Со́плі, со́пля ‘слізь, выдзяленні з носа; смаркачы’ (ТСБМ), со́пель ‘тс’ (Шат.), со́плі ‘соплі’, ‘ледзяшы’ (ТС, Сл. ПЗБ), ‘ледзяшы’ (Сцяшк.), сопе́ль ‘лядзяш’, ‘ёрш’ (ТС), со́пэль, су́пель ‘лядзяш’ (івац., Нар. сл.; ЛА, 2), сапе́ль ‘сопля, лядзяш’ (Нас.). Укр. со́піль, Р. скл. — сопля ‘сопля; лядзяш’, рус. со́пля, стараж.-рус. сопль ‘тс’, польск. sopel ‘сопля; лядзяш’, чэш. sopel, славац. sopeľ, серб.-харв. sopalj ‘нарасць пад дзюбай індыка’, дыял. сопу̀ль ‘сліна’, балг. сопо́л ‘сопля’. Паводле Борыся (567), прасл. *sopъlь, *sopolь дэрыват ад прасл. sopti (гл. сапці) з суф. ‑ъlь, аднак Слаўскі (SP, 1, 111) дэрывацыйную аснову лічыць тут няяснай. Сюды ж адносяць ст.-ісл. safi ‘сок дрэва’, лац. sapa ‘сіроп з вінаграднага сусла’, арм. ham (sapmo‑) ‘сок’, авест. vī‑šāpa‑ ‘той (або тое), што мае атрутныя сокі’. Гл. яшчэ Махэк₂, 567; Фасмер, 3, 719; Скок, 3, 306; ЕСУМ, 5, 355. Меркаванне Астроўскага (ABSl, 29, 151) пра развіццё другаснага значэння ‘лядзяш’ пад польскім уплывам цяжка абгрунтаваць, параўн. балг. со́пови ‘ледзяшы на стрэсе’ (Гераў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ссаць ‘уцягваць у рот, смактаць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Федар. 4, Сл. ПЗБ, Варл., ТС). Укр. сса́ти, рус. соса́ть (пад уплывам слоў со́ска, сос — гл. Фасмер, 3, 725), стараж.-рус. съсати ‘ссаць’, съсъ ‘сасок, грудзі’, польск. ssać, каш. sësac, чэш. sáti, ст.-чэш. ssáti, славац. sať, серб.-харв. са̏ти, си̏сати, славен. sesáti, балг. си́сам, ст.-слав. съсати. Прасл. *sъsati (< *sъps‑ati) ‘ссаць, высмоктваць’, дзеяслоў з прэфіксам *s‑, каранёвая частка якога засноўваецца на паўн.-і.‑е. базе *seu̯‑p‑/*seu̯‑b‑ ад кораня *seu̯‑ ‘сок; выціскаць сок; ссаць, смактаць (сок)’; гл. Борысь, 573–574. Бязлай, 3, 229 праславянскае адносіць да і.-е. *seu̯‑p/b:*sū‑p/b; Фасмер (3, 725–726) і.-е. *su‑p/su‑b лічыць выклічнікам, а славянскі дзеяслоў гукапераймальным; параўн. ст.-інд. súpas ‘поліўка’, ст.-ісл. súpa ‘піць сёрбаючы’, ст.-в.-ням. sûfan ‘тс’. Гл. яшчэ Махэк₂, 538; Сной₁, 563; Скок, 3, 244; Глухак, 549; SEK, 4, 267; ЕСУМ, 5, 388–389.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сто ‘лік і лічба 100’, ‘шмат, вельмі, многа’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. сто ‘тс’. Параўн. укр., рус. сто, стараж.-рус. съто, польск., н.-луж., в.-луж., чэш., славац. sto, серб.-харв. сто̑, славен. stó, балг., макед. сто, ст.-слав. съто. Прасл. *sъto ‘сто’ роднаснае літ. šim̃tas, лат. sìmts, ст.-інд. śatám, авест. satəm, лац. centum, грэч. έκατόν, гоц. hund ‘тс’, якія працягваюць і.-е. *ḱm̥tom ‘сто’. Большасць даследчыкаў лічыць слова спрадвечнаславянскім, але наяўнасць ‑ъ‑ замест ‑ę‑ як вынікае з пазаславянскіх паралеляў, застаецца няяснай. Параўн. прасл. *tysętʼa ‘1000’, з рэгулярным ‑ę‑. Паводле Шахматава (гл. агляд літ-ры ў Фасмера, 3, 761–762), ‑ъ‑ мог развіцца ў алегравых формах тыпу *dъvě stъtě ‘200’. Праславянскую форму тлумачылі таксама запазычаннем з іранскай, дзе праформу ўзнаўлялі як *sutəm ‘сто’. Гл. яшчэ Борысь (578), які спробы разглядаць слова ў якасці запазычання лічыць неабгрунтаванымі. І.