Плы́сці, плысць, плусць, плусці́, плаўсці́, плыць ’перамяшчацца па паверхні вады’, ’плыць на караблі, лодцы’, ’цячы’, ’плаўна рухацца, ісці’, ’высыпацца (аб жыце)’ (ТСБМ; Нас.; Гарэц.; Яруш.; Шат.; Сл. ПЗБ; ТС; Растарг.; маг., арш., Шн.), плысць ’ісці, тонучы (у снезе, гразі)’ (Юрч. СНЛ); у выразе гаршчок плыве́ць ’ён кіпіць, і з яго выцякае тое, што варыцца’ (Нас.; Нік., Оч.). Укр. плисти́, рус. плыть, плысть, плысти́ ’плыць’, ст.-польск. pluć, польск. płynąć ’цячы’, ’плысці’, pływać, чэш. plouti, ст.-чэш. plúti, славац. pluť, славен. plúti, серб.-харв. плу̏ти, пли̏ти, ст.-слав. плоути і плыти. Прасл. *pluti, роднаснае літ. pláuti ’паласкаць, мыць’, лат. plevinât ’узмахваць’, ст.-інд. plávatē ’плыве’, právate ’скача’, ’спяшаецца’, авест. fra‑fravaⁱte ’хістаецца, спатыкаецца’, ст.-грэч. πλέω ’плыву на судне’, πλΰνω ’мыю’, лац. pluit ’ідзе дождж’ (Міклашыч, 252; Траўтман, 224; Фасмер, 3, 288–289; Бязлай, 3, 63; Банькоўскі, 2, 632–633). Формы плаўсці́ ’плысці’ (глыб., Сл. ПЗБ) і плыўсці́ ’выплываць (пра жыта)’ (паст., LKK, 30) адлюстроўваюць балтыйскую фанетыку і, магчыма, семантыку (Грынавяцкене, тамсама), а ўстойлівае словазлучэнне жы́та плыве́ць калькуе, паводле Грынавяцкене і інш. (SOr, 39, 317), літ. (rugiaĩ) pláukia.