Трэф ‘забарона ўжывання пэўнай ежы як нячыстай (паводле іўдзейскага веравызнання)’ (Нас., Байк. і Некр.). Запазычана з яўр.-ням. treife ‘тс’ < ст.-яўр. terefâ ‘нячыстая ежа’, відаць, праз польск. tref або непасрэдна з ід. treif, trejfer ‘некашэрны, нячысты’: сьвіньні для жыдоў — трэф (Астравух, Ідыш-бел. сл., 909). Сюды ж трэ́фны ‘нячысты, забаронены для ўжывання’ (Нас., Байк. і Некр.), трэфны́ ‘тс’ (Касп.), тропнэ́ ‘забароненае для яды’ (Арх. Вяр.). Праз польск. trefny ‘тс’ (SWO, 1980, 774; Фасмер, 4, 101; Карскі Беларусы, 173; Кюнэ, Poln., 110).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́лава, ту́лува, ту́лаў ‘цела чалавека або жывёліны без галавы і канечнасцей’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Бяльк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), ту́лавішча (туловище) ‘тс’ (Сержп. Грам.), туло́вішче ‘тс’ (Вруб.), памянш. ту́лаўца ‘тс’ (Нар. Гом.). Адпаведна ту́лава (стараж.-рус. тулово) і ту́лаў (якое, відаць, з польск. tułów ‘тс’) з’яўляюцца субстантывізаванымі формамі прыметніка *tulovъ м. р., *tulovo н. р. (Борысь, 654). Вытворнае ту́лавішча ‘тулава’ (Брасл. сл.; Сл. ПЗБ), хутчэй за ўсё, пад уплывам рус. ту́ловище ‘тс’; адаптаванае туло́вішче ‘тс’ (Вруб.) — праз укр. туло́віще ‘тс’?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туніня́ць ‘гнісці’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Мяркуецца, што ўтворана ад назоўніка *туніня ‘гніль’. Апошняе мае паралелі ў балг. дыял. туне́ ‘плесня’ або тунъ́ ‘плесня; смурод’, туня́съм ‘пакрывацца плесняй’, макед. дыял. тунясва ‘тс’, якія Рачава (Этимология-2003–2005, 185) разглядае як «утварэнні праславянскага тыпу», звязаныя з балг. то́на ‘ўсмоктваць, убіраць’, што фанетычна і семантычна цяжка давесці. Хутчэй з улікам беларускага матэрыялу, да прасл. *tunʼa ‘гніль, плесня’ ад прасл. *tuxnǫti/*tǫxnǫti ‘псавацца, пратухаць’, параўн. укр. тухи́ня ‘гнілое балота’, гл. тухнуць. Параўн. туняшка, тунець (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэміе́жнік ‘прыгнятальнік’ (Сл. ПЗБ), тэміе́жыті ‘знішчаць, высякаць’ (там жа), ст.-бел. тямяжити ‘прыгнятаць’ (1598 г., ГСБМ). З польск. ciemiężca ‘тс’ з падляшскай фанетыкай і заменай арыгінальнага суфікса на рэгулярны для беларускай мовы суфікс ‑нік са значэннем ‘асоба мужчынскага полу па роду дзейнасці ці па схільнасці да чаго-небудзь’ або ўтвораны непасрэдна ад запазычанага дзеяслова. З польск. ciemiężyć ‘прыгнятаць, прыціскаць’, што да прасл. *temati ‘прыціскаць, душыць’ (Борысь, 80), гл. тамі́ць. ЕСУМ (5, 544) для адпаведнага запазычанага ўкр. темя́жити дапускае сувязь з тімʼя ‘цемя’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пыж1 ’драўляная затычка для круглай адтуліны’ (Нас.), ’кавалачак дрэва, які закладваецца ў вугал зруба пры спалучэнні бярвенцаў’ (жабін., Нар. сл.), пыжч ’тс’ (кам., там жа), пыж ’калок, якім прымацоўваецца ярмо да дышля воза або саней’ (Бес.), ’невялікі драўляны шар або абрубак ад палкі (пры гульні “ў пыжа”)’ (Нас.; БНТ, Гульні), ’затычка з лямцу, шэрсці або картону ў патроне для паляўнічай стрэльбы’ (ТСБМ), ’малеча, карапуз’ (Бяльк.), мн. л. пыжэ́ ’стрыжні птушыных пер’яў’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’бутоны’ (навагр., Жыв. сл.), пы́жык ’кароценькая затычка; тоўсценькае дзіця’ (Нас.), ’тоўсты блін з кіслага цеста; булачка’ (рас., Шатал.; шальч., Сл. ПЗБ), ’хлопчык, які слаба расце, малы’ (Бяльк.), параўн. укр. пиж ’від дзіцячай гульні’, рус. пыж ’затычка ў патроне; пустое, няўсхожае насенне; шар або абрубак (у дзіцячай гульні); папярочны брусок у носе і карме лодкі; булачка’, пы́жык ’маларослы, надуты чалавек’; адносяць сюды і балг. пи́жо ’нехрышчонае дзіця’. Значэнне гэтай групы слоў канцэнтруецца вакол паняццяў ’затычка, шпунт, калодачка’, ’неразвіты плод’, ’пышка, булачка’, што дае магчымасць далучыць сюды бел. пужо́к ’схованка для рыбы ў канцы лодкі’ і пужы́на ’пустое зерне’ (гл. зыходныя формы, хутчэй за ўсё, *пыжок, *пыжына з тыповым для тураўскай гаворкі пераходам ы > у пасля губных). Роднаснае літ. paugžlỹs, pūgžlỹs ’апалонік’, pùžas ’брухаты’, pùžti ’аслабець’, узыходзіць да і.-е. *pōu̯‑, *pū‑ ’дуць, надувацца’, што дае падставы для рэканструкцыі асновы прасл. *pyž‑ (Куркіна, Этимология–1971, 71–72); Тапароў (Балтийские яз., 45) лічыць рус. маск. пыж ’бясплоднае, няўсхожае насенне’ балтызмам, што малаверагодна па лігвагеаграфічных прычынах; па семантычных і лінгвагеаграфічных прычынах сумнеўна вывядзенне рус. арх. пыж ’папярочны брусок, устаўлены ў нос лодкі’, параўн. пск. носовой пыж, кастр. ’нос судна’ з комі, удм. piž ’лодка’, мар. puš ’тс’ (Фасмер, 3, 417).

*Пыж2, пуж ’гарнастай’, памянш. пы́жык: раншы дорогі буў пыжык (ТС), пы́жык ’паўночны алень ва ўзросце да двух месяцаў, а таксама футра з яго’ (ТСБМ). Выводзяць з удм. pužej ’паўночны алень’, комі pež ’аляня, якое яшчэ не мае рагоў’ і пад. (Фасмер, 3, 417: лічыць гатую этымалогію “безукоризненной”); іншая версія — аднясенне пыж2 да пыж1 (Праабражэнскі, 2, 159 і інш.) па лінгвагеаграфічных і семантычных прычынах, параўн. рус. дыял. пы́жик ’шкура невялікага мядзведзя’, ’птушка Vanellus gregarius Pall.’, ’стэпавы кулік, Charadrius’ (адносна апошняй гл. Фасмер, 3, 418), здаецца больш прымальнай. Чарных (2, 87) мяркуе, што фіна-угорскія словы запазычаны з рускай мовы, аналагічна Анікін (416–417), які схіляецца да версіі паходжання ад рус. пыж ’камяк’, пы́жить ’настаўляць, растапырваць’, гл. пыж1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Газ1 ’газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’ і г. д. Слова, якое штучна ўтворана брусельскім хімікам І. Б. ван Гельмантам (1577–1644 гг.) на аснове грэч. слова χάος ’хаос’. У рус. мове гэта слова, паводле Фасмера (1, 382), з ням. або гал. Gas ці франц. gaz. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 7; Клюге, 233; MESz, 1, 1037. У бел. мову гэта слова папала праз пасрэдніцтва рус. або польск. мовы. Паколькі няма дакладных даных наконт гісторыі яго ў бел. мове, то прыходзіцца толькі меркаваць, улічваючы агульную сітуацыю і ролю, якую ігралі гэтыя абедзве мовы ў фарміраванні лексікі бел. мовы новага часу (асабліва навукова-тэхнічнай).

