Прыкла́д ’драўляны або каменны помнік на магіле; абчасаная гранямі калода’ (Зянк., Байк. і Некр., Сцяшк.), пры́кла́д, пры́кла́т ’тс’ (ганц., лях., Сл. ПЗБ), пры́клады ’надмагільная пліта’ (Мат. Маг.), параўн. словазлучэнне з рэдкім адсубстантыўным дзеясловам: прыкла́дваць чалавека ’ўстанаўліваць надмагільны помнік’ (лях., Сл. ПЗБ), таксама прыкла́дзіны ’абкладанне магілы драўляным зрубам; чатырохвугольная дошка, якую кладуць на магілу; памінальны абед (таксама і з прычыны абкладання магілы прыкла́дзінамі)’ (Дзмітр., Крачк., Нас.), ’старадаўні звычай — абед як памяць па нябожчыку’ (Янк. 2), прыкла́дзіны, прыкла́дзены ’ўпарадкаванне (магілкі)’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ). Сюды ж з іншай (сумежнай) семантыкай: прыкла́д, прыкла́дзіна, пры́кла́днік ’казёл на вільчыку’ (ТС), прыкла́дзіна ’стрэшка над стажком’ (ветк., ЛА, 2), прыкла́дзіна ’мянушка’ (Жд.), толькі мн. л. прыкла́дзіны ’(зямельныя) прырэзкі’ (віл., Сл. ПЗБ), мн. л. пры́кладні ’раскіданыя ў беспарадку, зваленыя ў кучу рэчы’ (ветк., Растарг.); прыкла́жа ’прыбаўленне, прыбаўка да паклажы’ (Нас.). Утварэнне ад прыклада́ць, гл. класці.

Пры́клад, рэдка прыкла́д ’канкрэтная з’ява, факт, які прыводзіцца для тлумачэння; узор для пераймання’ (Шпіл., Нас., Гарэц., ТСБМ). Паводле Кюнэ (Poln., 89), запазычана з польск. przykład, паводле Банькоўскага (2, 937), першапачаткова тэрмін цяслярства (пра прадмет для ўзору, які прыкладаўся да матэрыялу); ст.-бел. приклад ’узор, прыклад’, якое працягвае прасл. *prikladъ (Копечны, Zákl. zásoba, 291), параўн. і ст.-слав. прикладъ ’сімвал, эмблема, знак’, або запазычана з чэш. přiklad ’тс’. Вытворныя кшталту напры́клад (гл.), прыкла́дам ’напрыклад’ (Нас., Байк. і Некр., Яруш.) узніклі пазней на ўласнай глебе як еўрапейскія калькі, параўн. франц. parexemple, ням. zum Beispiel, рус. например ’тс’. Гл. наступнае слова, а таксама Фасмер, 3, 364.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)