Ту́ча ‘вялікая хмара’ (Ян.; брасл., Сл. ПЗБ), ‘хмара’ (Гарэц., Ласт., Бяльк., Брасл. сл., Федар. 4, Сл. ПЗБ), ‘дажджавая хмара’ (зэльв., маст., паўд.-палес., віц., усх.-маг., усх.-гом., ЛА, 2): вышла да сіняя туча з‑пад цёмнага бору (паст., Песні нар. свят), ‘залева, праліўны дождж’ (ТС), ‘навальнічная хмара з маланкай’: Kab ciebe … lichaja tucza ŭbiła! (ваўк., Федар. 4), ‘граданосная хмара’: ту́ча кажуць, ек град (КСТ), ту́цы ‘хмары’ (гарад., ЛА, 2); ту́чка ‘светлая хмарка ў пагодлівы дзень’ (шарк., талач., касцюк., ЛА, 5), ту́чкі ‘воблачнасць несуцэльнага характару’ (Інстр. 1), ст.-бел. туча ‘хмара’, тученосный ‘які нясе хмары’: ильꙗ тоученосный ѡблакъ (ГСБМ); сюды ж тучы́на, тучынка ‘хмарка’ (Нас.); ту́чышча ‘вялікая хмара’ (Юрч. СНЛ), тучы́сты ‘праліўны’ (ТС), ту́чанне (ту́чыньня) ‘хмаранне’ (Юрч. СНЛ), ту́чыцца ‘хмарнець’ (Нас.), ‘хмарыцца’ (Юрч., Мат. Гом.), ту́чыць ‘тс’ (Юрч. Сін.); перан. ту́ча ‘вялікая колькасць чаго-небудзь (аваднёў, птушак, варон)’ (в.-дзв., дзятл., ЛА, 1; глыб., брасл., Сл. ПЗБ); магчыма, сюды і параўнанне як ту́ча ‘вельмі тоўсты’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ту́ча ‘густая цёмная хмара’, ‘вялікая колькасць’, ‘грымоты з дажджом’, ‘праліўны дождж з градам’, ‘вецер, бура са снегам’, дыял.вясёлка’, рус. ту́ча ‘хмара’, стараж.-рус. ту́ча ‘дождж’, ‘бура’, ‘хмара’; польск. tęczaвясёлка’, каш. tącz(a) ‘залева’, палаб. tǫ́co ‘хмара’, н.-луж. tycaвясёлка’, в.-луж. tuča ‘хмара з бурай’, tučel, tučałkaвясёлка’, славен. tóča ‘град’, серб. ту̏ча, харв. tȕča ‘тс’, ст.-слав. тѫча ‘дождж, залева, снег’. Прасл. *tǫča (< *tǫk‑ja) ‘дажджавая, навальнічная, градавая хмара’, роднаснае літ. tánkus ‘густы, часты’, ‘шчыльны, дзябёлы, тугі’, ст.-інд. tanákti ‘сціскае, збівае разам’, авест. taxma‑ ‘храбры, моцны’, арм. t‘anjr ‘густы’, ірл. técht ‘загуслы’, гоц. þeiƕo ‘гром’ < і.-е. *ten‑k‑ ‘сцягвацца, збірацца, збівацца’ < і.-е. *ten‑ ‘цягнуць, валачы’; першапачаткова *tęča‑ ‘збітая маса’ > ‘сабраная ў хмару’ і іншыя пераносныя значэнні (Фасмер, 4, 129; Брукнер, 570; Скок, 3, 517— 518; Борысь, 630; ЕСУМ, 5, 688). Як варыянт індаеўрапейская аснова падаецца ў выглядзе *temk‑ ‘рабіцца цвёрдым, згушчацца’ (Покарны, 1068; Сной, 769; ESJSt, 16, 973: тут крытыка версіі пра сувязь з *tukъ, гл. тук1, падрабязней Жураўлёў, Язык и миф, 340). Зводку ранейшай літаратуры гл. у Арол, 4, 122–133.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Вясе́лік1, палес. вэсэ́лык ’журавель, Grus grus L.’ (Дразд.), укр. веселик ’тс’ — табуістычная «назва жураўля, якую трэба ўжываць тады, калі жураўлі прылятаюць, вясною, каб не журыцца цэлы год» (Грынчанка, 1, 141). Магчыма, гэта проціпастаўленне народнай этымалогіі лексемы вясна, якая звязваецца з лексемай вясёлы, у прыватнасці з яе значэннямі ’здаровы, радасны, ясны, каляровы, сонечны, асветлены, з буйной расліннасцю, які радуе багаццем, буйнасцю і г. д.’ Тое ж адносна наступных слоў: вяселік2, вяселік3. Сюды ж высё́лык ’эўфемістычная назва жураўля, заўважанага першы раз у гэтым годзе’ (Клім.).

