Заняпа́д ’упадак’. Укр. занепа́д ’тс’. Параўн. рус. бранск., смал., кур., арл. занепасть ’зрабіцца слабым, хваравітым’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *занепадати, *занепад + ти > *занепасти. Складанасць у сумяшчэнні значэння кораня (пад‑) і кампанента не-, якое дае ’не падаць’, што не адказвае сапраўднаму значэнню слова (прэфікс за‑ азначае пачатковы этап ці завяршэнне дзеяння, а таму ў гэтых разважаннях неістотны); параўн. рус. за‑не‑мочь. Калі ўлічыць наяўнасць рус. варонеж., бранск., кур., уладз., ярасл., кубан. занапастить(ся) ’мець напасці, г. зн. непрыемнасці; знікнуць, замучыць, страціць’, відаць, трэба ўводзіць слова да *занапасти, у якім потым адбылася ўзмацняючая народна-этымалагічная замена на > не: *занепасти.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́пан ’фартух’ (Жд. 2, Мат. Гом.), запо́н, запо́нка ’тс’ (Мат. Гом.). Рус. дыял. за́по́н ’фартух’, укр. запо́на ’заслона; пакрывала; засцежка; перашкода’, польск. zapona ’засцежка, заслона’, чэш. zápona, zápon ’засцежка, заслона’, славац. zápona ’засцежка, фартух’, славен. zapòn, zapȏna ’засцежка’, серб.-харв. за́пон(а) ’засцежка; затрымка’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *zapenti (> zapęti) з чаргаваннем e/о. Za‑pę‑tі — прэфіксальнае ўтварэнне ад pęti (гл. пяць2, апона). Варыянты націску ў рус., бел. звязаны з наяўнасцю ці адсутнасцю дзеяння закона Шахматава ў розных дыялектах. Форма запо́нка мае суфікс ‑к‑a, утворана пазней ад запона. Фасмер, 2, 78; Брукнер, 645.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заро́к ’абяцанне не рабіць што-н.’ Рус. заро́к, укр. зарі́к, заро́к ’тс’, серб.-харв. за́рок ’спрэчка, заклад’. Ст.-слав. зарокъ ’устанаўленне’. Ст.-рус. зарокъ ’запаведзь, урок, папрок, тэрмін’. Параўн. ст.-слав. зарещи ’забараніць, загадаць’. Утворана як назоўнік на ‑ъ ад зарекати з чаргаваннем галоснага, магчыма, у ст.-слав. мове, адкуль у ст.-рус. (> рус., укр., бел.), дзе развіваецца менавіта ст.-слав. значэнне ў адрозненне ад серб.-харв., дзе значэнне ’забарона’ архаічнае. Не выключана і самастойнае развіццё ўсх.-слав. слоў на што можа ўказваць рус. дыял. зарок ’фізічны недахоп у чалавека, жывёлы’; параўн. парок. Шанскі, 2, З, 60. Параўн. папрок, рэч, урок.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здуду́ліцца ’скурчыцца’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. тул. издудо́лить ’высмактаць, змучыць’, славац. zdudliť ’скурчыць’, zdúdliť sa, zdudliť sa ’скурчыцца’. Параўн. рус. дыял. дудо́лить(ся) ’піць, ссаць многа, доўга’, славац. dudlať ’выдаваць гукі булькання’, ’мармытаць’, рус. смал. дудо́ля ’дзіця, што яшчэ ссе’. Насуперак Фасмеру (1, 550) звязана, відаць, з дуда (гл.) (якое ў дыялектах мае значэнне ’соска’ (кур.) звязана з рус. дыял. дудить ’доўга і многа смактаць’), з суф. ‑уля/уль (Сцяцко, Афікс. наз., 67) ад дзеяслова ўтвараецца назоўнік *дуд‑уля/*дуд‑уль, на базе гэтага дзеяслоў *дудуліць, адкуль з прэфіксам з‑ (< jьz‑) *здудуліць ’выссаць’ > ’зрабіць скурчаным’, адкуль здудуліцца ’скурчыцца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зме́на ’прамежак часу’ (ТСБМ), ’зменнае поле’, ’здрада’ (Нас.), рус. сме́на, укр. змі́на, польск. zmiana ’змяненне’, ’прамежак часу’, чэш. změna ’змяненне’, славац. zmena ’тс’, славен. zmȇna ’дамоўленасць, размова, гульня; змяненне’, серб.-харв. сме̏на ’змяненне; змена’, балг. смя̀на ’тс’, макед. смена ’тс’. Параўн. ст.-рус. съмѣнити ’змяніць’ (1331 г.), измѣнити ’змяніць’ (1076 г.), ’здрадзіць’ (1076 г.), измѣна ’змяненне’, ’замена’, ’здрада’ (XI ст.). Параўн. серб.-луж. změnić, změniś ’змяніць’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова змяняць, у якім кантамінаваліся дзве прэфіксальныя формы: sъ‑měnʼati і jьz‑měnʼati; першае значэнне ад першай, інш., асабліва апошняе, верагодна, ад другой. Але магчыма, што значэнне ’здрада’ з рус. Корань měn‑ гл. мена.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пато́м1, потым, драг. пото́м ’але, але ж, усё ж, аднак, а ўсё ж’ (Янк. 1, Шат., Сл. ПЗБ; докш., Янк. Мат.), ’потым’ (Шат., Янк. 1). Укр. по́тім, рус. пото́м, польск. potym, луж. pótym, potymzo н.-луж. potu, чэш. potom, poté, славац. potom, poton, potemáj, славен. potém, серб.-харв. по̀том, балг. потем. Прасл. potomь, утворанае з po і М. скл. займенніка to ’тое’ (ESSJ, SG, 2, 578). Бел. паты́м — кантамінаваная форма з патом і польск. potym. Сюды ж патомны ’будучы’ (Касп.).