‑е. ḱm̥tóm паходзіць ад *deḱm̥ ‘дзесяць’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1358; Глухак, 585.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Страля́ць ‘пускаць стрэлы, кулі, снарады’, ‘забіваць, расстрэльваць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ), стрэля́ць ‘тс’ (ТС, Пятк. 2), страля́ць ‘біць, паліць (пра пярун)’ (Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), ‘гучна лопацца, трэскацца’ (Сл. ПЗБ), сюды ж стрэ́ліць ‘выстраліць’ (ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Байк. і Некр., Стан., ТС), ‘забіць; ударыць’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стріля́ти, рус. стреля́ть, стараж.-рус. стрѣляти, польск. strzelać, в.-луж. třelić, н.-луж. stśelaś, чэш. střeliti, славац. strielať, серб.-харв. стријѐљити, славен. stréljati, балг. стре́лям, макед. стрела. Прасл. *strěliti вытворнае ад *strěla (гл. страла1), з першасным значэннем ‘пускаць стрэлы’; гл. Фасмер, 3, 774; Бязлай, 3, 327. Сюды ж стрэл ‘выстрал’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт.), ‘стральба, страляніна’ (Сл. ПЗБ, ТС), страле́ц ‘стралок; паляўнічы’ (ТСБМ, Пятк. 2, Нар. Гом., Сержп., Сцяшк., Барад., Сл. Брэс.), страллё ‘стрэльба’ (Сцяшк. Сл.), стральба́ (стрѣльба) ‘паляванне’ (віц., Яшк. Мясц.), ст.-бел. стреленье ‘выстрал; адзінка вымярэння адлегласці стрэлу, роўная 60–80 м’ (Ст.-бел. лексікон). Гл. таксама стрэльба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стром ‘спілаванае завіслае дрэва’, ‘схіл страхі’, ‘куча галля’ (ТС), ‘прыстасаванне для лазення на дрэва’ (ЛА, 1), ‘строп страхі’ (узд., ЛА, 5), стро́ма ‘дах’ (Шушк., Сл. Брэс.), ‘круты схіл, абрыў’ (ТСБМ, Гарэц.), страмо́віна ‘выварочанае з коранем дрэва’ (Нар. Гом.). Укр. дыял. стром ‘фруктовае дрэва’, ‘круча’, стрім ‘схіл; тое, што тырчыць угору’, рус. стро́мы ‘кроквы; поручні’, польск. дыял. strom ‘дрэва; фруктовае дрэва’ (ведаць, з чэш., славац.Борысь, 580), чэш., славац. strom ‘дрэва’, старое н.-луж. strom ‘дрэва’, старое серб. стром, харв. strum ‘ствол дрэва’, славен. strȍm ‘тс’, ‘страха над загарадкай для авец’. Прасл. *stromъ ‘тое, што ўзносіцца ўгару, стаіць вертыкальна’, адпрыметнікавы назоўнік ад прым. *stromъ ‘стромкі, круты’ (Борысь, 580) ці паралельны да прыметніка аддзеяслоўны назоўнік ад *strьměti ‘тырчаць, выдавацца’ (Борысь, Etymologie, 181); гл. яшчэ Фасмер, 3, 781 з аглядам літ-ры. Бязлай (3, 332) праславянскае слова лічыць першасным nomen agentis ад дзеяслова *strēmti > прасл. *stręti, *stręnǫ, параўн. застра́ць ‘застрагнуць у праходзе, захраснуць’ (Нас.). Сюды ж строме́ц ‘козлы, якія прыціскаюць салому на вільчыку’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траця́к ‘трэцяя частка чаго-небудзь, траціна’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Шат.), ‘трэцяя частка надзелу зямлі (каля 1 га