Ткані́на ’тканы матэрыял; тэкстыльны выраб’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Вруб.), тканіна́ ’матэрыя, вытканая ў хатніх умовах’ (шчуч., смарг., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Ласт.), тка́ніна ’тс’ (астрав., шальч., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ткани́на ’тэкстыль, тканы матэрыял’, рус. дыял. ткани́на ’тс’, польск. tkanina ’тс’, чэш. tkanina ’тс’, славац. tkanina ’тс’, в.-луж., н.-луж. tkanina ’тс’, славен. tkanina ’тс’, серб.-харв. тка̏нина ’тс’, макед. ткаенина ’тс’. Паводле Махэка₂ (644), новыя спецыяльныя тэрміны ў асобных славянскіх мовах. У народнай мове суф. ‑іна можа ўспрымацца як паказчык адзінкавасці, у сувязі з чым узнікаюць новыя тэрміны для называння тканага матэрыялу, напр. тка́нае ’матэрыя, вытканая саматужным спосабам’ (смарг., Сл. ПЗБ), або як сродак, што ўтварае экспрэсіўныя назвы дзеяння тыпу бегані́на, тузані́на, у сувязі з чым у якасці назвы матэрыялу выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі ад ткаць (гл.): тка́нье, тка́нё, тка́ння ’тс’ (ашм., лід., гарад., шальч., Сл. ПЗБ), тканнё ’агульная назва ўсяго тканага’ (Мат. Маг.), параўн. тка́нне ’ткацтва’ (мсцісл., Жыв. сл.). У аснове слова дзеепрыметнік тка́ны ад ткаць1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)