ме́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Адпаведны размер чаго‑н. Каб абутак шыць па мерцы: Не вялікі, не малы, Прымяраеш, круціш-верціш — Падбіраеш капылы. Непачаловіч.

2. Прадмет, які служыць для вымярэння даўжыні. Калі заходзім у другую палавіну хаты нашага калгаснага садоўніка .., у вочы адразу кідаецца двухметровая, з адламаным канцом-нагой, брыгадзірская мерка «каза». Шуцько.

3. Пасудзіна для мерання чаго‑н. вадкага або сыпучага. — Гэты хлапчук без чаргі, не адпускайце, — нібы прачнулася .. [жанчына] ад бразгату літровай меркі аб бітон. Пальчэўскі. Хлеба нам гаспадыня не прыбаўляла, бульбы таксама насыпала адну мерку: хочаш — еш, хочаш — бяры з сабою. Якімовіч.

4. перан. Спосаб ацэнкі, крытэрый. — Я пачынаю думаць, што да ўсяго трэба падыходзіць з нейкаю меркаю, але гэтай меркі ў мяне няма. Колас. Кастрычнік, Ні ў чым ты не знаеш стандарту, Нічога не мераеш меркай крывою. Барадулін.

5. Уст. Плата збожжам за памол у млыне. Пакуль прымаць мерку ў новых завознікаў, студэнт паглядзеў на вялікія, як добрыя парсюкі, мяхі Сценкі Мякіша, што хітра прысуседзіліся каля самага каша. Брыль.

•••

Мераць усё (усіх) сваёй меркай гл. мераць.

Мераць усіх адной меркай гл. мераць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скразны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які праходзіць наскрозь. Скразная прабоіна. □ Марыя ўвайшла ў калідор, той самы вузкі, скразны, па якім можна прайсці з вуліцы ў агарод. Кулакоўскі.

2. Такі, пры якім перамяшчэнне ажыццяўляецца ад пачатковага да канцавога пункта без перасадак, перагрузак. Скразны поезд. Скразны кантынентальны пералёт. // Прыгодны на ўвесь маршрут (пра білет). Скразны білет. // перан. Які захоўваецца па працягу чаго‑н., наскрозь пранізвае што‑н. Лабановіч пастаўлен у цэнтр усіх падзей і з’яўляецца адзіным скразным героем твора. Казека. [П. Пестрак] не асабліва пільнаваўся ні адзінства часу, ні адзінства месца дзеяння, не стараўся захаваць скразныя сюжэтныя лініі. М. Стральцоў.

3. Які распаўсюджваецца на ўсе моманты вытворчай дзейнасці; распаўсюджваецца па ўвесь прадмет. Скразны графік работы. Метад скразнога шліфавання. Скразная загартоўка дэталей. // Які ахоплівае ўсё, запаўняе сабой усё. Гул скразны. Скрыгочуць нема сцены. Пысін. Снег валіў, але не густа, Мы яго змялі набок, І на возеры, як люстра, Заблішчаў скразны лядок. Калачынскі.

4. Увесь у прасветах і адтулінах, праз якія праходзіць святло; ажурны, рэдкі. Скразны цюль.

•••

Скразная брыгада — брыгада, якая складаецца з работнікаў розных спецыяльнасцей, што сваёй дзейнасцю ахопліваюць усе моманты вытворчага працэсу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стры́жань, ‑жня, м.

1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. У бярвенні, мабыць, адна абалонка, а стрыжань ужо спарахнеў. Сабаленка. Любіў сядзець .. і дзівіцца, як лоўка выкручвае дзед стрыжань зрэзанай на дудку хвойкі. Марціновіч. // Сярэдняя частка чаго‑н. у жывёльным або раслінным арганізмах. Стрыжань птушынага пяра.

2. Спец. Прадмет прадаўгаватай формы, які звычайна з’яўляецца воссю або апорай чаго‑н. Стрыжань поршня. // Унутраная частка электрамагніта з абмоткай з дроту.

3. Глыбокае месца ў рэчышчы ракі, месца з самым хуткім цячэннем у рацэ. Наперадзе заўжды ішоў Ціхан — брыгадзір лепшай у арцелі брыгады і Бамбалаў сусед. Ён першы садзіўся на вёслы і вёў свой баркас на самы стрыжань ракі. Карамазаў. Лодка ўвішна выкручвалася на быстрай плыні стрыжня. Брыль.

