Лы́нда 1 ’неахайная, гультаяватая асоба’ (брэсц., Нар. лекс.), ’пасялуха’, ’дарослая, але не сур’ёзная дзяўчына’ (касцюк., Мат. Маг.), ’гультай’ (смарг. Сцяшк. Сл.), ’валацуга, абібок’ (пін., Нар. лекс.; ігн., шчуч., Сл. ПЗБ), лынду́ля, лынду́лька, лынду́ліна, лынду́лішча ’гультай’ (Юрч. Вытв.), а таксама лы́нда ’дзяўчына-падлетак на высокіх нагах’ (КЭС, лаг.), лы́нды, в.-дзв. лы́нты, шальч. ’лыткі’, шальч., воран., даўг. ’калені’ (Сл. ПЗБ), навагр., слонім., брасл. ’ногі’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’тоўстыя ногі’ (гродз., Мат. АС) у выразе: лынды біць ’гультаяваць, бадзяцца без справы, займацца непатрэбнай работай’ (Некр., Янк. БП і БФ, ТСБМ, Шат., Касп., ТС, Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; бялын., Янк. Мат.), лынды збіваць ’тс’ (Гарэц., Дразд., Сл. ПЗБ) — да лы́ндаць (гл.).
Лы́нда 2 ’страва з бульбы і льнянога семя’ (петрык., Мат. Гом.). Рус. белам., арханг., кольск. ли́нда ’мучная поліўка з рыбы або аленіны’, алан. ли́ндушка ’вадкая каша з проса і грэчкі’. З карэльск. linda ’поліўка’, фін. linta ’тс’ (Каліма, 152; Фасмер, 2, 498).
Лы́нда 3 ’вузкая палоска зямлі, загон’ (шчуч., З нар. сл.; воран. Сцяшк. Сл.). Няясна. Магчыма, з ле́нта ’стружка’, параўн. рус. валаг. ле́нда, ле́нта ’палоска хваёвага лубу’ — так, як шнур ’адзінка вымярэння даўжыні’ стаў абазначаць плошчу. Пра лыка як мерку гл. Скурат (Меры, 21–22). Аднак не выключана, што лында 3 звязана з лында 1 ’нага’ — у якасці меры ўжываліся і іншыя назвы цела чалавека: галоўка, лантух, пядзь, лыткай (гл.). Пасля, калі носьбітамі мовы забылася ўнутраная форма слова, мера перайшла на прадмет, паняцце, для вымярэння якога яна служыла.