Вясе́лік2 ’смаржок, Gyromitra (Helvella) esculenta’ (Янк. I); ’красавіковы грыб смаржок’ (КТС, К. Цвірка). Відавочна, да вясна (гл.) *вясеннік > вяселік. Магчыма, аднак, што назва была матывавана знешняй незвычайнасцю; параўн. весялуха5 і ўкр. весе́лка воню́ча ’грыб Phallus impudicus’. Аднак славац. veseliarky ’Armillariella mellea, асенні апенак’.

*Вясе́лік3, вэсэлыквясёлка’ (іван., ДАБМ). Утворана ад veselъ і суф. ‑ikъ. Названа, паводле шматкаляровасці, якая весяліць, радуе вока чалавека. Параўн., аднак, вясёлка1, весялу́ха2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Павіту́ха1 ’жанчына, якая дапамагае пры родах’ (ТСБМ, Шат., Сл. Брэс.). Рус. повиту́ха, укр. повиту́ха, польск. дыял. powitucha ’тс’. Усходнеславянскае (польск., мабыць, з беларускай). Ад павіць з суф. ‑ucha. Старажытнасць словаўтварэння (параўн. SP, 1, 75) сведчыць калі не аб праславянскім, то аб дастаткова старым паходжанні слова. Параўн. таксама Фасмер, 3, 294.

Павіту́ха2 ’пустазелле сямейства павітухавых’ (ТСБМ), ’фасоля, якая ўецца’ (Жд. 2). Рус. повиту́ха ’павітуха, бярозка’. Да павіць < віць з суф. ‑уха (гл. Мяркулава, Очерки, 107 і наст.).

Павіту́ха3вясёлка’ (Сл. Брэс.). Адзінкавая рэгіянальная назва вясёлкі. Бясспрэчна, утворана ад павіты < павіць з суф. ‑уха (параўн. іншыя назвы вясёлкі: весялуха, мецʼелуха, парадуха і г. д. — гл. Талстой, ОЛА, 974, 29 і наст.), але матывацыю назвы вызначыць цяжка. Магчыма, гэта метафара да павітуха2, таму што вясёлка «лезе, караскаецца па небу»; не выключана, што семантыка гэтай лексемы асноўвалася і на ўяўленні аб нечым звітым, мнагаслойным. Аддаленай семантычнай паралеллю тут магла б служыць лексема пояс з рознымі вызначэннямі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрын ’кій’ (Сцяшк.), ’кіёк, дручок’ (Сцяц.), ’палка’ (Сл. паўн.-зах.). У слоўніку Трубачова (Эт. сл., 5, 145) бел. слова адсутнічае. Параўн. рус. дыял. дрын, укр. дыял. дрін ’тс’. Паводле Трубачова, там жа (у Фасмера, Бернекера гэтых слоў няма), магчыма, да і.-е. *drūno‑ (ад і.-е. *dru‑ ’дрэва’); параўн. ст.-інд. druṇa‑ ’лук (зброя)’, перс. durūna ’дуга, вясёлка; лук’; першапачатковае значэнне ’драўляны’ (гл. яшчэ Трубачоў, ВЯ, 1975, № 1, 135). Няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́даўніца1 ’памінальны дзень’ (ТСБМ, Др.-Падб., Рам. 8, Касп.), ’гандлёвы дзень у аўторак на Фаміным тыдні’ (віл., Яшк. Мясц.), ра́дуніца ’памінальны тыдзень’ (Бяльк.), ра́дульніца (Ян.), ра́доница, ра́дуница ’тс’ (Нас.), раданіца ’тс’ (Гарэц., Рам. 8), ра́доўніца ’тс’ (ТС), ст.-бел. радуница (1522 г.), рус. ра́дуница, дыял. радуни́ца, ра́довница, ра́дошница, ра́дунки ’радуніца’, радуни́ца ’Фаміны тыдзень’ ’вясёлка’, ст.-рус. радуница. Збліжаюць з рад, тлумачачы з першапачатковага ’свята радаснага памінання памерлых на Вялікдзень у сувязі з уваскрасеннем Хрыста’ (Фасмер, 3, 431), параўн. рус. дыял. Христов день ’радаўніца’. Няпэўна. Малаверагодным падаецца збліжэнне з род, якое грунтуецца на рус. дыял. выразе родителки ’памінальны дзень’, родитель ’памерлы сваяк увогуле’ (Патабня, РФВ, 1, 84). Праводзячы паралелі паміж славянскім і літоўскім язычніцкім абрадам галашэння над памерлымі, які на мяжы Літвы і Беларусі існаваў да пачатку XX ст., Лаўчутэ (Балтизмы, 127–129) даводзіць, што назва ра́даўніца ўтворана на аснове літ. дзеяслова raudóti ’галасіць’, ’моцна плакаць’, raudìne ’малітва з плачам і галашэннем за памерлых’, параўн. суфіксальныя варыянты raudė́ti, raudáuti ’плакаць’, ’галасіць’. Перамяшчэнне дыфтонга ‑аў‑ з першага на другі склад магло адбыцца пад уздзеяннем славянскага рад, з якім славяне пачалі збліжаць незразумелую для іх назву, што сумніўна, гл. Анікін, Опыт, 261. Малаверагодна вывядзенне з незафіксаванага грэч. *ροδωνια ад ροδον ’ружа’ (Дзясніцкая, Слав. языкозн., IX, 92), гл. Жураўлёў, Язык и миф, 393.

