Назоўнік 2/224, 225; 7/377—378; 9/558; 11/211

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗО́ЎНІК,

знамянальная часціна мовы, якая характарызуецца грамат. значэннем прадметнасці. Н. абазначаюць канкрэтныя прадметы, жывых істот, абстрактныя паняцці, рэчывы, апрадмечаныя дзеянні, якасці, уласцівасці, працэсы, з’явы і інш. Паводле значэння падзяляюцца на агульныя («горад», «паэт») і ўласныя («Васіль», «Свіцязь»), адушаўлёныя («чалавек», «мыш») і неадушаўлёныя («вецер», «мора»), асабовыя («мужчына», «патрыёт») і неасабовыя («неба», «алень»), канкрэтныя («стол», «год») і абстрактныя («воля», «слава»), зборныя («моладзь», «крылле»), рэчыўныя («лён», «хлеб»). Значэнне прадметнасці могуць набываць інш. самаст. і службовыя часціны мовы (гл. Субстантывацыя). Н. мае: род — мужчынскі («горад»), жаночы («вёска»), ніякі («сяло»); л і к — адзіночны і множны («сад — сады»); склон — назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны. У бел. мове бываюць Н. агульнага роду («сірата»), Н., якія ўжываюцца толькі ў адзіночным («трысцё») або множным ліках («нетры»); у дыялектах захаваліся рэшткі парнага ліку («дзве вярбе», «дзве вядрэ») і клічнай формы («браце», «сынку»). Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення. Нешматлікія Н. рознаскланяльныя («імя», «дзіця») і нязменныя («таксі», «калібры»), Утвараюцца афіксальным (суфіксальным: «касец», «паляшук»; прэфіксальным: «прыгарад», «нядоля»; прэфіксальна-суфіксальным: «падпечак», «пралеска»); бязафіксным («кліч», «сон») спосабамі, асноваскладаннем («крыгаход», «вадаспад»), абрэвіяцыяй («калгас», «БДУ») і інш. Могуць уступаць у сэнсава-сінтакс. сувязі з інш. словамі ў сказе і ўтвараць адпаведныя тыпы словазлучэнняў. У сказе найчасцей выконваюць ролю дзейніка, дапаўнення ці прыдатка, радзей — выказніка, акалічнасці, азначэння.

Літ.:

Жыдовіч М.А. Назоўнік у беларускай мове. Ч. 1. Адзіночны лік. Мн., 1969;

Наркевіч А.І. Назоўнік: Грамат. катэгорыі і формы. Мн., 1976;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАФО́РМЫ (ад гама... + лац. forma форма, вонкавы выгляд, абрыс),

словы, якія ў асобных граматычных формах супадаюць гучаннем і напісаннем, але не супадаюць значэннем. Амаформы могуць быць словамі той самай або розных часцін мовы, напр., «горы» (назоўны склон мн. л. назоўніка «гара») і «горы» (месны склон адз. л. назоўніка «гора»), «кліч» (назоўнік) і «кліч» (дзеяслоў загаднага ладу), «вусны» (назоўнік) і «вусны» (прыметнік) і інш.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯТКО́ВЫ ДРОБ,

дроб, назоўнік якога ёсць цэлая ступень ліку 10. Звычайна запісваюць без назоўніка, аддзяляючы ў лічніку справа коскай (часам кропкай) столькі лічбаў, колькі нулёў у назоўніку, напр., ​785/10 = 78,5; ​4/100 = 0,04. У Еўропе Дз.д. увёў нідэрл. вучоны С.​Стэвін (1584), у Расіі — Л.​П.​Магніцкі (1703).

Пры такім запісе Дз.д. лічбы злева ад коскі азначаюць цэлую частку дробу. Звычайны дроб, назоўнік якога мае здабытак ступеней лікаў 2 і 5, можна пераўтварыць у канечны Дз.д. (напр., ​1/5 = 0,2), а калі ёсць і інш множнікі — у бясконцы перыядычны (​8/15 = 0,53333...). Ірацыянальныя лікі запісваюцца бясконцымі неперыядычнымі Дз.д. (π = 3,1415926...).

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРОБ у арыфметыцы,

лік, які змяшчае адну ці некалькі доляў (роўных частак) адзінкі. Абазначаецца сімвалам ab (або a/b), дзе a — лічнік, які паказвае колькасць доляў адзінкі, падзеленай на столькі частак, колькі паказвае (называе) назоўнік b (a і b) — цэлыя лікі). Д. a/b можна таксама разглядаць як вынік дзялення ліку a на лік b; калі a дзеліцца нацэла на b, то дзель — цэлы лік (напр., 6/3 — 2; 28/7 — 4), калі не дзеліцца — дробавы (напр., 3/7; 20/12).

Д. ab наз. правільным, калі a < b, і няправільным, калі a > b. Няправільны Д. можна запісаць у выглядае сумы цэлага ліку і правільнага Д. (змешаны лік); для гэтага патрэбна лічнік падзяліць з астачай на назоўнік, напр., 67 13 = 5 13 + 2 13 = 5 + 2 13 = 5 2 13 . Множанне і дзяленне Д. выконваюць па правілах: a b c d = a c b d ; a b : c d = a d b c , суму (рознасць) Д. ab і cb з аднолькавымі назоўнікамі — па правілах a b ± c b = a ± c b . Д. ab не зменіцца, калі лічнік і назоўнік памножыць на адзін і той жа лік, адрозны ад нуля. Таму Д. ab і cd можна прывесці да агульнага назоўніка (замяніць на роўныя ім Д. з аднолькавымі назоўнікамі, звычайна роўнымі найменшаму агульнаму кратнаму b і d). Калі лічнік і назоўнік маюць агульныя множнікі, Д. можна надаць нескарачальны від, напр., 1435 — скарачальны ( 14 35 = 2 7 5 7 = 2 5 ) , а 2584 — нескарачальны Д. Гл. таксама Дзесятковы дроб, Дробавая і цэлая часткі ліку.

