Празу́ка ’разумнік’ (Нас.), празу́х ’тс’ (Нас.), празукавтпы ’разумны, кемлівы’ (Нас.), празу́куваты ’прабіўны’ (мсцісл., Падлужны, вусн. паведамл.). Рус. пск., смол., маск. прозу́ка ’прайдоха, прайдзісвет’. Не можа разглядацца асобна ад азу́ка, азукаваты ’спрытны, жвавы’ (гл.), якое Мартынаў (SlW, 68; ЭСБМ, 1, 97) узводзіць да зух (гл.). Тады празух, відаць, з прыст. пра‑ (гл.), параўн. прадзіва ’цуд, дзіва’, пранеслух, а празука, улічваючы фанетыку рускага слова, відаць, ад *празукаваць па мадэлі пройда, праныра і г. д. Тапароў (Балтийские яз., 45) рус. маск. прозу́ка, прозу́кий ’спрытны, пранырлівы, прайдоха’ ўзводзіць да літ. zùiti ’снаваць, шныраць, бегаць’ (*pra‑zu(i)‑k‑). Паходжанне слова застаецца няясным, асабліва ў словаўтваральным плане.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)