ЭКАНО́МІКА ДАБРАБЫ́ТУ,
галіна эканам. тэорыі, што вывучае метады такой арганізацыі дзейнасці, якая забяспечвае максімізацыю эканам. дабрабыту. У ёй найчасцей выкарыстоўваюцца ацэначныя меркаванні: пра тое, што неабходна вырабляць; якая вытв-сць павінна быць арганізавана найперш; якім чынам павінны быць размеркаваны даходы і маёмасць на гэты час і ў будучым і інш. Эканамісты-класікі (гл. Класічная школа палітэканоміі) трактавалі карыснасць як вымераны ўзровень задавальнення спажыўцоў. Найб. просты яе крытэрый распрацаваў В.Парэта, які сцвярджаў, што любое перамяшчэнне рэсурсаў, якія выклікаюць змену структуры выпушчаных тавараў або іх размеркавання сярод спажыўцоў, можа разглядацца як «паляпшэнне», калі яно прыносіць людзям нейкую выгаду (па іх уласнай ацэнцы), не прычыняючы нікому страты. Н.Кэлдар і Дж.Хікс прапанавалі альтэрнатыўны крытэрый (прынцып кампенсацыі): любыя эканам. змены павінны разглядацца як выгадныя тады, калі ў выніку іх тыя, хто атрымлівае выгаду, гіпатэтычна маглі б кампенсаваць страты тых, каму яны прычынены. Апрача распрацоўкі крытэрыяў дабрабыту некаторыя эканамісты (напр., П.Самуэльсан) імкнуліся пабудаваць функцыю грамадскага дабрабыту, якая б магла стаць інструкцыяй па ацэнцы таго, ці будзе адна эканам. сітуацыя лепшая або горшая за другую. Функцыя грамадскага дабрабыту можа разглядацца як функцыя дабрабыту кожнага спажыўца. Гл. таксама Неакласічная эканамічная тэорыя.
т. 18, кн. 1, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРОНТ ХВА́ЛІ,
пярэдні край адзіночнай ці абмежаванай хвалі, які аддзяляе ўзбураную частку асяроддзя (поля) ад неўзбуранай. Распаўсюджванне хвалі адбываецца ў напрамку нармалі да Ф.х. і можа разглядацца як рух Ф.х. праз асяроддзе. Фронт працяглых (у часе і ў прасторы) хваль — тое, што хвалевая паверхня.
т. 16, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАБІЯСФЕ́РА (ад літа... + біясфера),
частка біясферы, якая займае верхнія слаі зямной кары (кару выветрывання).
Звычайна да 8—10 м (максімальна да 6 км у вадзе нафтаносных слаёў). Асн. маса арганізмаў у Л. сканцэнтравана ў слоі глебы да глыбіні каля 1 м. Паняцце «Л.» можа разглядацца таксама як вобласць пашырэння жывых арганізмаў па трэшчынах, падземных вадаёмах або як вобласць біягенных асадкавых парод («былых біясфер» паводле У.І.Вярнадскага).
т. 9, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТЭХНАЛО́ГІЯ (ад бія... + тэхналогія),
сукупнасць метадаў і прыёмаў атрымання карысных прадуктаў з дапамогай біял. агентаў. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці біялагічна актыўных рэчываў, прэпаратаў для аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб, у біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў (біяфільтры) і інш. Аснова біятэхналогіі — дасягненні біяфізікі, біяхіміі, мікрабіялогіі, малекулярнай біялогіі, генетыкі і інш. Уключае таксама навукова-тэарэт. абгрунтаванне такіх метадаў і прыёмаў і ў гэтым плане можа разглядацца як адзін з практычна значных кірункаў біял. навукі, звязаны адначасова з вырашэннем мед., с.-г. і інш. праблем (фармацэўт. прам-сць, мікрабіял. сінтэз, інтэнсіўная жывёлагадоўля і інш.).
т. 3, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІЧЫНЯ́ ў матэматыцы,
колькасная характарыстыка матэрыяльных аб’ектаў, з’яў, працэсаў, іх прыкмет і адносін; адно з асноўных матэм. паняццяў, змест якога мяняўся з развіццём матэматыкі. Паходзіць ад першапачатковага выяўлення колькасных адрозненняў аднародных паняццяў (даўжыняў, плошчаў, аб’ёмаў і інш.), якія можна параўноўваць паміж сабой і выконваць з імі арыфметычныя дзеянні. Разам з паняццямі лік, мноства, функцыя і інш. можа разглядацца як канкрэтнае ўвасабленне філас. катэгорыі колькасці. У залежнасці ад спосабу выражэння велічыні з дапамогай пэўнай колькасці сапраўдных лікаў і яе геаметрычнай інтэрпрэтацыі адрозніваюць скаляры, вектары і тэнзары. Тэрмін «велічыня» выкарыстоўваецца таксама як сінонім паняцця фізічная велічыня.
А.І.Болсун.