4. Разм. Цвёрды асяродак варыва. Стрыжань скулы.

5. перан.; чаго. Асноўная, галоўная, цэнтральная частка чаго‑н. Да лепшых [вершаў] трэба аднесці тыя, дзе аўтару ўдалося знайсці нейкае драматычнае зерне, нейкі канфліктны стрыжань. Бярозкін. // Тое, асноўнае, што характэрна каму‑, чаму‑н. Лірыка-інтанацыйны прынцып канчаткова аформіўся, стаў стрыжнем індывідуальнай манеры Я. Брыля ў рамане «Птушкі і гнёзды». У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Крэс́ла1прадмет мэблі’ (ТСБМ, Касп., Сцяшк., Бяльк.). Укр. крісло, рус. кресло, ст.-рус. кресло ’тс’, ст.-польск. krzesło, чэш. křeslo, славац. kreslo ’тс’. Практычная адсутнасць паўднёваславянскіх паралелей вельмі ўскладняе рэканструкцыю. Першапачатковым значэннем трэба лічыць ’рамачная ці плеценая канструкцыя’. Параўн. крэсла2, крэсла3, крэсла4 (гл.) і кросна (гл.). Паралелізм гэтых форм і значэнняў у балтыйскіх і славянскіх мовах супярэчыць гіпотэзе аб запазычанні са славянскіх у балтыйскія ці наадварот (параўн. Трубачоў, 12, 128 і Тапароў, L–K, 180–182). У лік балтыйскіх лексем, якія параўноўваюцца са славянскімі, уваходзяць ст.-прус. creslan (марфалагічны адэкватнае прасл. kreslo), літ. krė́slas, лат. kresls ’тс’. Улічваючы ‑slo‑суфіксацыю, можна сцвярджаць аб існаванні прасл. *kresiti, kresati ў значэнні ’ткаць’. Параўн. ст.-грэч. κρόκη ’уток’ κρέχω ’тку’. Але ўсё гэта вельмі праблематычна, паколькі цяжка зразумець знікненне ўсіх слядоў дзеяслова ў балтаў і славян.

Крэ́сла2 ’верхняя задняя частка штаноў’ (Янк. II), ’рамбавідная ўстаўка паміж калашынамі штаноў’ (Малч., Жыв. сл., Ян., Маш.). Укр. кресло ’тс’. Да крэсла1 (гл.).

Крэ́сла3 ’прарэх, шырынка’ (Нар. словатв., Нар. сл., Шатал., Сцяшк.). Гл. крэсла2.

Крэ́сла4 ’прамежнасць паміж заднімі нагамі жывёліны’ (Жыв. сл.). Гл. крэсла2.

Крэ́сла5 ’дошка ў прасніцы, на якой сядзіць пралля’ (Сцяшк. Сл., Шатал.). Гл. крэсла1.

Крэ́сла6 ’частка калёс, якая накладваецца на пярэднюю вось’ (Сцяшк. Сл., Шатал.). Гл. крэсла1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фо́рма, -ы, мн. -ы, форм і -аў, ж.

1. Знешні контур, вонкавы выгляд прадмета.

У форме шара.

Прадмет выпуклай формы.

2. Від, тып, спосаб арганізацыі чаго-н., структура чаго-н., абумоўленыя пэўным зместам.

Адзінства формы і зместу.

3. Знешні выгляд, знешні бок чаго-н. як нешта, што пярэчыць унутранаму зместу, рэчаіснасці.

Вытрымаць форму.

Рабіць дзеля формы.

4. Устаноўлены ўзор, парадак чаго-н.

Запоўніць ведамасць па форме.

5. Прыстасаванне для надання чаму-н. тых або іншых контураў, пэўнага знешняга выгляду.

Ф. для капелюшоў.

6. Аднолькавае па кроі, колеры і пад. адзенне (для ваеннаслужачых, вучняў і пад.).

Пераход ваенных на летнюю форму.

Школьная ф.

7. Сукупнасць прыёмаў і выяўленчых сродкаў мастацкага твора.

Апавядальная ф. верша.

8. У мовазнаўстве: сродак выражэння граматычных катэгорый, узаемаадносін слоў у сказе.

