тану́ць, тану, тонеш, тоне; незак.

1. Апускацца пад ваду на дно пад дзеяннем сілы цяжару. Жалеза тоне. Дрэва не тоне. □ Паведамлялася, што эсмінец вядзе бой з варожымі самалётамі, што эсмінец пашкоджаны і тоне. Кулакоўскі. // Гінуць, паміраць, ідучы на дно. «Нехта тоне, — здагадаўся Валодзька. — Трэба хутчэй ратаваць...» Гамолка. // перан. Гінуць, трацячы жыццёвыя сілы, волю пад уздзеяннем неспрыяльных умоў. Партыя хутка асушыла прышчэпаўскія балоты ў зямельных установах, дзе танула раней любая ініцыятыва, любая добрая задума. Лынькоў.

2. у чым. Апускацца ў што‑н. мяккае, сыпкае, вязкае і пад.; засядаць, вязнуць у чым‑н. Тануць у гразі. Тануць у балоце. □ Пыл на дарозе быў, што прысак, ногі танулі ў ім. Шамякін. // перан. Станавіцца мала прыкметным сярод чаго‑н., закрывацца чым‑н. Крайнія хаты танулі ў густым тумане. Навуменка. Дарога ў маёнтак танула ў кустах чаромхі і бэзу. Хомчанка. / Пра гукі. Бывалі моманты, калі надыходзіў перарыў у громе, і тады чулася стральба кулямётаў дзесьці ў полі, на захад ад горада, пасля зноў усё танула ў выбухах артылерыйскіх разрываў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)