аптычная з’ява ў атмасферы ў выглядзе адной, дзвюх або некалькіх рознакаляровых дуг на небасхіле. Назіраецца, калі Сонца (радзей Месяц) асвятляе дажджавую заслону на процілеглым баку неба. Абумоўлена пераламленнем, адбіццём і дыфракцыяй святла ў кроплях вады. Колеры вясёлкі — гэта колеры сонечнага спектра. Вуглавы радыус дугі асн. вясёлкі каля 42°, яна афарбавана па вонкавым краі ў чырвоны, па ўнутраным у фіялетавы колеры. У дадатковых вясёлках, якія могуць быць вышэй ці ніжэй, паслядоўнасць колераў адваротная. Вясёлкі назіраюцца таксама ў пырсках вадаспадаў, фантанаў і інш. На Беларусі бываюць у любую пару года, акрамя зімы, найб. у маі і жніўні.