ФАЛЯ́ЛЬНЫЯ (Phallales),

парадак гастэраміцэтавых грыбоў. 2 сям., 20 родаў, каля 75 відаў. Пашыраны ў лясах пераважна трапічных зон. Глебавыя лясныя сапратрофы. На Беларусі 1 від — вясёлка звычайная (гл. Вясёлка).

Пладовыя целы акруглыя, закрытыя, фарміруюцца на міцэліі. Знешні слой абалонкі (перыдый) шчыльны, перапончаты, унутр. — студзяністы. У абалонцы ўтвараецца рэцэптакул — пладаносец. Ён выносіць на адлегласць да 30 см спелыя базідыяспоры, якія знаходзяцца ў слізістай масе з характэрным непрыемным пахам для прываблівання насякомых.

С.​І.​Бельская.

т. 16, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)