Газ2 ’тканіна газ’ (БРС). Рус. газ, укр. газ ’тс’. Запазычанне з франц. gaze ’газ, вуаль’. Звычайна першакрыніцай гэтага слова лічаць назву месца Газа ў Палесціне. Гл. Фасмер, 1, 382. Іншыя этымолагі ўказваюць, што ў гэтым месцы ніколі не выраблялі такую тканіну і не гандлявалі ёю. Таму першакрыніцай франц. gaze лепш лічыць іспан. gasa < араб. kazz < перс. käž. Гл. Клюге, 236; Локач, 91; Шанскі, 1, Г, 8 (апошні ў пэўным сэнсе вельмі заблытана перадае сутнасць этымалогій Локача і інш.).

Газ3 ’вельмі шырокі брод у рацэ ці возеры’ (Яшкін). Як відаць з крыніц, якія прыводзіць І. Я. Яшкін (лепел.), слова гэта вядома на вельмі абмежаванай тэрыторыі (параўн. яшчэ ў Яшкіна, там жа, Газ — урочышча на Красенскім возеры на Дзісеншчыне) і, здаецца, з’яўляецца рэліктавым словам. Як лічыць Трубачоў, Эт. сл., 6, 113–114, ёсць сувязь з паўд.-слав. мовамі; параўн. серб.-харв. га̑з ’брод’, славен. gȃz, балг. га́зя ’брадзіць і да т. п.’ БЕР (III, 224) неабгрунтавана разглядае яго як толькі паўд.-слав. лексему. Этымалогія ўсёй групы слоў няясная (некаторыя меркаванні БЕР, там жа: лічыцца цёмным па паходжанню словам; праблематычна звязваць яго з арм. лексемай або думаць, што яно запазычана з дака-мізійскай крыніцы). Трубачоў, там жа, бачыць тут і.-е. *g​ā‑ ’ісці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рак1 ‘жыхар Турцыі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Федар. 4, Сл. ПЗБ, Зайка Кос.), ту́рок ‘тс’ (ТС, Вруб.), ‘Турцыя, Турэччына’: немца, турка ваяваць (Карскі 2–3, 397), ту́ркі ‘тс’: Куды цябе мамка аддае: / Ці ў туркі, ці ў татары (барыс., Песні сямі вёсак), ту́рак ‘упарты чалавек’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘някемлівы чалавек’ (Мат. Гом., Зайка Кос.), ту́рок ‘чалавек з разумовымі недахопамі’ (ТС), ту́рык ‘дурань’ (Юрч. Вытв.), ст.-бел. турокъ (1480 г.), турчинъ, турчынъ (1499 г.) ‘жыхар Турцыі’ (ГСБМ). Параўн. укр. ту́рок, рус. ту́рок, стараж.-рус. турокъ (XV ст.). Запазычанне з тур. türk ‘турак, цюрак’, звязанае (паводле ЕСУМ, 5, 682) з türk ‘грубы, жорсткі, разбойніцкі’, уйг. türk ‘сіла; моцны’, чагат. ‘жорсткі, храбры’, якія зводзяцца да ст.-цюрк. türk ‘цюркская дынастыя’, якую кітайцы называлі Tu‑küz ці Ту‑кю (Фасмер, 4, 125). Запазычанне адсылаецца і да манг. türkün ‘бацькі і родзічы замужняй жанчыны’. Гл. таксама Фасмер (4, 83–84). Сюды ж турча́нка ‘жанчына турэцкай нацыянальнасці’ (ТСБМ), Турэ́ччына ‘Турцыя’; Турцыя — са ст.-польск. Turcja, якое з новалац. Turcia, гэтаксама прыметнік турэцкі са ст.-польск. turecki < Turek ‘турак’ (Фасмер, 4, 126); ту́рка ‘турак’ (Байк. і Некр.), турэцкі баго́н — нейкая расліна (ТС), турэцкіе агуркі — бальшые і доўгіе (Ян.), турэцкі рамонак ‘рамонак пахучы, Matricaria matricarioides (L.)’ (лельч., Нар. лекс.).

