нака́т, ‑а і ‑у, М ‑каце, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. накатаць (у 1 знач.).

2. ‑а. Рад бярвёнаў, жэрдак і пад., насланых паверх або пад нізам чаго‑н.; насціл. Уздоўж дарогі жаўцелі траншэі, смалістымі канцамі сасновых накатаў бялелі зямлянкі. Ставер. Бліндаж салдацкі ў тры пакаты, І ўсё як трэба ў бліндажы... Калачынскі.

3. ‑а. Слой фарбы на прыладзе для атрымання адбітку на якой‑н. паверхні (на сцяне, паперы і інш.). Тонкі накат фарбы на стэрэатыпе. // Узор на сценах. Праз адчыненыя дзверы ў пакоях відаць быў свежы накат на сценах. Асіпенка.

4. ‑а. Утрамбаваны калёсамі шлях, каляіна. Цвёрды накат дарогі. □ Свежыя пакаты калёс, мноства конскіх слядоў вялі з лясной дарожкі на шлях. М. Ткачоў.

5. ‑у. Спец. Рух па інерцыі.

6. ‑у. Спец. Рух гарматы ўперад пасля аддачы назад пры стрэльбе.

7. ‑у. У більярдзе — спосаб удару, калі шар, якім б’юць, коціцца за шарам, які б’е.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Калбу́к, колбу́к ’віхар’. Па тэрыторыі гэта фіксацыя адносіцца, паводле меркаванняў Кольберга, 440, да зах. Палесся (пруж.). Дакладных адпаведнікаў у значэнні ’віхар’ як быццам няма на іншай бел. тэрыторыі. На думку Цыхуна, Бел.-польск. ізал., 148, суадносіцца з польск. kołbuk ’міфічная істота ў вобразе птушкі’, kołbuk, або kłobuk ’злы дух. д’ябал’, дух у выглядзе агню’, якія фіксуюцца на Мазоўшы і ў Варміі. Меркаванне аўтара аб тым, што ідэнтыфікацыя бел. і польск. слоў у якасці ізалексы магчымая, паколькі ў народных прымхах віхар вельмі часта атаясамліваецца з д’яблам, патрабуе ўдакладнення. Па сутнасці, для польск. лексем аб значэнні ’віхар’ (’д’ябал’ < ’віхар’) мяркуецца’ на аснове бел., аднак няясна, ці ёсць значэнне ’д’ябал’ у бел. слова. Не выключана, што асноўныя яго значэнні іншыя і назва віхру — рэалізацыя пабочнай семемы. Можна думаць, што асноўнае значэнне бел. слова адпавядае польскаму ’злы дух, д’ябал’ і ўжыта яно было менавіта ў такім сэнсе. Супраць гэтага лінгвагеаграфія. Ёсць пэўныя цяжкасці і семантычнага плана. Польск. лексіка лічыцца запазычанай, у якасці крыніцы аўтары Варшаўскага слоўніка бяруць або Chobold ’міфічная істота ў вобразе птушкі’, або kobold казачная істота, якая пільнуе скарбы ў гарах’. Зыходзячы з формы kłobuk як асноўнай, Слаўскі (2. 257) уключае адзначаныя польскія лексемы ў артыкул kłobuk ’капялюш, каўпак’. У польск. гаворках адзначана kłobuch ’ястраб’, што можна супаставіць з вышэй прыведзеным значэннем ’злы дух у выглядзе птушкі’. Аднак тэрыторыя, на якой сустракаюцца гэтыя лексемы, розная. Калі зыходнай формай лічыць kołbuk, відавочна абгрунтаваным аказваецца меркаванне Цыхуна (там жа), што слова, магчыма, звязана з усх.-слав. колб‑шар, круглы і тоўсты канец чаго-н.’, а значэнне ’д’ябал’ магло непасрэдна суадносіцца з вядомай на ўсходзе семантыкай лексем коўб ’страўнік жывёлы’, коўбы ’вантробы, кішкі’, паколькі ёсць розныя «зневажальныя» назвы аналагічнай з’явы на Кашубшчыне (гл. Сыхта, JP, 37, 1957; Сыхта, 1, 35–38). Паколькі падобныя назвы страўніка з’яўляюцца хутчэй за ўсё другаснымі (натуральныя вытворныя ад колб‑шар і да т. п.’), а прыведзеныя польскія тэрміны для д’ябла этымалагічна няясныя, можна выказаць сумненне ў суаднесенасці бел. і польск. слоў. У такім выпадку застаецца прааналізаваць магчымасць утварэння разглядаемага слова ад клубок або ад клобук, або, як прапанаваў Цыхун, ад колб‑. Фармальна першыя дзве лексемы аднолькава падыходзяць у якасці крыніцы. Бліжэй да мяркуемага ўтваральнага слова клобук (для першага неабходная метатэза клубок ∼ клобук).