Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гразелячэ́бны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для лячэння гразямі. Гразелячэбны курорт.

гразелячэ́нне, ‑я, н.

Лячэнне гразямі. Курс гразелячэння. Ілавае гразелячэнне.

гразі́цца, гражуся, грозішся, грозіцца; незак.

Тое, што і гразіць. Не цвёрдая ў бомбы слава, Гразіцца ёю зарана. Не хітрая, урэшце, справа Адолець атам урана. Куляшоў. [Толік] прычапіўся на вуліцы да Максіма, кідаўся біцца, гразіўся і блізка не падпусціць да матчынага парога... М. Стральцоў.

гразі́ць, гражу, грозіш, грозіць; незак.

Абяцаць зрабіць каму‑н. зло, непрыемнасць; пагражаць. [Ураднік] лаяўся, гразіў, абяцаў арыштаваць і згнаіць у турме, спрабаваў купіць ліслівасцю, але Агапа стаяла на сваім. Чарнышэвіч. // Рабіць пагражальны жэст. Чыкілевіч падымае палец, злёгку грозіць Пракопу, як настаўнік неразумнаму вучню. Колас.

гразі́шча, ‑ы, ж.

Разм. Вялікая гразь, многа гразі.

гра́зка,

1. Прысл. да гразкі.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць гразі дзе‑н. На дварэ гразка.

гразкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Крыху гразкі.

гра́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты граззю. Дарога была гразкая, уся ў калдобінах, і матацыкл то рэзка падкідвала ўгору, то шпурляла ў бакі. Краўчанка.

2. Багністы, топкі, вязкі. — Асцярожней, там глыбока і дно гразкае, — крыкнуў Паходня. Хадкевіч.

гра́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. граз, гразла; незак.

Апускацца ў што‑н. гразкае, топкае. Ногі правальваліся скрозь мох, гразлі ў ліпкай, цягучай твані балота. Лынькоў. Разведчык пад’ехаў і далажыў, што далей ехаць нельга — дарога пайшла праз дрыгву, коні гразнуць з першых крокаў. Пестрак.

гразь, ‑і, ж.

1. Вязкая, размяклая ад вады глеба. Непралазная гразь. □ Кажуць: вясной бочка вады — лыжка гразі, а ўвосень лыжка вады — бочка гразі. З нар. Брычка ехала па гразі, калёсы плюхаліся ў глыбокія калдобіны, конь ішоў размашыстай хадой, і пырскі з-пад яго ног ляцелі ва ўсе бакі. Чарнышэвіч.

2. толькі мн. (гра́зі, ‑яў). Марскі або азёрны іл, які мае лекавыя ўласцівасці. Лячыцца гразямі.

3. Разм. Бруд, нечыстоты. Лазняў болей — больш здароўя, Гразь жа нам нясе хваробу. Крапіва. У хату.. [Якіма] хоць і носа не паказвай — бруд, гразь, чарната, але знадворку хата мае зусім шляхецкі выгляд. Колас.

4. перан. Разм. Пра што‑н. ганебнае, подлае, нізкае. Ганна сэрцам тут пачула Гразь душы яго і бруд. Колас. З усходу вецер-буралом Змятае гразь на сваім шляху. Купала.

•••

Абліць граззю гл. абліць.

Выцягнуць з гразі гл. выцягнуць.

Зарасці граззю гл. зарасці.

Затаптаць у гразь гл. затаптаць.

Змяшаць з граззю гл. змяшаць.

Не ўдарыць (не упасці, не пляснуцца) тварам у гразь гл. ударыць.

Як гразі чаго — вельмі многа.