Кароткая ф. прыметнікаў.

Формы множнага ліку назоўнікаў.

9. звычайна мн. Разнавіднасць жывёльнага або расліннага арганізма.

Прымітыўныя формы жывёл.

Па ўсёй форме (разм.) — як належыць, як трэба.

У форме — у такім стане, калі праяўляюцца ўсе сілы, здольнасці, уменне; сабраны, падцягнуты.

Шахматыст у бліскучай форме.

|| прым. фарма́льны, -ая, -ае (да 2, 3, 4, 7 і 8 знач.), фармавы́, -а́я, -о́е (да 5 знач.; спец.) і фо́рменны, -ая, -ае (да 4 і 6 знач.).

Фармальны аналіз.

Форменны бланк.

Форменны касцюм.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Галка1 ’птушка’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк.), таксама га́ліца ’тс’ (Нас., Шатал.), галі́ца (Бяльк.). Формы з суфіксам ‑к(а) толькі ўсх.-слав., і ў гэтым сэнсе мае рацыю Шанскі (1, Г, 16), прыводзячы ст.-рус. галъка, рус. га́лка, укр. га́лка, бел. га́лка ’тс’. Але паралельна з гэтым ёсць усх.-слав. рус. га́лица, бел. га́лі́ца, укр. га́лиця ’галка’, і такія формы адзначаюцца і ў іншых слав. мовах (балг. га́лица, серб.-харв. галица). У аснове ляжыць прасл. *galъ ’чорны’ (параўн. серб.-харв. гао). Іншая версія: уся група слоў утворана ад гукапераймальнага *gal‑. Гл. Фасмер, 1, 388–389.

Га́лка2 ’шарык, галушка’ (БРС, Нас., Сцяшк. МГ). Гэта слова, магчыма, мае дачыненне да групы слоў, якія Фасмер (1, 388) разглядае пад га́лка2, адносячы сюды рус. га́лка ’шкляны шар’, галу́шка, укр. га́лка, галу́шка, бел. га́лы ’вочы; ягадзіцы’, славен. gâłka ’чарнільны арэшак’, славац. hálka ’шарык; вярхушка вежы’, польск. gałka ’шар, набалдашнік’, gały ’вочы’, і якія быццам узяты з с.-в.-ням. Galle (< лац. galla). Фасмер мяркуе, што вывядзенне ўсёй гэтай групы слав. слоў з ням. крыніцы выклікае сумненне з прычыны разнастайнасці значэнняў слав. лексем і што, прынамсі, для часткі з іх трэба ставіць пытанне аб іх спрадвечна слав. паходжанні. Ст.-бел. кгалка, галкапрадмет круглай формы’ запазычана непасрэдна з польск. мовы ў XVI ст. Гл. Булыка, Запазыч., 147. Аб запазычанні сведчыць выбухное г (кг) у гэтым слове.

Га́лка3 ’месца паміж кустамі, дзе расце трава’ (Яшкін). Гл. га́ліна2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́нда1 ’неахайная, гультаяватая асоба’ (брэсц., Нар. лекс.), ’пасялуха’, ’дарослая, але не сур’ёзная дзяўчына’ (касцюк., Мат. Маг.), ’гультай’ (смарг. Сцяшк. Сл.), ’валацуга, абібок’ (пін., Нар. лекс.; ігн., шчуч., Сл. ПЗБ), лынду́ля, лынду́лька, лынду́ліна, лынду́лішча ’гультай’ (Юрч. Вытв.), а таксама лы́нда ’дзяўчына-падлетак на высокіх нагах’ (КЭС, лаг.), лы́нды, в.-дзв. лы́нты, шальч. ’лыткі’, шальч., воран., даўг. ’калені’ (Сл. ПЗБ), навагр., слонім., брасл. ’ногі’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’тоўстыя ногі’ (гродз., Мат. АС) у выразе: лынды біць ’гультаяваць, бадзяцца без справы, займацца непатрэбнай работай’ (Некр., Янк. БП і БФ, ТСБМ, Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; бялын., Янк. Мат.), лынды збіваць ’тс’ (Гарэц., Дразд., Сл. ПЗБ) — да лы́ндаць (гл.).

