Сядаві́ць ’садзіць’ (Сцяшк.), сядаві́цца ’сядаць, садзіцца’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ), сядовэ́тыся ’тс’ (кам., Сл. ПЗБ), седаві́цсе (siedawicsie) ’тс’ (Федар. 1). Каўзатыў ад сядаць (гл.) са значэннем ’прапанаваць сесці; рабіць так, каб нехта сеў’, параўн. адносіны ставіць і стаяць (гл.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад садавіць ’дапамагаць, прапанаваць сесці’ (гл.), для якога дапускаецца запазычанне з польскай, што нельга выключыць па лінгвагеаграфічных прычынах, аднак магчымы і другасны каўзатыў ад саджаць, садзіць, гл. Да словаўтварэння параўн. ст.-бел. седовати, седывати ’паседжваць’ (Сл. Скар.), суфікс якіх перадаваў шматкратнасць дзеяння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)