супраціўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Супрацьдзейнічаць насіллю, насільным дзеянням; адбіваць напад. Пан быў такі спалоханы, што нават не супраціўляўся, калі «Салавей» прывязваў яго да дрэва. Бядуля. [Салагуб:] — Я пачаў супраціўляцца, штурхаць .. [паліцыянтаў] рукамі ад сябе і крычаць. Машара. Немцаў выбілі яшчэ толькі з першай лініі, а на другой яны ўпарта супраціўляліся і вялі агонь амаль бесперапынна. Кулакоўскі. // Супрацьдзейнічаць уплыву, уздзеянню каго‑, чаго‑н.; не падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н., не згаджацца на што‑н. Толя, які даўно прывык да бацькоўскіх загадаў старога, больш не супраціўляўся. Брыль. Васіль Дзяцел імкнецца адасобіцца ад эпохі, супраціўляецца жыццю ўпарта, рашуча, да знямогі, але ўсё дарэмна. «Полымя». // Не паддавацца якому‑н. стану, пачуццю, змагацца з якім‑н. станам, пачуццём. Супраціўляцца хваробе. □ Бацькавы вочы пры цьмяным святле лямпы здаліся мне вузенькімі-вузенькімі. Іх мружыў сон, але яны супраціўляліся яму. Сабаленка. Радаваўся [Андрыян Цітавіч], як юнак, свайму пачуццю, але, скрыгочучы зубамі, хаваючы ўсё ў сабе, супраціўляўся яму... Марціновіч.

2. Не паддавацца знешняму фізічнаму ўздзеянню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тану́ць, тану, тонеш, тоне; незак.

1. Апускацца пад ваду на дно пад дзеяннем сілы цяжару. Жалеза тоне. Дрэва не тоне. □ Паведамлялася, што эсмінец вядзе бой з варожымі самалётамі, што эсмінец пашкоджаны і тоне. Кулакоўскі. // Гінуць, паміраць, ідучы на дно. «Нехта тоне, — здагадаўся Валодзька. — Трэба хутчэй ратаваць...» Гамолка. // перан. Гінуць, трацячы жыццёвыя сілы, волю пад уздзеяннем неспрыяльных умоў. Партыя хутка асушыла прышчэпаўскія балоты ў зямельных установах, дзе танула раней любая ініцыятыва, любая добрая задума. Лынькоў.

2. у чым. Апускацца ў што‑н. мяккае, сыпкае, вязкае і пад.; засядаць, вязнуць у чым‑н. Тануць у гразі. Тануць у балоце. □ Пыл на дарозе быў, што прысак, ногі танулі ў ім. Шамякін. // перан. Станавіцца мала прыкметным сярод чаго‑н., закрывацца чым‑н. Крайнія хаты танулі ў густым тумане. Навуменка. Дарога ў маёнтак танула ў кустах чаромхі і бэзу. Хомчанка. / Пра гукі. Бывалі моманты, калі надыходзіў перарыў у громе, і тады чулася стральба кулямётаў дзесьці ў полі, на захад ад горада, пасля зноў усё танула ў выбухах артылерыйскіх разрываў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трах, выкл.

1. Ужываецца як гукаперайманне для абазначэння моцнага адрывістага гуку, трэску. Узмахнула гадзюка Даўжэзным хвастом, Зачапіла палац, Грук і стук, грах і трах. Бядуля.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. трахаць — трахнуць і трахацца — трахнуцца. Прыйшлі яны ў лес, князь і кажа хлопцу: «Лезь на дрэва і паглядзі, ці не відаць адсюль твая хата». Залез той на хвою і крычыць: «Не, не відаць, ясны пане!» — «Ну і не пабачыць табе яе больш», — прамовіў князь і трах са стрэльбы. Хлопец зваліўся на зямлю. С. Александровіч. Двое салдат залазілі на бервяно і пачыналі біць адзін аднаго падушкамі .. Трах, бах падушкай, яшчэ ўдар, і бацька зляцеў з бервяна. Хомчанка.

