуцца яшчэ цясней і даць у гэтай барацьбе ўзор арганізаванасці і дысцыпліны. Ленін. У сваіх мэтанакіраваных адносінах да фальклору Купала і Багдановіч самкнуліся, хоць пачыналі з тыпалагічна розных сувязей з ім. Лойка. // Акружыўшы з усіх бакоў, злучыцца. Ракеты егерам рассыпаліся наўкол. Па іх мы бачылі, як самкнулася кола вакол нас. Няхай.

3. Заплюшчыцца, стуліцца (пра вочы, губы і пад.). Вочы мне з часам самкнуцца, Жвір мяне ўхутае цвёрды, Жыць між людзей застануцца Песня і Леніна ордэн. Купала. [Алена] адразу задумалася. Твар стаў строгі, прыпухлыя вусны самкнуліся. Ваданосаў.