Лы́нда2 ’страва з бульбы і льнянога семя’ (петрык., Мат. Гом.). Рус. белам., арханг., кольск. ли́нда ’мучная поліўка з рыбы або аленіны’, алан. ли́ндушка ’вадкая каша з проса і грэчкі’. З карэльск. linda ’поліўка’, фін. linta ’тс’ (Каліма, 152; Фасмер, 2, 498).

Лы́нда3 ’вузкая палоска зямлі, загон’ (шчуч., З нар. сл.; воран. Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, з ле́нта ’стружка’, параўн. рус. валаг. ле́нда, ле́нта ’палоска хваёвага лубу’ — так, як шнур ’адзінка вымярэння даўжыні’ стаў абазначаць плошчу. Пра лыка як мерку гл. Скурат (Меры, 21–22). Аднак не выключана, што лында3 звязана з лында1 ’нага’ — у якасці меры ўжываліся і іншыя назвы цела чалавека: галоўка, лантух, пядзь, лыткай (гл.). Пасля, калі носьбітамі мовы забылася ўнутраная форма слова, мера перайшла на прадмет, паняцце, для вымярэння якога яна служыла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плю́ска1 плюска́ ’шалупіны, абгортка з лісцяў вакол асновы плода, або ўвесь плод’ (ТСБМ, Нас.), ’мякіна’, ’плеўка, шалупінне насення’ (Нас.), плю́сквы ’шалупіны з аўса’ (паст., Сл. ПЗБ), плю́скі, плю́склы, плюшча́к ’недабраякаснае насенне’ (ельск., брагін., акц., Мат. Гом.), сюды ж: плюскачы́ ’яшчэ не паспелыя семачкі гарбуза’ (жытк., Нар. сл.); параўн. рус. наўг. плюски ’аўсянае шалупінне’, плюсёнки ’тс’, ’аўсяныя шматкі’, алан. плюсе́нь ’бацвінне рэпы, бруквы, рэдзькі, бульбы’; стараж.-рус. плюска ’шапачка жолуда’, серб.-харв. пљу̏скавице ’шалупіны’, балг. плюски ’боб ці гарох з малымі зярнятамі, малады боб або гарох’. Паводле Трубачова (Этимология–1968, 264), узыходзіць да анаматапеічнай асновы *plʼusk‑ (варыянт *blʼuzg‑), якая выкарыстоўваецца для абазначэння шалупіння, кажуры, струпоў, параўн. літ. pliùskė ’луска аўсянага зярняці, вотруб’е’, bluzgà ’шалупінне, мякіна’, blùzgana ’перхаць на галаве’, лат. blàuzgna ’тс’, plauskas, pluzganas ’шалупінне’, параўн. пляваць/бляваць. Сюды ж, відаць, нарв. дыял. flos, flus(k) ’шалупінне; перхаць у галаве’. Махэк (464) узводзіць рус. плюска́ ’ніжняя частка кветкі, шапачка жолуда’ да зыходнага плюха (гл.), насуперак Гаўлавай (Etym. Brun., 1, 23). Борысь, Папоўска–Таборска (ZPSS, 10, 26) каш. plëščka, pluščka ’плоскі недаспелы стручок’ выводзяць з прыметніка *pljuskъ ’плоскі’, узнятага пад уплывам гукапераймальнага *pljuskati (гл. плюскаць), бо ўдар робіць прадмет плоскім. Гл. плю́шчыць ’рабіць пляскатым’.