3. у знач. вык. Разм. Ужываецца для абазначэння якога‑н. нечаканага дзеяння, учынку. Разаля ж — трах! — за капітана Раптоўна выйшла месяцы праз два. Корбан. [Дубель:] — За тое, што зайца забіў, дык ледзь са свету не зжыў [Палын]. Вымову без усяго ўсякага трах з занясеннем у асабовую справу. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сур ’смецце’ (Нас., Гарэц., Бяльк.; бялын., Янк. 3.), ’смецце ў ягадах’ (бых., ЛА, 3), ’насечаныя дробныя кавалачкі дрэва’ (ветк., ЛА, 5), су́рʼе зборн. ’смецце’ (Юрч. Вытв.), сур зборн. ’тс’ (бялын., Янк. Мат.; заўвага ўкладальніка: “ужываецца і смецце, але сур мае больш шырокае значэнне”), суры́нка ’парушынка’ (Бяльк.), су́рный (пра хату) ’засмечаны’ (Нас.), сурану́цца ’ўпасці чаму-небудзь дробнаму’ (Бяльк.), суры́ць (сури́ць) ’рабіць смецце’ (Нас., Гарэц.), ’смеціць, растрасаць рэдка гной’ (Юрч. Вытв.). Няясна; арэальна звязана з рус. сор ’смецце’ (звязваецца са сраць, Фасмер, 3, 720) з няяснай фанетыкай: ‑у‑ першапачаткова ў ненаціскной пазіцыі пры дысіміляцыйным аканні ўсходнемагілёўскіх гаворак; бел. сур было запазычана як польск. дыял. sur ’тс’ (Варш. сл., 6, 516); укр. палес. сур ’смецце’ — з беларускай (ЕСУМ, 5, 478). Параўн., аднак, польск. дыял. sor, sur, szur ’мул, нанос’, што можа быць звязана з szurać ’шараваць, церці з шумам’, параўн. шураць, шургаць, гл. Сумненні адносна паходжання ў Цвяткова, Запіскі, 2, 1, 56. Гл. таксама сурыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяро́д прыназ. ’усярэдзіне, пасярод, паміж’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ), се́рад, сярёд ’тс’ (Нас.), сярёд ’тс’ (Бяльк.), ся́рад ’тс’ (Сл. ПЗБ), серэ́д ’тс’ (ТС, ПСл), серёд, се́рэд, серэ́д, серэдь ’тс’ (Растарг.), ст.-бел. середь: по середѣ града (Альтбаўэр). Укр. се́ред, рус. среди́, се́редь, ц.-слав. срѣди, срѣдь, польск. pośród, в.-луж. srjedź, н.-луж. srjeź, чэш. střed, uprostřed, славац. stred, серб.-харв. sred, славен. srẹ́di, балг. сред, макед. среди ’пасярод’; у славянскіх мовах адаптацыя да М. або В. скл. рэфлексаў слав. *serda (гл. серада), абстрагавана з прыназоўнікавых словазлучэнняў тыпу *na sěrdь, *na srědi; гл. Бязлай, 3, 307. Фанетыка ўказвае на магчымасць рэканструкцыі прасл. *sěrdь (Шустар-Шэўц, 1350; ESSJ SG, 1, 231; Борысь, 620), што дакладна адпавядае літ. šérdis ’асяродак дрэва’, лат. ser̂de ’тс’ (параўн. Буга, Rinkt., 1, 318; Фрэнкель, 987) і ўзыходзіць да і.-е. *ḱḗrd‑, *ḱr̥dés ’сярэдзіна, нутро, сэрца’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 607; ЕСУМ, 5, 218; а таксама серада, сэрца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́рткі мн. л. ’штаны, летнія штаны’, ’нагавіцы з саматканага сукна’, ’гаці’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.; гродз., зах.-мін., ДАБМ, к. 326; Мал., Малч., Касп., Сл. ПЗБ, Ласт.), ’кальсоны’ (Мат. Гом.), ст.-бел. порты ’шаты, адзенне’: и подрал мордохаи порты свои (Альтбаўэр, 159), поръты ’назва для сподніх палатняных штаноў’ (Сл. Скар.), рус. портки ’тс’, польск. portki, porciaki, porty, portasy ’мужчынскія звычайныя штаны’, ’шырокія штаны’, ’абы-якія мужыцкія штаны’, ’шляхецкія штаны мясцовага крою, у адрозненні ад замежных’, ’два камлі дрэва з аднаго кораня, вілы’, ’сцёгны нагі’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад порт2 (гл.); адсюль, хутчэй за ўсё, цюрк. pyrty ’зношанае, парванае адзенне, лахманы, шмаццё’. Аг.-польск. portki лічыцца запазычаннем з усх.-слав., бо замест *partki Банькоўскі (2, 706) адзначае з’яўленне польск. portki ў XVI–XVIII стст. Мабыць, порты, порткі ў першасным значэнні ’сшытыя два кавалкі порта без дадатковага крою’ з выразнай анатацыяй ’простае адзенне’, ’адзенне простага чалавека’, параўн. рус. дыял. по́рты/порты́ ’сшытае палатно, сшыты порт’, ’шматы’, польск. portka ’доўгі і вузкі мяшэчак, падобны да калашыны’: pszenica w portkach.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́скаўка1 ’дзічка-плод’ (добр., гом., Мат. Гом.). Відавочна, гэта семантычны перанос з *леска ’ляшчына’, параўн. харв. lijesak ’тс’ > ’шіод ляшчыны’ > ’плод ляснога дрэва’. Пры гэтым быў магчымы ўплыў ад’ідэацыі з лексемай лес (аб ідэнтыфікацыі прасл. tesą, teška і гл. Брукнер, AfslPh, 39, 1–4; Сабалеўскі, РФВ, 14, 158; 15, 366).

