Плю́ска1 плюска́ ’шалупіны, абгортка з лісцяў вакол асновы плода, або ўвесь плод’ (ТСБМ, Нас.), ’мякіна’, ’плеўка, шалупінне насення’ (Нас.), плю́сквы ’шалупіны з аўса’ (паст., Сл. ПЗБ), плю́скі, плю́склы, плюшча́к ’недабраякаснае насенне’ (ельск., брагін., акц., Мат. Гом.), сюды ж: плюскачы́ ’яшчэ не паспелыя семачкі гарбуза’ (жытк., Нар. сл.); параўн. рус. наўг. плюски ’аўсянае шалупінне’, плюсёнки ’тс’, ’аўсяныя шматкі’, алан. плюсе́нь ’бацвінне рэпы, бруквы, рэдзькі, бульбы’; стараж.-рус. плюска ’шапачка жолуда’, серб.-харв. пљу̏скавице ’шалупіны’, балг. плюски ’боб ці гарох з малымі зярнятамі, малады боб або гарох’. Паводле Трубачова (Этимология–1968, 264), узыходзіць да анаматапеічнай асновы *plʼusk‑ (варыянт *blʼuzg‑), якая выкарыстоўваецца для абазначэння шалупіння, кажуры, струпоў, параўн. літ. pliùskė ’луска аўсянага зярняці, вотруб’е’, bluzgà ’шалупінне, мякіна’, blùzgana ’перхаць на галаве’, лат. blàuzgna ’тс’, plauskas, pluzganas ’шалупінне’, параўн. пляваць/бляваць. Сюды ж, відаць, нарв. дыял. flos, flus(k) ’шалупінне; перхаць у галаве’. Махэк (464) узводзіць рус. плюска́ ’ніжняя частка кветкі, шапачка жолуда’ да зыходнага плюха (гл.), насуперак Гаўлавай (Etym. Brun., 1, 23). Борысь, Папоўска–Таборска (ZPSS, 10, 26) каш. plëščka, pluščka ’плоскі недаспелы стручок’ выводзяць з прыметніка *pljuskъ ’плоскі’, узнятага пад уплывам гукапераймальнага *pljuskati (гл. плюскаць), бо ўдар робіць прадмет плоскім. Гл. плю́шчыць ’рабіць пляскатым’.

Плю́ска2, плю́сква, плю́скла ’клоп, Acanthia lectularia’ (Бес.; астрав., воран., свісл., Сцяшк. МГ; Сержп. Грам.; Сл. ПЗБ; карэліц., Шатал.; Жд. 2; Скарбы), ст.-бел. плюска, плюсква ’тс’ (XVII ст.) — са ст.-польск. pluskwa, pluska ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 143), якія, паводле Банькоўскага (2, 613), узыходзяць да plusk, pluskanie < прасл. *plʼuskati > бел. плю́скаць3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)