Ту́рак2 ‘бубны (масць у картах)’: бубен, або званок, або турак (Наша Ніва, 2002, 15 лют.). Відавочна, адпавядае польск. turek ‘чырвоная кветка’ на базе колеру бубновай карты або значэння ‘палявая кветка’, што можа атаясамлівацца са званочкам (Варш. сл.), дакладней — з контурам кветкі «званковай» (бубновай) карты. Сувязь з Turek ‘турак’ застаецца няяснай.

Ту́рак3 ‘грыб курачка, Rozites casperata (Fr.) P. Karsten’ (кам., маладз., смаляв., Сярж.–Яшк.). Заходняя лакалізацыя назвы сведчыць пра магчымае запазычанне польск. turek ‘від грыба з вялікай апушанай шапачкай арэхападобнай формы пясчанага колеру’ (Варш. сл.). Мяркуецца, што грыб нагадвае турэцкі галаўны ўбор, адсюль зыходнае Turek, гл. турак1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клю́шня1 ’канечная частка ножкі ракападобных’ (ТСБМ, Касп., Сл. паўн.-зах., Яруш.). Мабыць, вынік кантамінацыі клешня (гл.) і клюка (гл.), ключка (гл.). Дублет клешня/клюшня адзначае Сл. паўн.-зах., 475, 486. Магчыма, таксама ўплыў літоўскіх форм, сярод іх у першую чаргу літ. klìšes ’клюшні’. Аддзяліць бел. клешня і клюшня ад літ. klìšes немагчыма (семантычная тоеснасць і фармальная блізкасць). Спробы рэканструяваць балта-славянскія формы kliša/kleša беспадстаўныя (Слаўскі, 2, 228), паколькі рэальна існуюць толькі ўсходнеславянскія формы, арэальна арыентаваныя на балтыйскую тэрыторыю. У значэнні ’клюшня рака’ або ’нага, сцягно’ рускія формы зафіксаваны толькі ў Смаленскім, Бранскім арэалах (не лічачы тэрыторыі новага засялення). Таксама нельга прызнаць верагоднай гіпотэзу аб паходжанні клешня ад kleščьna (гл. клешчы) (Бернекер, 1, 517; Фасмер, 2, 249; ЕСУМ 2, 463; Трубачоў, Эт. сл., 10, 23). Паколькі частка гэтых форм мае значэнне ’клешчы’, не выключана кантамінацыя клешня і клешчы (гл.).

Клю́шня2 ’тазасцегнавы сустаў’ (Сл. паўн.-зах.). Верагодны балтызм. Параўн. літ. kùlšnis ’шчыкалатка’ (там жа, 486). Больш надзейная крыніца літ. klíšė ’нага’ або іншая балтыйская, блізкая да яе. Параўн. таксама клюшня1.