Ра́даўніца2вясёлка’ (Мат. Гом.). Ад ра́ды, радавацца (гл.) па ўзору вясёлка (гл.).

Радаўні́ца ’беспарадак’: у яе вечная радаўніца (капыл., Жыв. сл.). Няясна, магчыма, ад ра́даўніца1 — ’перадсвяточнае прыбіранне’? (сувязь з рад, парадак здаецца незразумелай у словаўтваральным плане).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́нчыць ‘кленчыць, настойліва прасіць, дамагацца просьбамі’ (Скарбы). Няясна; параўн. фармальна і семантычна блізкае рус. наўг. те́нжить, те́ншить ‘надакучваць, кленчыць, настойліва прасіць’, якое Фасмер (4, 42) выводзіць з польск. tążyć, tężyć ‘тужыць, сумаваць па кім-небудзь’ (гл. тужыць), што з арэальнага пункту гледжання падаецца сумнеўным. Мажліва, дзеяслоў працяглага дзеяння ад гукапераймальнага тэнкаць (гл.) або роднасны польск. stękać ‘стагнаць, скардзіцца’ з рухомым s (гл. стэнкаць). Народнаэтымалагічнай сувяззю з апошнім Федароўскі (Федар. 1, 249) тлумачыў табуізаванне запазычанага тэнча і замену яго словам вясёлка для пазбягання праклёну kab ty cięły wiek stenkaŭ, гл. таксама Астроўскі, Зб. памяці Слаўскага, 522.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луна́1 ’зарава’ (Бес.), у выразе: хадзіць па луне ’быць лунацікам’ (віл., Сл. ПЗБ), луна́ ’рэха’ (Растарг.), ’маладзік’ (добруш., Бел. хр. дыял.). Укр. луна́ ’водбліск, зарава’, ’рэха, водгулле’, рус. луна́ ’месяц’, ’водбліск на небе’, ’промень святла’, ’асветленае праменямі святла неба’, паўд. ’рэха’; польск. łuna ’водбліск моцнага святла, вялікага агню’, ’святло’, ’вясёлка’, ’чырвонае неба’, ’чырвань на шчоках’, каш. łu̇na, łǫna ’чырвань агню’, палаб. lau̯nǝ, lai̯nǝ ’месяц’, чэш. і славац. (паэтыч.) luna, ст.-чэш. luna ’промень, святло, бляск’, ’месяц’, славен. lúna ’месяц’, młȃdạ, pȍu̯nạ łȗnạ ’маладзік’, серб.-харв. чак. lunȁ, дуброўн. lȗnaвясёлка’, макед. (паэтыч.) луна і серб.-харв. лу́на ’месяц’, балг. луна́ ’тс’, ст.-слав. лоуна ’тс’, ц.-слав. ’святло месяца’. Прасл. luná ’бляск, водбліск’, ’месяц’, ’вясёлка’, якому адпавядаюць: ст.-прус. lauxnos ’свяцілы’, лац. lux ’святло’, lūna ’месяц’ (у больш старажытным напісанні losna), авест. raōχšmā‑ ’святло, бляск’, ст.-ірл. lūan ’тс’, ’месяц’, ст.-грэч. λευκός ’светлы’, λύχνος ’свяцільнік, ліхтар’, ст.-в.-ням. liehsen ’ясны’, арм. lusin ’месяц’, тах. lukśanu ’які свеціцца’. І.‑е. праформа *louk‑s‑nā ’свяціла’, ’якая свеціцца’ суадносіцца з дзеясловам *leuk‑/*louk‑ (Бернекер, 745; Фасмер, 2, 533; Слаўскі, 5, 308–311; Мее, Études, 130, 442, 444; Скок, 2, 330–331; Махэк₂, 344; БЕР, 3, 509–510; Аткупшчыкоў, Из истории, 234). Мартынаў (Балта-слав.-іт. ізагл., 30) мяркуе, што прасл. luna з’яўляецца інфільтрацыяй іт. louksnā на зах.-балт. арэале.