або 3 дзесяцін)’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ‘чалавек, які меў трэцюю частку надзелу’ (карэліц., Шатал.), ‘трохгадовая жывёліна’ (Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Шат.), ‘трэці рой’ (Сцяшк. Сл.), ‘дзіцячая гульня, галоўная фігура ў гэтай гульні’ (Скарбы), трэця́к ‘трэцяя частка ўраджаю пры арэндзе зямлі’ (ТС, ПСл), трэця́ка, трэйця́ка, трэця́к ‘трохгадовая жывёліна’ (ТС), трацця́к (треццякъ) ‘тс’ (Нас.), трецця́к ‘тс’ (Растарг.), ст.-бел. третякъ, третьякъ ‘трохгадовая жывёліна’, ‘адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў’, третяка ‘жывёліна трохгадовага ўзросту’ (ГСБМ). Суфіксальныя ўтварэнні ад *tretьjь, праславянскі характар сумніўны, магчыма, толькі для слоў са значэннем ‘трохгадовая жывёліна’, параўн. укр. третя́к, рус. третья́к, польск. trzeciak, серб. трѐћак і пад., у сувязі са старажытнай традыцыяй прынясення ў ахвяру якраз трохгадовай жывёлы (Тапароў, Этимология–1977, 11), або для слоў, звязаных з пчалярствам, параўн. значэнне ‘трэці рой’ у паўночных славян, акрамя беларускага укр. третя́к, польск. trzeciak ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тутне́ць ‘пульсаваць, рытмічна адгукацца’: тутніць у жылах кроў (Ластоўскі, Выбр. тв., 210), сюды ж тутно́ ‘пульс’ (Ласт.), ст.-бел. тутно ‘напружанне’ (ГСБМ). Параўн. рус. сіб. ту́тнуць ‘гучаць, адгукацца па зямлі (пра тупат)’, польск. старое tętnieć ‘рытмічна адгукацца, гучаць, разлятацца’, харв. tytnjiti ‘адгукацца гулам’, чак. tytńȉt ‘гудзець’: u glȏvȉ tutńȉ, славен. дыял. tutnéti ‘глуха гучаць’, серб. ту́тњити ‘грукатаць, грымець’, балг. тъ́тна ‘грымець, разлягацца, грукатаць’, радоп. татни́ ‘дрыжыць, трасецца (зямля пры землятрусе)’, макед. татни, татони ‘гудзець, разлягацца гулам’, ц.-слав. тѫтьнѣти ‘грымець, гучаць’. Прасл. *tǫtьneti/*tǫtьnati разглядаецца як вынік рэдуплікацыі кораня, які мае гукапераймальнае паходжанне (Фасмер, 4, 127; Брукнер, 571; Скок, 3, 529; Борысь, 633; Рэйзак, Prasl. dialektizacija, 146), дзеяслоў фармальна блізкі да літ. tutnoti ‘калаціць, таўчы’. Меркаванні Фурлан (Бязлай, 4, 252) пра мажлівасць вывядзення з прасл. *tǫtati і дэвербатыва *tǫtъ ‘гром, шум’ ставяць пад сумненне з-за адсутнасці фіксацыі ў славянскіх мовах адпаведных слоў (ESJSt, 16, 975), параўн., аднак, тут2 ‘мера, ступень’ няяснага паходжання (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тфу — выклічнік, імітуе плявок, пляванне для выказвання абурэння, незадаволенасці, злосці, расчаравання, часам здзіўлення і інш. (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, Пятк. 3, Вруб.): усе яны проціў яго тфу! (Сержп. Прымхі), тху (Пятк. 2), птху (ТС), ту: ту на цябе! (Нас.), цю (тю): тю на тебе! (Растарг.), цьфу (Бяльк.). Параўн. укр. тьху, тьфу, тьфе, тфу, рус. тьфу, тфу, пфу, фу, польск. tfu, pfu; чэш. fuj, pfuj, pfy, pf pff, славац. tfi, pfi,fuj, славен. fȅj, fȕj, серб. фуј, пих, харв. fȕj, балг. фу, тю, макед. па. Гукапераймальныя ўтварэнні, якія перадаюць натуральныя гукі пры дзеянні, што першапачаткова мела культавы характар (Германовіч, Междом., 28). Для ўсх.