Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крутану́цца,

гл. крутнуцца.

крутану́ць,

гл. крутнуць.

крутапле́чы, ‑ая, ‑ае.

З крутымі плячамі. Крутаплечы, з пудовымі кулакамі, каваль Кастусь Махнач з ранку да вечара рамантаваў са сваімі памочнікамі плугі, бароны, перацягваў колы, акоўваў перадкі. Курто.

крутаро́гі, ‑ая, ‑ае.

З крутымі рагамі. Крутарогі алень.

крутасве́т, ‑а, М ‑свеце, м.

Разм. Тое, што і круцель. Пра Яўстрата ў Ельнічах ніхто слова благога не скажа. І пра самога, і пра трох яго сыноў. Праўда, толькі пра трох, бо чацвёрты, самы меншы, Юзік — такі ж крутасвет, што проста дзіва, у каго ён і ўдаўся. Вітка.

кру́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць крутога. Крутасць схілаў.

крутну́цца і крутану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Аднакр. да круціцца (у 1 знач.).

крутну́ць і крутану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да круціць (у 1 знач.).

крутня́, ‑і, ж.

Разм.

1. Дзеянне паводле дзеясл. круціць (у 2, 6 знач.).

2. Дзеянне паводле дзеясл. круціцца (у 2, 4, 5 і 7 знач.).

3. Падман, махлярства. Адбыў кару, вярнуўся ў сяло — ну, думалі, зразумеў ён, што крутнёй ды зладзействам на свеце не пражывеш. Краўчанка.

круты́, ‑ая, ‑ое.

1. Амаль адвесны, абрывісты; проціл. пакаты. — Ого, гара, як печ, крутая! І вось чаму дарожка тая, Вы шрубка, ўецца па-над бокам: Узлезь, папробуй, простым крокам! Колас. Добрыя коні прызвычаена лёгка ўзбіраюцца на крутыя ўзгоркі. Брыль. // Выгнуты, выпуклы. Круты лоб. □ Люся паказала на чучала здаравеннага быка з магутным крутым хібам. Даніленка. [Чалавек] ішоў вольна, .. падстаўляючы ветру загарэлыя крутыя грудзі. Самуйлёнак.

2. (звычайна ў спалучэнні са словамі «паварот», «залом» і пад.). Не паступовы, раптоўны, рэзкі. На крутым павароце зад матацыкла занесла. Б. Стральцоў. Дзвіна тут рабіла даволі круты паварот улева. Хадкевіч. // перан. Рашучы, значны. Круты ўздым сельскай гаспадаркі. □ Ігнату хацелася толькі і гаварыць аб тым, што ў жыцці яго адбыўся круты, небывалы паварот. Кавалёў.

3. Суровы, упарты (пра характар чалавека, а таксама пра чалавека з такім характарам). Аднак пілі ў меру, аглядаючыся на дзверы: пабойваліся крутога хвашчовага нораву. Лупсякоў. — Ліквідаваць абсталяванне я вам не дам. А не — дык будзьце здаровы! Я чалавек круты. Скрыган. // Жорсткі, рашучы. Крутыя меры. // перан. Моцны, вялікі. Стаяў туман, мароз круты. А. Александровіч. // Цяжкі, напружаны, пераломны (пра час). Прыйшла крутая часіна і для .. [Свішчэўскага]. Грамовіч. Толькі ў крутую хвіліну, калі чалавеку, як сонечнае цяпло, патрэбен сяброўскі поціск рукі, .. людзі так хутка збліжаюцца. Мележ.

4. Густа замешаны, звараны да гушчыні. Крутое яйцо. Крутое цеста. □ Максім чэрпаў і чэрпаў крутую ячную кашу. Асіпенка.

5. Туга скручаны, звіты. Крутыя ніткі.