Луна́2 ’ленасць, гультайства, нерухавасць’ (КЭС, лаг.). Да лунь3 ’гультай’ (гл.). Магчыма, тут назіраецца пэўны ўплыў на семантыку з боку лексем лунацік, хадзіць па луне́.

Луна́3 ’невялікая хмарка’ (гродз., бяроз., Сл. ПЗБ), ваўк. лунёк ’хмарка’ (там жа). Першапачаткова было лунь (ці ⁺лунъ), а жаночы род з’явіўся пад уплывам лексемы хмара (а, магчыма, і луна ’водбліск’), параўн. лунь, лунёк ’невялікая дажджавая хмара’ (віл., Жыв. сл.), ’здань, прывід’, луні́ ’кучаравыя воблакі’ (віл., Нар. лекс.), лунь ’белы балотны туман’ (ТСБМ). Названа паводле бела-шэрага колеру, бледнага водбліску. Генетычна да лупа́1 (гл.). Сюды ж луні́сты ’хмарны’ (віл., Сл. ПЗБ).

Луна́4 ’незарослае вадзяное месца ў балоце, якое адсвечваецца’ (зах.-бел., Яшк.). З лума́ > лу́міна (гл.). Відавочна, сема ’водбліск’ і вызначыла фіналь, аформіўшы яго ў ‑на, як ⁺луна́ (гл. луна́1), якое зафіксавана ў в.-дзв. гаворках у мн. ліку: луны́ ходзюць ’блішчаць, пераліваюцца, льсняцца’ (Сл. ПЗБ). Параўн. таксама лу́нка, лу́нька (гл.).