Ле́скаўка2 Тусцера, невялікі лешч, Blicca Bjoerkna L.’, ’сінец, Abramis ballurus L.’, ’сола, белавочка, Abramis sapa Pall.’, ’кругель’ (палес., Крывіцкі, Зб. Крапіве), ляскоўка ’гусцера’ (Крыв.), жлоб, ляскаўка ’плотка, Rutilus rutilus’ (Жыв. сл.), балг. ляска ’дробны лешч’, укр. леска (р. Прут, чарнавік.) ’рыба быстрак, Alburnoides bipunetatus L.’, серб.-харв. Ijeskar, Ijeskarak, Ijeskarica, а таксама укр. лещавка ’лешч, Abramis brama L.’ (Лыс.), бел. лешчаўка ’малы лешч’, польск. lescówka. Роднаснае з лешч. Аднак можна дапусціць іншыя версіі: звязаць з коранем блеск‑, параўн. славац. blyska, балг. блескавец ’падлешчык’, або з коранем плеск‑ (плёскаць) нераст іх адбываецца пры гучным плясканні, шуме вады (гл. Махэк₂, 120–121), параўн. славац. pteskäc, plieskač, славен. ploščič ’лешч’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перагуза́ць ’зноў перавязваць снапы’ (Нас.). Да пера- і гуза́ць (гл.), апошняе звязваецца з прасл. *ǫz‑/*ęz (ЭСБМ, 3, 112). Аднак, улічваючы першаснасць пачатковага г‑ трэба зыходзіць з прасл. *guzъ, варыянта назалізаванага *gǫzъ, якія адлюстроўваюць больш старажытныя і.-е. адносіны *gongʼ‑/*gou̯gʼ‑, параўн. ст.-грэч. γογγύλος ’круглы’, літ. gū̀žis ’галоўка капусты’ (Трубачоў, Эт. сл., 1, 91–92), курд. guz‑ ’азадак, ягадзіцы’. Семантыка лексемы перагуза́ць, такім чынам, суадносіцца не з *vęzati ’вязаць’, а з *guzъ ’камель дрэва, ніжняя частка снапа’, параўн. здро з *guz‑d‑ro, як укр. гуз‑но ’зад (чалавека)’, рус. гузло́, гу́з‑но, гуз‑но́ ’ніжняя, задняя частка чаго-небудзь’ і інш. шматлікія лексемы з коранем гуз‑ з гэтым жа значэннем, палес. гузды́р (Выг.) ’ніжняя частка снапа’ < прасл. *gǫzyrь ’задняя частка чаго-небудзь’. Параўн., аднак, славен. prézati ’звязваць’, якое Супрун (ЭСБМ, 1, 123) звязвае з *перазаць (гл. аперазаць); магчыма, з *per‑ǫz‑ati з пратэзай, гл. гуж1, тады сувязь з гуз — другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галіна́ (БРС, Шат.). Параўн. у Насовіча голина ’галіна дрэва, асабліва без лісця’. Утварэнне суфіксам *‑ina ад *golъ ’голы’ (параўн. адносна семантыкі галлё, гл.). Форма *golina са значэннем ’галіна, галінка’, здаецца, толькі беларуская. У рус. гаворках голина́ — гэта ’голае месца, голая зямля’, ’аўчына са збрытай шэрсцю, на якой вышываюць’ (гл. СРНГ), ва ўкр. мове голина́ ’адборны зерневы хлеб, акрамя аўса’ (Грынч.). Таму можна лічыць бел. галіна́ самастойным утварэннем, пашыраным толькі на бел. тэрыторыі.