А.​А.​Гусак.

т. 6, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗНАЧЭ́ННЕ ў граматыцы,

даданы член сказа, які паясняе словы з прадметнымі значэннямі, называючы прыкмету прадмета (яго якасць, форму, памер, матэрыял, адносіны да інш. прадметаў і г.д.). У бел. мове азначэнні падзяляюцца на дапасаваныя (сінтаксічная сувязь — дапасаванне, сродкі выражэння — прыметнік, дзеепрыметнік, займеннік, лічэбнік: «зялёная ялінка», «бацькава парада», «неадасланае пісьмо», «нашы сябры», «трэці год») і недапасаваныя (сінтаксічная сувязь — прымыканне, сродкі выражэння — назоўнік ва ўскосных склонах часам з прыназоўнікам, займеннік, інфінітыў, прыслоўе, а таксама словазлучэнні розных тыпаў: «дом восем», «дарога бацькоў», «дзяўчынка з бантам», «яе клопат», «імкненне вучыцца», «паварот налева», «стары высокага росту»). Асобная форма азначэнняў — прыдатак.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМЕТРЫ́ЧНАЯ ПРАГРЭ́СІЯ,

паслядоўнасць лікаў, кожны з якіх атрымліваецца з папярэдняга множаннем на пастаянны лік q≠0 (назоўнік геаметрычнай прагрэсіі). Напр., 2, 8, 32, ..., q=4. Калі q>1 (q<1), геаметрычная прагрэсія наз. нарастальнай (спадальнай), пры q<0 — знакачаргавальнай. Агульны (n-ны) член вылічаецца па формуле an=a1q​n−1. Калі ўсе члены геаметрычнай прагрэсіі дадатныя, то кожны з іх (акрамя 1-га) роўны сярэдняму геаметрычнаму (адсюль назва) сваіх бліжэйшых суседзяў. Суму першых n членаў геаметрычнай прагрэсіі вылічаюць па формуле Sn=a1(1−q​n)/(1−q). Бясконцая геаметрычная прагрэсія пры |q|≥1 разбягаецца.

т. 5, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШТА́Б (ням. Maßstab ад Maß мера, памер + Stab палка),

адносіны даўжыні лініі на чарцяжы, плане ці карце да даўжыні адпаведнай лініі ў натуры. Адрозніваюць: лікавы М. — дроб, у якім лічнік 1, а назоўнік паказвае, у колькі разоў паменшаны адлюстраваныя памеры; лінейны М. — графік для пераводу даўжынь, якія вымяраюцца на карце, у адпаведныя адлегласці на мясцовасці (падзеленая на роўныя адрэзкі прамая лінія з подпісам, што паказвае даўж. лініі ў натуры); галоўны — М. мадэлі эліпсоіда або шара, адлюстраванага на плоскасці; прыватны — М. у пэўным пункце па пэўным напрамку, які адрозніваецца ад галоўнага ў выніку скажэнняў, абумоўленых картаграфічнай праекцыяй.

т. 10, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫДО́ВІЧ (Марыя Андрэеўна) (19.10.1906, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.11.1977),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1958), праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1938). Працавала ў Ін-це мовазнаўства АН Беларусі (1946—59), БДУ (1943—46, 1959—77). Даследавала гісторыю бел. мовы і бел. гаворак. Аўтар працы «Назоўнік у беларускай мове» (ч. 1, 1969), адзін з аўтараў кніг «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Марфалогія», «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (абедзве 1957), бібліягр. паказальніка «Беларускае мовазнаўства (1825—1965)» (1967), рэдактар «Матэрыялаў для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак» (вып. 1—3, 1970—77).

Н.​С.​Мажэйка.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАЛІ́ЧНАСЦЬ,

даданы член сказа, які паясняе словы са значэннем дзеяння або прыкметы, паказваючы на час, месца, прычыну, умову, мэту, спосаб дзеяння, характар выяўлення, інтэнсіўнасць прыкметы. У бел. мове акалічнасці сінтаксічна звязваюцца з гал. словамі пры дапамозе прымыкання і кіравання. Ролю акалічнасці выконваюць прыслоўе («вельмі здольны»), дзеепрыслоўе («разглядаць не спяшаючыся»), інфінітыў («зайсці развітацца»), назоўнік з прыназоўнікам ці без яго («ехаць лесам», «зрабіць насуперак жаданню»), лічэбнік («уваходзіць па аднаму»), а таксама свабодныя словазлучэнні розных тыпаў («важыць тры тоны», «чытаць з ранку да вечара», «апрацаваны з дапамогай новага прыстасавання») і фразеалагізмы («жыць абы дзень да вечара»). У залежнасці ад сінтаксічнага значэння падзяляюцца на разрады — акалічнасці часу, прычыны, умовы, мэты, спосабу дзеяння і інш.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)