Луна5 ’няшчасце, бедства’ (Шат.). Генетычна роднаснае да укр. лун, лунь у выразе лу́на пійма́ти ’памерці’, рус. луна́ ’смерть’ і, магчыма, да балг. лу́на ’моцны вецер з віхром’, лу́на і лу́ня ’бура’ (Дурыданаў, Болг. русистика, 1979, 4, 32–34), а таксама чэш. кіёўск. luňák ’хуткі вецер’. Утвораны пры дапамозе старога суфікса ‑на (< прасл. ‑na) ад асновы лу‑, якую Буга (Rinkt, 2, 373), Фасмер (2, 533), разглядаючы рус. луна́ ’смерць’, бачаць у роднасных літ. lavónas і liavónas ’труп’, liáujuosi gyvenęs, прус. au‑laũt ’памерці’, liáutis, paliáuti ’спыняць’, лат. ļaũt ’дапускаць, дазваляць’; сюды ж прасл. lěviti: укр. ліви́ти ’слабець’, чэш. leviti ’палягчаць’; гоц. lēwjan ’аддаваць на што-небудзь’. Сюды ж лу́нуць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ключ1 ’прылада для замыкання і адмыкання замка’ (ТСБМ, Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк., Бяльк., Янк. II, КЭС, лаг.), ’палка для замыкання дзвярэй’ (Шушк.). Укр. ключ, рус. ключ, ст.-рус. ключь ’тс’, ст.-слав. ключь, балг. ключ, макед. клуч, серб.-харв. кљу̑ч, славен. kljúč ’тс’, польск. klucz, чэш. klíč, славац. kľúč, в.-луж. klúč, н.-луж. kluc, палаб. klʼauc ’тс’. Да прасл. kluka. Суфіксацыя ‑jь фарміруе вытворныя імёны м. р. ад прыметнікаў яшчэ балта-славянскага перыяду (гл. Мартынаў, Праслав. дерив., 22). Таму можна меркаваць аб прыметніку *kluk‑jь ’гакападобны’, ад якога семантычным шляхам утварылася klučь.

Ключ2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, Янк. II, Тарнацкі, Studia). Гл. ключ1.

Ключ3 ’крыніца, струмень вады, які б’е з зямлі на дне крыніцы, калодзежа, на беразе ракі, у возеры’ (Яшк., Жд. 2, Сл. паўн.-зах., Маш.). Параўн. ст.-рус. ключь ’тс’. Наяўнасць паўднёваславянскіх паралелей для гэтага значэння (серб.-харв. кљу̑ч ’струмень вады’) сведчыць аб яго яшчэ праславянскай старажытнасці. Неабавязкова таго ж паходжання, што і ключ1 (гл.), але іншай надзейнай версіі няма.

Ключ4 ’чарада птушак (гусей, жураўлёў і пад.), якія ляцяць клінам’ (ТСБМ, Сержп., ТС), ’натоўп людзей’ (Ян.). Гл. ключ1.

Ключ5 ’панскае ўладанне, вялікі двор, які падзяляўся на фальваркі або засценкі’ (Яшк., Гарб.). Да ключ4 (гл.).