т. 4, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІ́НКАВАЕ, асобнае, індывідуальнае,
філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае існаванне адносна асобных у прасторы і часе рэчаў, з’яў, працэсаў з індывід. якаснай і колькаснай акрэсленасцю. Выяўляе тое, што ўласціва толькі гэтаму аб’екту і адрознівае яго ад іншых. У якасці адзінкавага можа разглядацца не толькі асобны прадмет, яго ўласцівасці ці прыкмета, але і цэлы іх клас, калі яны бяруцца як нешта адзінае. Адзінкавае непарыўна звязана з агульным. Любая рэч індывідуальная ў параўнанні з іншымі, разам з тым у пэўных адносінах валодае агульнымі з імі ўласцівасцямі. Улік катэгорыі адзінкавага ў метадалогіі пазнання праяўляецца ў пераходзе ад адзінкавага праз асаблівае да агульнага, заканамернага.
А.А.Лазарэвіч.
т. 1, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯДЭГРАДА́ЦЫЯ (ад бія... + дэградацыя),
працэс раскладання матэрыялаў, рэчываў або аб’ектаў у навакольным асяроддзі пад уздзеяннем жывых арганізмаў (пераважна мікраарганізмаў); адзін з асн. энергет. працэсаў у экасістэме. Біядэградацыя мае месца пры нейтралізацыі забруджванняў прыроднага асяроддзя і утылізацыі адмерлых рэшткаў жывёл і раслін, у раскладанні быт. і прамысл. адходаў, ачыстцы сцёкавых водаў. Негатыўны бок біядэградацыі — біякарозія некаторых матэрыялаў. Зрэдку ў паняцце біядэградацыі ўключаюць працэсы распадання пад уздзеяннем непажаданых біягенных фактараў арган. часткі біягеацэнозаў (фіта- і зоацэнозаў). У больш шырокім паняцці тэрмінам біядэградацыя вызначаюць усякае агульнае пагаршэнне структуры біягеацэнозу; у гэтым сэнсе біядэградацыя можа разглядацца як састаўная частка і адзін з элементаў дэградацыі прыроды.
т. 3, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЫХА́Д (араб. літар. намаганне),
адно з асн. паняццяў у ісламе і адзін з гал. рэліг. абавязкаў мусульман-мужчын. У сярэдневякоўі азначала ўзбр. змаганне з нявернымі (немусульманамі) у імя пашырэння (захавання) мусульм. ўплыву ў свеце («свяшчэнная вайна», або газават ці фатх). Пазней Дж. стаў разглядацца як духоўнае ўдасканаленне ісламскіх вернікаў праз іх пэўныя намаганні (пераадоленне чалавечых слабасцей і шкодных звычак, пакаранне злачынцаў і парушальнікаў маральных нормаў). У гісторыі мусульм. краін ідэя Дж. выкарыстоўвалася для ўзмацнення рэліг. пачуццяў вернікаў (нярэдка ў форме фанатызму) і згуртавання насельніцтва ў час унутр. і знешніх войнаў, у т. л. нац.-вызв. паўстанняў. Часам лозунгам Дж. імкнуцца абгрунтаваць свае дзеянні тэрарысты-мусульмане.
У.С.Кошалеў.
т. 6, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІЧАСЦІ́ЦЫ,
элементарныя ўзбуджэнні, з дапамогай якіх у статыстычнай фізіцы апісваюць станы вадкасцей і цвёрдых цел. Напр., кванты гукавых ваганняў крышталічнай рашоткі (фаноны), кванты спінавых хваль у ферамагнетыках (магноны). Маюць цэлы або паўцэлы спін. Паводзіны К. вызначаюцца законамі квантавай механікі.
Паняцце «К.» ўзнікае ў сувязі з квантава-мех. апісаннем калектыўнага руху атамаў у рэчыве (іх нельга атаясамліваць з рэальнымі часціцамі). Паводле карпускулярна-хвалевага дуалізму элементарныя ўзбуджэнні можна апісваць як К., якія рухаюцца ў целе і маюць пэўныя энергіі, імпульсы і спіны. Пры нізкіх т-рах узбуджаныя станы цела апісваюцца невялікім лікам устойлівых К., якія слаба ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і іх сукупнасць можа разглядацца як ідэальны газ.
Л.І.Камароў.
т. 8, с. 206
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЭРА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1929,
пагадненні па ўрэгуляванні канфлікту паміж Італіяй і папствам з-за «Рымскага пытання». Падпісаны 11.2.1929 Б.Мусаліні і кардыналам П.Гаспары. Складаліся з асн. дагавора, фін. канвенцыі і канкардату. У дагаворы Італія прызнавала каталіцызм «адзінай дзярж. рэлігіяй» у краіне, згаджалася на стварэнне на тэр. Рыма папскай дзяржавы — Ватыкана, прызнавала за святым прастолам права дыпламат. зносін з інш. дзяржавамі. Абвяшчалася, што «горад Ватыкан заўсёды і ва ўсякіх выпадках будзе разглядацца як тэрыторыя нейтральная і недатыкальная». Паводле фін. канвенцыі, Італія абавязвалася выплаціць Ватыкану 1750 млн. італьян. лір. Канкардат вызначаў правы і прывілеі італьян. каталіцкай царквы. Асн. дагавор дзейнічае дагэтуль. У 1984 Італія і Ватыкан зацвердзілі новую рэдакцыю канкардату, паводле якой абмежаваны прывілеі італьян. каталіцкай царквы.
т. 9, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)