Га́ліна ’асобная паляна ў лесе, асобная чыстая прастора сярод кустоў’ (Цэнтр. і Усх. Палессе) (Яшкін). Падрабязна аб гэтай групе слоў, зыходным для якіх з’яўляецца *galo, *galь з цэнтрам пашырэння ў Палессі, гл. Талстой, Геогр., 104–110. Зыходным для гэтага геаграфічнага тэрміна трэба лічыць прасл. *golъ ’голы’ (*gal‑, *gol‑ — гэта старое чаргаванне галосных, яшчэ з праславянскай эпохі). Такім чынам, першаснае значэнне слова было ’адкрытая, незарослая, голая мясціна’. Магчыма, сюды адносіцца і га́лка ’месца паміж кустамі, дае расце трава’ (Яшкін), але гэта не зусім надзейна, таму што корань *gal‑ аб’яднаў, здаецца, зусім не роднасныя па паходжанню словы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́лміна, волмішча ’прытэрасная частка поймы, некалі і зарослыя старыя рэчышчы, якія акружаны вярбой, вольхай і парэчкамі’ (Жучк.); ’катлавіна, мокрая ўпадзіна з травой’ (Яшк.). Ст.-рус. волмина ўпамінаецца адзін раз у грамаце Варлаама Хутынскаму манастыру (1192 г.); значэнне не зусім яснае. Прыблізна — нейкае ўгоддзе на востраве на р. Волхаў. Бясспрэчна, гэтыя тэрміны звязаны з гідронімам Волма (Кіпарскі, ВЯ, 1956, № 5, 133), які з’яўляецца роднасным ст.-інд. ūrmìs ’хваля’, авест. varəmi‑ ж. р. ’тс’, ст.-в.-ням. walm ’жар’, ст.-англ. wielm ’кіпенне, хваля, цячэнне’; параўн. ст.-польск. welm ’fluctus’ (Фасмер, 1, 339; Развадоўскі, PS, 6, 48 і наст.). Старую этымалогію Міклашыча, паводле якой ст.-рус. волмина супастаўляецца з лац. ulmus ’від вязу, ільма’ (г. зн. яно абазначала нейкае дрэва, падобнае да вязу), адкуль слав. *vъlm‑, падтрымліваюць Ляпуноў і Філін (Філін, Труды Отдела др.-рус. лит., 14, 1958, 590 і наст.). Апошні адносіць сюды рус. наўг. волмяг ’зараснікі вербняку’ і назву грыба ’Agaricus torminosus’ волмяжник, волмяк. Параўн. валмо.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)