Ключ6вясёлка’ (ДАБМ). Да клюка1 (гл.) у адпаведнасці з формай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вёдра ’добрае надвор’е (Інстр. II). Укр. ве́дро ’яснае надвор’е’, рус. вяц. вёдрецо, арханг. ве́дрие, смал., пск. ведри́на ’яснае сонечнае надвор’е’, ст.-рус. ведро ’тс’ (з XII ст.); ’гарачыня, спякота, засуха’ (з XII ст.), ст.-польск. wiadro, wiodro (з XV ст.) ’спякота, гарачыня’, н.-польск. wiadro ’надвор’е, стан паветра’, каш. vʼodro ’надвор’е, паветра’, палаб. vedrü ’надвор’е’; ’сонца’, н.-луж., в.-луж. wjedro ’надвор’е’, чэш. vedro ’спякота, гарачыня’, славац. уст. vedrný, vedro ’яснае надвор’е’, славен. védro, vedrína ’тс’, vę̑drtiaвясёлка’, серб.-харв. ве̏дро, ведрѝна ’яснае, сонечнае надвор’е’, макед. ведорница, ведрина ’тс’, балг. ведрина, ведринка, ведрост ’тс’, ведър ’ясны, бясхмарны (аб надвор’і)’, ст.-слав. ведро ’добрае надвор’е’. Прасл. vedro з’яўляецца старым адпрыметнікавым назоўнікам. У балтыйскіх адпаведніках, паводле Скока, 3, 572, адсутнічае пачатковае v‑ (< і.-е. u̯e‑); параўн. літ. gaidrùs giẽdras ’ясны, светлы’, лат. gẽdrs, skaidrs ’ясны’. Праабражэнскі (1, 69) аспрэчвае роднасць балтыйскіх лексем да слав. vedro. Славянска-германская ізалекса звычайна інтэрпрэтуецца як звязаная з і.-е. *u̯e‑ і ўтвораная пры дапамозе суф. *‑dhro; параўн. таксама ст.-ісл. veðr ’вецер, паветра, надвор’е’, ст.-в.-ням. wetar, н.-в.-ням. Wetter ’надвор’е’, англ. weather ’надвор’е, ветранае надвор’е; шторм’. Гл. Міклашыч, 377; Праабражэнскі, 1, 69; Брукнер, 622; Голуб-Копечны, 410; Фасмер, 1, 284; Шанскі, 1, В, 84; КЭСРЯ, 72; Скок, 3, 572; БЕР, 1, 127–128. Аднак прагерм. weðra суадносіцца са ст.-грэч. (Ϝ)έτος ’год’, δυσ‑ετηρία ’дрэннае надвор’е’, ст.-інд. vatsaraḥ ’год’ і інш. Калі гэта так, тады прасл. vedro трэба лічыць запазычаннем з герм. (Мартынаў, Лекс, взаим., 56–58). Махэк₂ (681) суадносіць vedro з (s)vęd‑ ’сушыць цяплом, сушыцца, вянуць’, магчыма, сюды ст.-польск. wiądro (?), аднак цяжка звязаць з гэтым коранем прасл. vedro без назальнага ‑e‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мала́нка1, маля́нка ’разрад атмасфернай электрычнасці ў паветры ў выглядзе яркай звілістай лініі, бліскавіца’ (ТСБМ, Мал., Маш., Федар., Сцяшк., Нас., Яруш., Шат., Касп., Бяльк.; ДАБМ, к. 311); мала́ння, мала́нья, маланя́, мылыня́ (віц., ДАБМ, к. 311; Касп., Сл. ПЗБ, Растарг.), мсцісл. мылыньня́ (Нар. сл.), чачэр. мала́йня, карм. мала́ння ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. молоння́, рус. молонья́, мо́лонье, молоньё, мола́нья, пск. мола́нка, ст.-рус. мълния, млънии, мълънии, молния, молиня, палаб. mā́uńa, каш. måłńå, чэш. mlna, mlno, mluno, славен. mółnja, серб.-харв. му́ња, макед., балг. молна, молня, мълния, ст.-слав. млънии. Прасл. mъlni ’маланка’ мае і.-е. адпаведнікі ў ст.-прус. mealde ’тс’, літ. mulna, лат. milna ’молат Пяркуна’, літ. milinỹs ’жорны’, ст.-ісл. muln ’агонь’, Mjǫllnir ’маланка, молат Тора’, уэльск. mellt ’маланка’, хецк. malatt ’від зброі’. Лексема мае міфалагічны характар. Параўн. бел. казкі, дзе Малання, Маладня — імя царыцы-маланкі, а маланка ў бел. вераваннях (як і ў ведыйскіх) — гэта зброя Перуна, подобная да двух камянёў жорнаў, у выніку трэння якіх узнікае гром-маланка (Іванаў, Тапароў, Бел. лекс., 59). Гл. маладня́.

Мала́нка2вясёлка’ (петрык., Талстой, АЛА–1974, 58) у выразе: маланка воду бярэ. У выніку семантычнага пераносу.

Мала́нка3 ’мыльнік, Saponaria officinalis L.’ (Сцяшк. Сл.), мыльня́нка ’тс’ пад уплывам маланка1 (перанос значэння паводле падабенства: мыльнік цвіце чырвонымі кветкамі). Гл. мыльнік1.

Маланка́ ’пусты чорны арэх’ (Маш.), маланчу́к, маланкавы арэх ’тс’ (маст., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), палес., беласт. маланчу́к ’спарыння, Claviceps purpurea L.’ (Выгонная, Бел.-укр. ізал., 21). Да мала́нка1 (гл.). Назвы ўзніклі ў сувязі з вераваннем, згодна з якім маланка спальвала арэхі, зерне ў коласе. Аналагічна каш. måłńå апрача ’маланка’, ’туман’ яшчэ і ’зараза’, г. зн. ’шкоднікі-вусеніцы на дрэвах’, ’чорныя плямы на бульбе’, з’яўленне якіх звязваецца са шкодным уплывам маланкі на ўраджаі (Папоўска–Таборска, Бел.-польск. ізал., 103).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)