Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шкля́руснік, ‑а, м.

Майстар, які вырабляе ўпрыгожанні са шклярусу.

шкля́русніца, ‑ы, ж.

Жан. да шкляруснік.

шкля́русны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шклярусу. // Зроблены са шклярусу; упрыгожаны шклярусам. Шклярусныя ўпрыгажэнні. // Які мае адносіны да вырабу шклярусу, да работ са шклярусам. Шклярусная майстарня.

шко́да 1, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Пашкоджанне, урон, страта. Ваганаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніякае шкоды. Колас. Атрад сарваў планы немцаў на ўчастку фронту, многа зрабіў ворагу шкоды. Чорны. І каб не нарабіць са сваёй стрэльбай якой шкоды, дзед абкруціў анучай куркі ды зверху ўмацаваў яшчэ наглуха дротам. Лынькоў. // Дрэнны, небяспечны ўчынак, дзеянне; тое, што небяспечна дрэннымі вынікамі. [Міна Міхайлавіч:] — Думаю я, такі гэта цуд, што працаваць на карысць жыцця ў чалавека сілы патройваюцца, а на шкоду і рукі не падымаюцца. Во як... Краўчанка.

2. Страта, прычыненая жывёлай; патрава. Ходзіць певень па гароду, У гародзе робіць шкоду. Муравейка. Паплаўнічы лавіў выпадкам перабегшую ў лес карову і накладаў штраф за шкоду. Гартны. // Месца на полі, у лузе, у лесе і г. д., дзе жывёла можа зрабіць патраву. Хлопчык так задумаўся, што не заўважыў, як Красуля і цялушка-пярэзімак убіліся ў шкоду. С. Александровіч. Я памог прагнаць статак [цялят] каля шкоды. Місько.

шко́да 2, безас. у знач. вык.

Тое, што і шкада. [Галена:] — Шкода таго часу і сілы, што я патраціла за тыя часы, пакуль мяне.. дапытвалі з-за.. брахні. Чорны. [Маці:] — Багатаму шкода карабля, а беднаму — кашаля! Мележ. Не так шкода, як невыгода. З нар.

шко́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Прыносіць шкоду ​1 (у 1 знач.), наносіць урон, страту. [Слаўка:] — Мы павінны прыстасавацца да новых умоў і як мага больш шкодзіць ворагу. Новікаў. Але на практыцы выходзіць, Што і цялятам часта шкодзіць Залішне многа малака. Крапіва. // Перашкаджаць, замінаць. Хацеў садоўнік што-небудзь зманіць, які-небудзь незвычайны камплімент чалавеку сказаць, — не выйшла. Слоў не знайшлося, і шкодзіла пачуццё няёмкасці, якога ён даўно не адчуваў. Лось.

•••

Не шкодзіць (не шкодзіла б) каму з інф. — патрэбна, неабходна; нядрэнна б зрабіць што‑н.

шко́дна,

1. Прысл. да шкодны.

2. у знач. вык. Аб адмоўным уздзеянні чаго‑н. Курыць шкодна. □ [Ніна:] Глядзі, на сонцы вельмі не пячыся, табе шкодна! Васілевіч.

шко́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць шкоднага. Якуб Колас рэзка, з’едліва асуджае сацыяльную шкоднасць абывацельшчыны, мяшчанства. Навуменка.

2. Шкодныя, небяспечныя для здароўя чалавека ўмовы працы. Дадатковая аплата за шкоднасць вытворчасці.

шко́днік, ‑а, м.

1. Жывёла, насякомае, якое прыносіць шкоду ў лясной, сельскай, складской, а таксама хатняй гаспадарцы. Да таго ж маці не раз гаварыла, што вожык нават вялікую карысць прыносіць чалавеку, бо знішчае ўсялякіх палявых шкоднікаў. Ляўданскі. Не заўважыць размнажэння лясных шкоднікаў — як гэта магло здарыцца з ім, Курчэвічам? Мяжэвіч.

2. Небяспечны чалавек, вораг; ненавіснік. Мінула некалькі дзён. Міліцыя і пракуратура так і не знайшлі шкодніка. Гроднеў. // Разм. Шкадлівы, шкодны чалавек. [Пан:] — Мельнік твой, Капіца, шкоднік па натуры. Бажко.

шко́дніца, ‑ы, ж.

Жан. да шкоднік.

шко́дніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шкодніка (у 2 знач.). Шкодніцкая дзейнасць. Шкодніцкая сутнасць.