-слав. тфу, тьфу няма падстаў дапускаць запазычанне, як гэта робіць Арол (4, 127), гл. Норман, IJSLP, 35–36, 176; параўн. у беларускім ідышы tfu, нова-в.-ням., н.-ням. pfui, франц. fi, ісп. puf, англ. fie, грэч. φῦ, φεῦ, лац. , тур. pu, puf (Фасмер, 4, 134; ЕСУМ, 5, 692; Сной₂, 162).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыне́ць ‘тлець, прэць’ (Юрч.), ‘гніць ад сырасці’ (Юрч. Сін.), тыне́нне ‘гніенне, прэласць’ (Юрч. СНЛ), параўн. серб. тѝњати ‘тлець, гарэць’, славен. tínjati ‘тлець’. Беларуска-паўднёваславянская ізалекса, што дае падставы для рэканструкцыі праславянскага дыялектызма *tinʼati ‘слаба гарэць’, звязанага з прасл. *tajati (Куркіна, Этимология–1986–1987, 76; Диал. структура, 153), гл. таяць. Запрудскі далучае сюды сціняці́цца ‘пакрывацца тонкім лядком, замярзаць’, сціняце́ць ‘зрабіцца кволым, змарнець (пра гародніну)’, якія праз стадыю ‘сціскацца’ ўзводзіяцца да *tęti ‘біць, сячы’ (БЛ, 36, 58), параўн. сцінаць, сцяць (ЭСБМ, 13, 99, 112), што, дарэчы, можа быць звязана з *tinati ‘падразаць’ як тэрмінам падсечна-агнявога земляробства, гл. Куркіна, Культура, 67. Верагодна, да названага праславянскага дыялектызма прымыкае па форме балг. дыял. тиня́е ‘прапускае ваду (пра гляняны збанок)’, што ўзводзіцца да *tęti ‘цягнуць’ (Рачава, Этимология-2003–2005, 192). Адносіны паміж названымі паралелямі застаюцца да канца не высветленымі, параўн. сумненні Сноя (Бязлай, 4, 181). Для беларускага дзеяслова не выключана сувязь з тыня, тыніна ‘зараснік, забалочанае месца’, тынь1 ‘ціна, плесень’, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́ркаць1 ‘тыкаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘утыкаць што-небудзь вострае’ (Нас.), ‘саджаць’ (Нас., Юрч. СНЛ), ‘закладаць, насаджваць (снапы ў азярод)’ (рагач., калінк., Сл. ПЗБ), ‘засоўваць (грэбень у валасы)’ (рагач., Сл. ПЗБ), ‘бадзяцца, валэндацца’ (Зайка Кос.), тыркаты ‘поркаць, утыкаць’ (Клундук), ты́ркнуць ‘усунуць, тыкнуць’ (Нас.), ‘паказацца, з’явіцца’ (Сцяшк.), тыркану́цца ‘высунуцца’ (Бяльк.), тырну́ць ‘высунуць, выставіць, паказаць’ (Юрч. СНЛ), сюды ж ты́ркаць нос ‘заглядваць’; утыркну́ць ‘уткнуць’, ‘спешна, на хаду падаць што-небудзь’ (Нік., Оч.) — у сувязі з апошнім параўн. харв. tȓk, серб. тр̑к: у тр̑ку ‘на бягу’, тр̏ка ‘беганіна’. Гукапераймальнае (рухапераймальнае) утварэнне ад тырк ‘штоўх, пыр’ (Нас.), ‘тырк’ (Байк. і Некр.), якое можна супаставіць з літ. tùrk‑terėti ‘штурхнуць’ (Буга, Rinkt., 1, 490). Карскі следам за Шахматавым на фоне ўсх.-слав. *trъk‑ разглядае як выпадак т. зв. трэцяга поўнагалосся (Карскі 1, 258) — экспрэсіўна пераўтворанае то́ркаць (Фасмер, 4, 132). Варбат (Исслед., 64) бачыць у рус. ты́рнуть ‘усунуць’ (пры торкнуць, гл.) ступень падаўжэння рэдукцыі ў дзеясловах на ‑*ati і некаторых дзеясловах на ‑*nǫti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)