Тра́п’е — недакладна вызначанае значэнне ’рыззё, лахманы’, параўн. ілюстрацыю: рыба залезе ў гэты закобэнь [закутак], у гэтэ трапʼе (ТС). Параўн. каш. třap ’гразь на дарогах; снег з дажджом’, якое Борысь (SEK, 5, 176) звязвае з *trepati (гл. трапаць 1). Аднак кантэкст і іншыя запісы (КСТ) дапускаюць сувязь і з адпаведнымі паўднёваславянскімі словамі, параўн. балг. дыял. трапйе ’роў, упадзіна’ (Сб. на Бълг. книж. дружество, 1. София, 1901, 16), тапонім Трапьето (Младенов, Принос. към. изучване на бълг. говори в Източна и Западна Тракия. София, 1936, 173), макед. дыял. трапје ’карытападобныя формы на зямлі’ (МЈ, 8, 1, 83), што да балг., макед. трап ’яма, роў’, серб.-харв. тра̏п ’яма для захоўвання гародніны зімой’, славен. trap ’яма’, якія Куркіна (Диал. структура, 31) лічыць паўднёваславянскімі дыялектызмамі і ўзводзіць да прасл. *trapъ/*torpъ (з пытальнікам). У якасці іншаславянскіх адпаведнікаў прыводзяць літ. tar̃pas ’прамежак, шчыліна’ (гл. торп, тарпа), раманскае trabs ’калода’ (Бязлай, Eseji, 83). Гл. таксама трап 1 і наступнае слова.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)