Галлё ’галіны, хвораст’ (БРС, Шат., Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ), таксама го́лле ’тс’ (Касп.). Дакладна адпавядае ўкр. гілля́ (зборн. наз., н. р.). Бел. і ўкр. словы Фасмер (1, 434) параўноўвае з рус. дыял. голья́ ’галіна, сук’ (ж. р., адз. л.!) і далей са славен. gȏl ’ачышчаны ад сучкоў ствол маладога дрэва’, чэш. hůl ’палка, галіна’. Далей бачаць сувязь з галу́за ’галінка’ і да т. п. Больш пераконвае дапушчэнне, сувязі прама з *golъ ’голы; ачышчаны ад лісця’. Тады *golьje — гэта проста зборны назоўнік з першасным значэннем ’голыя галінкі’. У рус. мове голья, магчыма, са старога гольё (н. р., зборн. наз.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)