Наў- у прыслоўях тыпу наўбе́жкі ’бягом’, наўго́н ’наўздагон’, наўдага́д ’наўгад’, наўкруг ’кругом’, наўкры́ж ’накрыж’ і пад. Звычайна па значэнню адпавядае прыстаўкам на- ці ў‑ і выкарыстоўваецца як іх семантычны эквівалент, параўн. паўпрамік//напрамік; наўшчэнт//нашчэнт//ушчэнт; наўкруг//укруг, або з’яўляецца «пустым» элементам, параўн. наўпроціў//проціў. У многіх выпадках утварэнні з наў‑ могуць разглядацца як вынік кантамінацыі прыслоўяў з пачатковымі на- і y‑, што, відаць, і стварыла ўмовы для ўзнікнення названага прэфіксальнага комплексу, параўн. напрамую × упрамую = наўпрамую; накася́к × укася́к = наўкася́к і г. д. Параўн. наўз-.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)