Сядаві́ць ’садзіць’ (Сцяшк.), сядаві́цца ’сядаць, садзіцца’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), сядовэ́тыся ’тс’ (кам., Сл. ПЗБ), седаві́цсе (siedawicsie) ’тс’ (Федар. 1). Каўзатыў ад сядаць (гл.) са значэннем ’прапанаваць сесці; рабіць так, каб нехта сеў’, параўн. адносіны ставіць і стаяць (гл.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад садавіць ’дапамагаць, прапанаваць сесці’ (гл.), для якога дапускаецца запазычанне з польскай, што нельга выключыць па лінгвагеаграфічных прычынах, аднак магчымы і другасны каўзатыў ад саджаць, садзіць, гл. Да словаўтварэння параўн. ст.-бел. седовати, седывати ’паседжваць’ (Сл. Скар.), суфікс якіх перадаваў шматкратнасць дзеяння.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тырпа́чык ‘зламаны ножык’ (Бяльк.). Відаць, варыянтная мясцовая форма да тарпа́чык, памянш. ад тарпа́к (гл.), адзначанага толькі як ‘спружыноўка’ побач з трапач ‘тс’ (рас., Шатал.), што можа разглядацца як форма з метатэзай ад трапаць (гл.); дзеяслоў тырпа́чыць ‘рэзаць, шаткаваць’ (Ян.), зафіксаваны ў іншай мясцовасці, пры трыпачыць ‘апрацоўваць зямлю спружыноўкай’ (рас., Шатал.) сведчыць на карысць такога паходжання. Дапускае магчымасць пры пачатковай змене к > т, напр., *карпачык ад карпаць 2 ‘укараціць’ (гл.) або іншамоўны ўплыў — ад’ідэацыя іншых слоў, параўн. тур. tırpan ‘серп, каса’, гл. і наступнае слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жэ́ўжык ’свавольнік, гарэза’. Рус. дыял. кур., зах., паўд., смал. же́вжик ’невялікі, але рухавы чалавек’, же́вжик ’вяртлявы, рухавы чалавек’, ’верабей’, ст.-укр. з 1651 г. (Хрэст.). Усх.-слав. жартаўлівае (Булахоўскі, Нариси загального мовознавства, 1959, 108) слова можа быць узведзена да прасл. формы *žьv‑, што чаргуецца з *živ‑ (гл. жывы і жвавы). Супрун, Бел.-польск. ізал., 126. У слове жэўжык другое ж, відаць, у той ці іншай меры адлюстроўвае ўплыў першага ж, а значыць, можа разглядацца як рэдуплікаванае, што для жартаўлівага слова цалкам зразумела. Суфікс ик (> ‑ык) часта выкарыстоўваецца для назваў асоб.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыкако́шыць ’прыбіць, забіць’ (карэліц., Нар. сл.; ваўк., Сл. ПЗБ). Да незафіксаванага *како́шыць, якое ўзыходзіць да прасл. *kokošiti (< *kokošь ’курыца; певень’) з шэрагам значэнняў, сярод якіх, аднак, семантыка, звязаная з ’біць’, адзначаецца толькі ў рускіх дыялектах, параўн. уладз. прикоко́шить ’пабіць, набіць’, калуж. ’забіць на мяса, зарэзаць’. Верагодна, сюды ж прыкуко́шыцца ’прыладзіцца’ (шальч., Сл. ПЗБ) з дысімілятыўнай варыятыўнасцю першага пераднаціскнога кораня і таксама да дзеясл. *како́шыць < *kokošiti, але з семантыкай (далейшым яе пашырэннем), якая адлюстравалася ў балг. коко́ша се ’ўсаджвацца, як квактуха’, славац. kokosiť sa ’надзьмуцца, натапырыцца’, што можа разглядацца як беларуска-славацка-балгарская ізалекса.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Непрылю́дны ’нелюдзімы’ (міёр., Нар. сл.), няпрылю́дны ’тс’ (Сл. ПЗБ), нэпрылю́дны ’непрыемны, няветлівы, дзіклівы’ (Полес. этнолингв. сб., 10), непрылю́дак ’маўклівы, дзікаваты чалавек’ (мядз., Нар. сл.), ’нелюдзень’ (Жд. 1). Можа разглядацца як недакладная беларуска-сербахарвацкая ізалекса, параўн. серб.-харв. неуљудан човек, якому адпавядае зах.