Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯСЁЛКА»,
штомесячны дзіцячы літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаецца з крас. 1957 у Мінску на бел. мове. Друкуе апавяданні, вершы, казкі бел. пісьменнікаў, пераклады, загадкі, рэбусы, галаваломкі, песні бел. кампазітараў для дзяцей. Мае рубрыкі: «Наша спадчына», «Урок цікавых сустрэч», «Мой сябар» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЁЛКА (Phallus),
род грыбоў з групы парадкаў гастэраміцэтаўсям. вясёлкавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў лясных зонах зямнога шара, асабліва ў тропіках і субтропіках. На Беларусі трапляецца вясёлка звычайная (Phallus impudicus). Сапратроф, але можа ўтвараць грыбакорань (мікарызу) з дубам, букам, некат. кустамі (напр., ляшчынай). Расце на глебе адзіночна або невял. групамі ў маладых лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—кастрычніку. Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Пладовае цела спачатку замкнёнае белаватае або жаўтаватае, паўпадземнае яйцападобнае (т.зв. «чортава яйка») дыям. 5—7 см з тоўстым коранепадобным міцэліяльным цяжам каля асновы, укрытае трохслаёвай абалонкай (перыдыем). З узростам абалонка разрываецца, пладовае цела выцягваецца ў шчыльную губчатую пустую ножку (рэцэптакул) даўж. да 30 см з ячэйкавай шапачкай даўж. 3—4 см наверсе, якая ўкрыта слоем аліўкава-зеленаватай слізі з рэзкім пахам падлы, што прываблівае насякомых, якія разносяць споры. Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне («земляное масла») як процірэўматычны і проціпухлінны сродак Малады грыб ядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЁЛКА, радуга,
аптычная з’ява ў атмасферы ў выглядзе адной, дзвюх або некалькіх рознакаляровых дуг на небасхіле. Назіраецца, калі Сонца (радзей Месяц) асвятляе дажджавую заслону на процілеглым баку неба. Абумоўлена пераламленнем, адбіццём і дыфракцыяй святла ў кроплях вады. Колеры вясёлкі — гэта колеры сонечнага спектра. Вуглавы радыус дугі асн. вясёлкі каля 42°, яна афарбавана па вонкавым краі ў чырвоны, па ўнутраным у фіялетавы колеры. У дадатковых вясёлках, якія могуць быць вышэй ці ніжэй, паслядоўнасць колераў адваротная. Вясёлкі назіраюцца таксама ў пырсках вадаспадаў, фантанаў і інш. На Беларусі бываюць у любую пару года, акрамя зімы, найб. у маі і жніўні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Радуга, гл.Вясёлка
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТКО́ЎСКАЯ (Вераніка Рыгораўна) (н. 5.6.1957, Мінск),
бел. мастак. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1982). Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва, графікі, жывапісу. Выканала люстры для кафэ «Вянок» (1984), вітраж і люстры для кафэ «Церамок» (1986), вітражы «Сонца» і «Вясёлка» для Нац. цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (1992; усе ў Мінску). Сярод графічных работ: «Каляды ў бабулі» (1987), «Развітанне», «Сон» (абедзве 1989); жывапісных — «Вянчанне», «Ноч», «Узрушанне» (усе 1991), «Вецер», «Двое» (абедзве 1993), «Бабульчына гарышча», «Пад час чытання Евангелля», «Раніца» (усе 1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЫЗА́ЦЫЯ (ад грэч. iris вясёлка),
каляровы водбліск на гранях і плоскасцях спайнасці некат. мінералаў (напр., кальцыту, лабрадору, апалу) пры праходжанні святла. Выклікана субмікраскапічнымі арыентаванымі часткамі розных металаў. Назіраецца таксама на краях т. зв. ірызуючых воблакаў (высокакучавых або слаіста-кучавых, часам перламутравых), якія знаходзяцца з боку ад Сонца, але не закрываюць яго. Звычайна можна распазнаць чырвоныя і зялёныя колеры. З’ява І. воблакаў тлумачыцца дыфракцыяй святла ў воблачных кропельках.