Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крыло́, а́; мн. кры́лы (з ліч. 2, 3, 4 крылы́), крыл і кры́лаў; н.

1. Орган у птушак, насякомых і некаторых млекакормячых, які служыць для лятання. Нізка над галовамі пралятае варона, ляніва махае крыламі. Асіпенка. А там, дзе буслікі ўздужалі, Іх пачынаюць вабіць далі; Яны пачулі ў сабе сілы, Яны разводзяць ужо крылы, ўгару на локаць падлятаюць, Паветра ловяць, разграбаюць. Колас.

2. Плоская паверхня самалёта, якая падтрымлівае яго ў паветры. [Дождж] барабаніў па фюзеляжы, па крылах самалёта. Шамякін.

3. Лопасць ветранога млына або параходнага вінта. Паўднёвы вецер рухава ганяў крылы ветрака, лапатаў ветразямі. М. Ткачоў.

4. Покрыўка над колам аўтамабіля, веласіпеда і пад. для засцярогі ад пырскаў вады і гразі. Аднастайна парыпвала машына, злёгку засталася па выбоінах, манатонна пастуквалі каменьчыкі па крыле, шархацелі па ім пясчынкі, дарожная жарства. Лынькоў.

5. У невадзе — кожная з дзвюх бакавых частак сеткі, якія знаходзяцца з абодвух бакоў куля.

6. Бакавы корпус або бакавая частка пабудовы. У левым крыле будынка — фінансавы аддзел, бухгалтэрыя. Навуменка.

7. Правая або левая частка строю, баявога парадку войска; фланг. Прыйшлося некалькі разоў кінуцца ў атаку і адбіць пяхоту, якая загінала з правага крыла. Маўр.

8. Крайняя (левая або правая) групоўка якой‑н. палітычнай арганізацыі, буржуазнай партыі. Левае крыло англійскай лейбарысцкай партыі.

•••

Апусціць крылы гл. апусціць.

Пад крылом у каго — пад чыёй‑н. апекай (жыць, знаходзіцца і пад.).

Падрэзаць крылы гл. падрэзаць.

Схаваць пад крыло гл. схаваць.

крыль, ‑я, м.

Прамысловая назва планктонных марскіх рачкоў.

[Ад гал. kriel — драбяза.]

кры́льца і кры́лца, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да крыло (у 1 знач.); невялікае крыло. Але вось матылёк разгарнуў крыльцы. Бяспалы. Качанятка з усіх сіл заплёскала па вадзе крылкамі. Краўчанка.

крыміна́л, ‑у, м.

Разм. Крымінальная справа, злачынства. — Нельга, нельга дараваць..! Гэта ж асмяюць нас усе! Гэта ж крымінал! — гарачыўся Міхалка. Бядуля.

крыміналагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крыміналогіі. Крыміналагічныя даследаванні.

крыміналі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спецыяліст у галіне крыміналістыкі.

крыміналі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да крыміналіст.

крыміналі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Юрыдычная дысцыпліна, якая вывучае методыку, тактыку і тэхніку расследавання злачынстваў.

[Ад лац. criminalis — злачынны.]

крыміналісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крыміналістыкі. Крыміналістычны метад. Крыміналістычная экспертыза.

крымінало́гія, ‑і, ж.

Вучэнне аб злачыннасці як сацыяльнай з’яве.

[Ад лац. crimen — злачынства і lógos — вучэнне.]