-палеск. нэпрылюдна людына (Талстыя, Полес. этнолингв. сб., 10), што, аднак, не дае падстаў для рэканструкцыі адпаведнага праславянскага слова. Хутчэй за ўсё, самастойнае ўтварэнне на базе спалучэння пры людзе > прылюдна, як рус. при народе > принародно ’яўна, на вачах у людзей’, якое магло ўзнікаць у розныя перыяды ў асобных славянскіх мовах, параўн. дакладны адпаведнік славен. nepriljuden ’маўклівы, няветлівы, нелюдзімы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Празу́ка ’разумнік’ (Нас.), празу́х ’тс’ (Нас.), празукавтпы ’разумны, кемлівы’ (Нас.), празу́куваты ’прабіўны’ (мсцісл., Падлужны, вусн. паведамл.). Рус. пск., смол., маск. прозу́ка ’прайдоха, прайдзісвет’. Не можа разглядацца асобна ад азу́ка, азукаваты ’спрытны, жвавы’ (гл.), якое Мартынаў (SlW, 68; ЭСБМ, 1, 97) узводзіць да зух (гл.). Тады празух, відаць, з прыст. пра‑ (гл.), параўн. прадзіва ’цуд, дзіва’, пранеслух, а празука, улічваючы фанетыку рускага слова, відаць, ад *празукаваць па мадэлі пройда, праныра і г. д. Тапароў (Балтийские яз., 45) рус. маск. прозу́ка, прозу́кий ’спрытны, пранырлівы, прайдоха’ ўзводзіць да літ. zùiti ’снаваць, шныраць, бегаць’ (*pra‑zu(i)‑k‑). Паходжанне слова застаецца няясным, асабліва ў словаўтваральным плане.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тлен 1 ’тленне, гніенне, распад, разбурэнне’, ’прах’ (ТСБМ, Гарэц.), тлень ’гніль; знікомасць, нікчэмнасць’ (Нас., Байк. і Некр.). Можа разглядацца як скарочаная форма аддзеяслоўнага назоўніка тле́нне (тле́ньне) ’гніенне, прэнне, гарэнне без полымя’ (Ласт.) ад тлець (гл.), аднак слабая засведчанасць у народнай мове схіляе да думкі аб пранікненні з ц.-слав. тлѣнъ ’прах’, параўн. у Скарыны тление, тлененъ ’спарахнелы’ (Сл. Скар.) са ст.-слав. тьлѣньнъ ’знікомы, зямны’.
Тлен 2 ’кісларод’ (Байк. і Некр.), тлён ’тс’ (Некр. і Байк.), сюды ж тле́ньнік ’вокіс’ (Байк. і Некр.). Запазычана з польск. tlen ’кісларод’, наватвора XIX ст. ад tleć (гл. наступнае слова).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Наўз- (наўс‑) у прыслоўях тыпу наўздагон ’следам’, наўзбоч ’збоку’, наўскрыж ’накрыж’, наўскасы ’наўкос, коса’ і пад., сінанімічных адпаведным прыслоўям з на- або уз‑ (ус‑), параўн. наўздагон/уздагон, наўскрыж/накрыж і пад., часам мае тое ж значэнне, што і прэфіксальны комплекс наў- (гл.) у прыслоўях, параўн. наўдагон, наўкры́ж і інш. У многіх выпадках можа разглядацца як вынік кантамінацыі аднакарэнных прыслоўяў з на- і уз‑ (ус‑): надоўж × уздоўж = наўздоўж, накрай × ускрай = наўскрай, пры гэтым створаны ўмовы для фарміравання комплексу наўз‑ (наўс‑), які ў далейшым стаў ужывацца незалежна ад наяўнасці адпаведных прыслоўяў або паралельна з імі, параўн. наўзрост ’навыраст’ (ТС), наўспрамік ’напрасткі’ (Янк. Мат.) і г. д.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
На́ба ’добра што’ (слуц., Сержп.: нава яшчэ скора хамянуўся), на́ба і на́бо ’тс’ (Янк. 1, мазыр., Шн. 3, 412; жытк., Арх. ГУ), на́бе і на́бо ’добра што; паколькі’ (ТС), на́бу ’дзякаваць богу, на шчасце’ (драгіч., З нар. сл.); параўн. рус. арханг. на‑б, якое Даль тлумачыць ’надобы, надобе, надо’, што можа разглядацца як магчымая этымалагічная версія: на́ба з на́даба ’патрэба, своечасовасць’, на́бе з на́добе, на́бу з на́добу і пад., параўн. славац. nábe, nadbe, nadbä ’патрэбна’, якое Махэк₂ (387) разглядае як русізм. Гл. на́дабі, даба́. Відаць, не звязана з на бах ’акурат, якраз’ (Арх. Федар.) і серб.-харв. nàbas ’прыгожы, харошы’, якое Скок (3, 496) выводзіць з na bas ’хуткім крокам’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Суда́к 1 ’рыба сямейства акунёвых, Lucioperca lucioperca L.’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС, Меер Крыч.; полац., З нар. сл., Жыв. св.). Укр., рус. су́дак, ст.-рус. судокъ, польск. sandacz, sędacz (XVI ст.), чэш. candát, дыял. sandát. Махэк₂ (81) рус. і ўкр. словы лічыць запазычаннямі з польскай. Брукнер (481) польскае выводзіць з ням. Zander, с.-н.-ням. sandāt. Аднак н.-в.-ням. Zander, паводле Клюге-Гётце (702 і наст.), Беке (JF, 52, 138), само запазычана са славянскага. Каламіец (Рыбы, 113–117) прыходзіць да высновы пра славянскае паходжанне назвы, якая павінна разглядацца як субстратная з няяснай этымалогіяй, што ўзгадняецца з меркаваннямі Махэка (там жа) адносна “праеўрапейскага” паходжання слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)