Пато́м2 ’стамленне’ (Касп.). Аддзеяслоўны назоўнік. Да па‑таміцца ’стаміцца’, як патоп ад патапіцца і да таго пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыда́ча ’тое, што дададзена, прыдадзена; прыбаўленне да цаны’ (ТСБМ, Мік., Др.-Падб., Нас., ТС), пры́дача ’прыдача, удача’ (Байк. і Некр.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад прыда́ць. Сюды ж вытворныя прыда́члівы ’шчаслівы, удачлівы; які мае асаблівы нораў’ (Нас.), прыда́чны ’ўдалы, удачны; выгадны’ (Нас., Байк. і Некр., Янк. 1). Таксама да гэтага гнязда другасны вытворны назоўнік прыда́ка ’ўдачнік; удалы, зухаваты; неўтаймоўны, непадобны характарам на родных’ (Нас., Байк. і Некр.) з далейшым зрухам семантыкі — ’выпадак; нечаканасць’ (Нас.). У апошнім выклікае цікавасць не зусім яснае (адваротнае) чаргаванне ‑ч‑/‑к‑, якое, магчыма, выклікана пераасэнсаваннем формы слова пры субстантывацыі. Верагодна, усх.-слав., параўн. рус. прида́ча, прида́чливый ’здольны, умелы; спрытны’, укр. прида́ча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыду́ха ’стан вады (нястача ў ёй кісларода) пад лёдам, калі гіне рыба; замор’ (Янк. 3.; рагач., Сл. ПЗБ; Крыв., ТС), ’незамерзлае месца на рацэ’ (Бяльк.), ’незамерзлае месца на рацэ, куды збіраецца рыба’ (Ян.). Бяссуфіксны назоўнік ад прыдушы́ць з “адваротным” чаргаваннем у фіналі асновы, прэфіксальнае да душы́ць (гл.). Параўн. рус. дыял. приду́ха ’нястача кіслароду ў вадаёме пад лёдам’, ’адтуліна ў лёдзе, дзе збіраецца рыба ў пошуках прытоку паветра’, укр. приду́ха ’недахоп кіслароду (у тым ліку і ў вадзе)’, палес. приду́ха ’палонка; вада, што ў час адлігі з’яўляецца на рэчцы’, польск. przyducha ’недахоп паветра пад лёдам’ (калі гэта не запазычанне з усх.-слав.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спаку́са ‘спакушэнне, прынада’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр.). Параўн. укр. споку́са ‘тс’. Аддзеяслоўны назоўнік ад спакусі́ць ‘прывабіць, схіліць, прынадзіць’ (Касп., Сержп.) паводле польск. skusić ‘тс’ і pokusa ‘прынада’, што да kusić з першасным значэннем ‘каштаваць, браць пробу’ < прасл. *kusiti, параўн. укр. скуси́ти ‘прынадзіць, прывабіць’, рус. искуси́ть ‘паспрабаваць, даведацца’, ‘схіліць’, чэш. zkusiti ‘паспрабаваць, выпрабаваць’, славац. skúsiť ‘тс’, н.-луж. skušyś ‘спрабаваць’, серб.-харв. ìskusiti ‘паспытаць, выпрабаваць’, балг. изкуся́ ‘тс’, макед. искуси ‘тс’, ст.-слав. искоусити ‘тс’, што ўзыходзіць да *jьzkusiti, дзе u (насуперак Брукнеру, 235) мае першасны характар, паколькі *kusiti з’яўляецца агульнаславянскім запазычаннем з гоц. kausjan (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 318; ЭССЯ, 13, 135).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ста́раста ‘выбраны або прызначаны ў абшчыне, арцелі; адказны класа, гурту і пад.’ (ТСБМ, Бяльк., Рам. 3), ‘сват на вяселлі’ (пін., Шатал.), ста́руста ‘тс’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. староста ‘службовая асоба, якая кіравала паветам у ВКЛ’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ста́роста, рус. ста́роста ‘тс’, польск., в.-луж. starosta ‘стараста абшчыны’, славац. starosta ‘тс’, чэш. starosta ‘правадыр, начальнік’. Параўн. яшчэ стараж.-рус. староста ‘стары; старшыня; стараста; кіраўнік, эканом’. Прасл. *starosta. Да стары; гл. Фасмер, 3, 747; Брукнер, 514; Махэк₂, 574; Борысь (575) мяркуе, што першапачаткова гэта быў абстрактны назоўнік на ‑ostь: *starostь, які потым перайшоў у катэгорыю назоўнікаў на ‑а тыпу слуга, ваявода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)