Плю́ска2, плю́сква, плю́скла ’клоп, Acanthia lectularia’ (Бес.; астрав., воран., свісл., Сцяшк. МГ; Сержп. Грам.; Сл. ПЗБ; карэліц., Шатал.; Жд. 2; Скарбы), ст.-бел. плюска, плюсква ’тс’ (XVII ст.) — са ст.-польск. pluskwa, pluska ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143), якія, паводле Банькоўскага (2, 613), узыходзяць да plusk, pluskanie < прасл. *plʼuskati > бел. плю́скаць3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыкла́д ’драўляны або каменны помнік на магіле; абчасаная гранямі калода’ (Зянк., Байк. і Некр., Сцяшк.), пры́кла́д, пры́кла́т ’тс’ (ганц., лях., Сл. ПЗБ), пры́клады ’надмагільная пліта’ (Мат. Маг.), параўн. словазлучэнне з рэдкім адсубстантыўным дзеясловам: прыкла́дваць чалавека ’ўстанаўліваць надмагільны помнік’ (лях., Сл. ПЗБ), таксама прыкла́дзіны ’абкладанне магілы драўляным зрубам; чатырохвугольная дошка, якую кладуць на магілу; памінальны абед (таксама і з прычыны абкладання магілы прыкла́дзінамі)’ (Дзмітр., Крачк., Нас.), ’старадаўні звычай — абед як памяць па нябожчыку’ (Янк. 2), прыкла́дзіны, прыкла́дзены ’ўпарадкаванне (магілкі)’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ). Сюды ж з іншай (сумежнай) семантыкай: прыкла́д, прыкла́дзіна, пры́кла́днік ’казёл на вільчыку’ (ТС), прыкла́дзіна ’стрэшка над стажком’ (ветк., ЛА, 2), прыкла́дзіна ’мянушка’ (Жд.), толькі мн. л. прыкла́дзіны ’(зямельныя) прырэзкі’ (віл., Сл. ПЗБ), мн. л. пры́кладні ’раскіданыя ў беспарадку, зваленыя ў кучу рэчы’ (ветк., Растарг.); прыкла́жа ’прыбаўленне, прыбаўка да паклажы’ (Нас.). Утварэнне ад прыклада́ць, гл. класці.

Пры́клад, рэдка прыкла́д ’канкрэтная з’ява, факт, які прыводзіцца для тлумачэння; узор для пераймання’ (Шпіл., Нас., Гарэц., ТСБМ). Паводле Кюнэ (Poln., 89), запазычана з польск. przykład, паводле Банькоўскага (2, 937), першапачаткова тэрмін цяслярства (пра прадмет для ўзору, які прыкладаўся да матэрыялу); ст.-бел. приклад ’узор, прыклад’, якое працягвае прасл. *prikladъ (Копечны, Zákl. zásoba, 291), параўн. і ст.-слав. прикладъ ’сімвал, эмблема, знак’, або запазычана з чэш. přiklad ’тс’. Вытворныя кшталту напры́клад (гл.), прыкла́дам ’напрыклад’ (Нас., Байк. і Некр., Яруш.) узніклі пазней на ўласнай глебе як еўрапейскія калькі, параўн. франц. parexemple, ням. zum Beispiel, рус. например ’тс’. Гл. наступнае слова, а таксама Фасмер, 3, 364.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

за..., прыстаўка.

І. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: 1) пачатак дзеяння, напрыклад: забарабаніць, забегаць, замахаць, засмяяцца, зашчоўкаць, захрапці; 2) закончанасць, вынік дзеяння або стану, напрыклад: забяліць, завязаць, запакаваць, зараўнаваць, засеяць, засохнуць, зацвярдзець, зачахнуць; 3) выхад дзеяння за межы звычайнага або дапушчальнага, напрыклад: забавіцца, загаварыцца, заняньчыць, запрацавацца, захваліць, зацягаць; 4) накіраванасць дзеяння або руху — а) за прадмет, напрыклад: заехаць (за дом), зайсці (за сцэну) ; б) унутр, углыб, пад што‑н., наверх чаго‑н., напрыклад: запаўзці (у нару), залезці (пад стол), забрацца (на вяршыню гары); в) за межы чаго‑н., куды‑н. далёка, напрыклад: завезці (за мора), заслаць (на край свету); г) на край, паверхню прадмета, напрыклад: закусіць (яблык), зарэзаць (край дошкі); 5) адхіленне ўбок ад асноўнага напрамку руху з кароткачасовым спыненнем дзеяння, напрыклад: забегчы, заехаць, заглянуць (да знаёмых).

II. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў, прыметнікаў, прыслоўяў і абазначае: на тым баку, ззаду або за межамі чаго‑н., напрыклад: заакіянскі, завуголле, загарадны, задворкі, залетась, заморскі, зарэчны, заўчора.

III. Ужываецца пры ўтварэнні якасных прыметнікаў, прыслоўяў і абазначае перавышэнне якасці, напрыклад: завельмі, завузкі, завялікі, загуста, замнога, занадта.

IV. Ужываецца пры ўтварэнні прыслоўяў і абазначае: у межах таго перыяду, які называецца словам без прыстаўкі; да наступлення новага перыяду, напрыклад: засветла, зацемна, зацепла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)