Кро́сны (кро́сна) ’ткацкі станок’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Нар. сл., Выг., Маш., Федар., Мядзв., Гарэц., Дзмітр., Рам., Жыв. сл., Нік. Очерки, Шпіл. Путешеств., Нар. словатв., Сержп. Пр., Нар. лекс., Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах., Нас., Ян., Шат., Мат. Гом.). Укр. кросно, кросна, рус. кросно, кросна ’тс’, балг. кросно, макед. кросно, серб.-харв. кро̏сна, славен. krósna ’тс’, польск. krosna, чэш. krosna, славац. krosna, в.-луж. krosna, палаб. krosn ’тс’. Прасл. krosno, krosna ’драўляная рама як козлы або ткацкі станок’. Словаўтварэнне на ‑no, як sukno (< sukati), runo (< ruti). Але знайсці адпаведны дзеяслоў на славянскай або балтыйскай моўнай глебе не ўдаецца. Бліжэйшая паралель літ. krãsė ’крэсла’. Мяркуецца, што сюды ж балта-славянская назва крэсла (гл.) (параўн. ст.-прус. creslan і слав. kreslo, якія марфалагічна супадаюць). Гл. крэсла (параўн. Тапароў, К–Z, 182).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)