Клю́шня3 ’палкі, да якіх прымацаваны крыллі сеці’ (Мат. АС). Гл. клюшня1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ві́ваўка ’івалга, Oriolus galbula L.’ (Маш.), роднасная да іншых фанетычных палескіх варыянтаў: йі́волга, вʼі́волʼга, і́велга, велʼга́ і інш. (Ніканчук, БЛ, 5, 65–67). Рус. и́волга ’жоўты дрозд, Oriolus galbula’, польск. wywielga, wywiłga, wywiełga, wywilga, wilga, wilgła, wywiołga, wywiga, wyliga, fiołga, ст.-польск. wilga ’івалга’, чэш., славац. vľha, vilha, славен. vólga ’тс’, серб.-харв. ву̏га ’рэмез’, балг. авлига ’івалга’, ст.-слав. влъга. Прасл. vьlga (Брукнер, 621) або vlʼga (Струтынскі, Nazwy ptaków, 90 і Ніч., Wybór pism, 2, 29). Мае і.-е. адпаведнікі (Махэк, ZfslPh, 20, 49; Мюленбах-Эндзелін, 4, 498; Эндзелін, IF, 33, 126; Фасмер, 2, 114). Бел. форма ўзнікла, відаць, з праформы (i)vl̯ga з цвёрдым якое перайшло ў ‑у‑. Канчатак ‑к‑a з’яўляецца інавацыяй: аналогіі да іншых назваў птушак, назоўнікаў жаночага роду з памяншальным суф. ‑к‑a, напр., бел. зязюлька, качка, укр. євка (< йова), польск. fijółka ’івалга’. Прычынай было незвычайнае (для славян) фанетычнае афармленне (магчыма, гэта іншамоўнае запазычанне ў прасл. мове), адсюль розная рэфлексацыя ‑і‑ і пазнейшыя прыстаўныя; параўн. палес. йі́вола, і́лова, і́вова, ві́лова, вʼійа, йімала, и​ыулʼга́, укр. вольга, єва, вивільга, вільга і інш. з перастаноўкай ці заменай зычных у аснове (е̂волаілова, гд або гк: укр. іговда, польск. wywiołda, wywielk). Да івалга (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Майда́н1 ’плошча, дзе збіраюцца сходы, адбываюцца кірмашы’, ’вялікі двор або пляц (у маёнтку)’ (ТСБМ, Булг., Сцяшк.; Сл. ПЗБ; палес., Нар. сл., ТС), ’пастаўнік у полі’, ’прыбудоўка да хлява’, ’загарадзь для свіней, цялят перад хлявом’ (бяроз., Шатал., зах.-палес., Нар. сл.; брэсц., ДАБМ, к. 232), ’вялікі ўчастак ворнай зямлі’ (Бір.; нясв., Яшк.; мазыр., З нар. сл.), ’шырокая прастора, вялікае гала’ (стол., Яшк.; іван., усх.-палес., Нар. сл.), ’смалакурня, месца, дзе былі прамысловыя збудаванні лясных або рыбных промыслаў, дзе выганялі дзёгаць, выпальвалі кавальскі вугаль’, ’яма, дзе гналі смалу’, ’яма для дзёгцю’ (Бяльк., Маш.; стол., бых., Рам. 3; слаўг., Яшк., Растарг.; гродз., мін., Яшк.; Сл. ПЗБ). Укр. майда́н ’плошча’, ’лясная паляна’; ’смалакурня’, рус. майда́н ’плошча, месца сходак’, ст.-рус. маидан ’базарная плошча’, польск. majdan ’плошча ў лагеры для кірмашоў і нарад, акружаны палаткамі’, ’базар’, ’смалакурня’. Бел. лексема запазычана хутчэй за ўсё праз укр. мову з крым.-тат. mäidan, тур. meydan, якія паходзяць з араб. majdān (Фасмер, 2, 559; Радлаў, 4, 1990, 2069; Бернекер, 2, 6; Брукнер, 318).

Майда́н2 ’зарослы хмызняком роў’ (Бяльк.), рус. майда́н ’прасека ў лесе на высокім месцы’ складаюць адзін арэал. Да майда́н1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)