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Загугу́ля ’бульбяная бабка’ (Мат. Гом.). Рус. загогу́ля ’выгін, крывізна’, дыял. ’патаўшчэнне’, перан. дыял. ’нешта незвычайнае, манернае (выраз, чалавек)’. Фасмер (2, 73) тлумачыць загогулина з гогуля, якое параўноўваецца з польск. gogólła ’зерне плода’ (у Слаўскага, 1, 310, gogołka ’завязь’). Для бел. значэння істотна ўлічыць рус. алан. гого́лька ’талакно на вадзе з маслам’, гого́лья ’камячкі мукі ў рэдкім растворы з аўса для бліноў’, балг. гага́лка ’від галубцоў’ (Гераў). Слаўскі лічыць, што ў gogołka рэдуплікацыя тыпу по‑пел. Сярод паралелей без рэдуплікацыі галушка (гл.). Першапачатковы корань, па Слаўскаму, *gol‑ ’нешта голае’. Семантычна гэта не бездакорна. Параўн. яшчэ рус. дан. гугу́ля ’груз’. Ці не трэба ў назвах ежы ўбачыць значэнне ’нешта патоўшчанае, як гуз’, якое можа быць зыходным і для назваў завязі ў польск. і чэш., мар. gagalka ’завязь’, балг. дыял. гага́лка ’авечы кал у выглядзе галачак’, гоголица ’друк з натуральнай булавешкай’? Параўн. таксама гуля, гула, гуз, гала. Тады рэдуплікацыя «ўзмацняе» першаснае значэнне ’патаўшчэнне, жаўлак, гуз’, як і прэфіксацыя: гу́ля ’гуз, шар, гала’ > гугу́ля > загугу́ля. Гуля, гула з прасл. gula. Трубачоў, Эт. сл., 7, 169–170; БЕР, 1, 222, 259; Махэк₂, 148.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калба́н ’гладыш’ (Касп., Мат. Маг.), колбанец ’тс’ (Нас.), калбан ’пасудзіна з прутоў або саломы ў выглядзе гладыша’ (Касп.), ’штучнае гняздо з саломы ў выглядзе конуса’, сюды ж празрысты перанос назвы калбанчики ’расліна Campanula’, параўн. рус. колбочки ’расліна Trollius europaeus’, ’пладовыя шышкі гэтай расліны’. Рус. смал. колбан ’гліняны або металічны гладыш, гарлач велізарных памераў’, больш далёкія — наўг. колбик ’вузкагорлы гліняны гладыш, які пашыраецца ўніз у форме шара’, ’гладыш для алею’, маск. колбушка ’канічны гладыш з вогнетрывалай гліны’. Цыхун (Бел.-польск. ізал., 149) суаднёс калбан з укр. ковбан ’цурбан, калодка’, рус. колбяк ’цурбан, балван’, бел. коўб ’страўнік жывёлы’ і інш., якія, на яго думку, узыходзяць да ўсх.-слав. колбшар, круглы і тоўсты канец чаго-н.’ што патрабуе ўдакладнення. Як быццам існаванне ўсх.-слав. колб асобых сумненняў не выклікае. Параўн. рус. вяц. колба ’фігура ў форме невялікага шара’, ’патоўшчаны шарападобны канец палкі’, ’шарык як упрыгожанне ў розных вырабах’, кастрам. ’галава’, астрах, колбан ’абрубак дрэва, дошкі і да т. п.’, сарат. колбешка ’невялікі абрубак дрэва, дошкі’, валаг. колбочка ’мясісты кончык носа (у чалавека), с колбочкой ’з лішкам, вышэй краёў’, валаг. колбушка ’верацяно з вялікай колькасцю напрадзеных нітак’ і інш. Укр. гуц. ковбок ’больш тоўстая частка дрэва, ужо адрэзаная ад верху’, бойк. ко́вбиця, коўбчик ’тс’. У прынцыпе калбан і інш. назвы посуду маглі ўтварыцца натуральна ад асновы колб‑. У якасці семантычнай паралелі можна прывесці ням. Kolbe, Kolben ’дубінка’, ’булава, паліца’, ’галоўка, шышка’ і Kolben ’колба (хімічны посуд)’. Аднак бел. і рус. назвы посуду могуць быць параўнальна познімі, г. зн. запазычанымі з ням. як тэхнічныя тэрміны. Параўнальна вузкая геаграфія распаўсюджання такіх назваў посуду як быццам пацвярджае магчымасць запазычання. У рус. пісьмовых помніках слова сустракаецца ў другой палавіне XVII ст. (існуе версія аб запазычанні ў канцы XVIII ст.; Шанскі, II, К, 195). Тэарэтычна нельга выключыць і магчымасці ўзаемадзеяння запазычанага слова з славянскім, што дапамагло б вытлумачыць фармальную розніцу ням. і рус. слоў. Звяртае на сябе ўвагу таксама паслядоўнае супадзенне назваў посуду і слав. дэрыватаў ад колб‑: калуж. колба ’бутля’, ’шар’, наўг. колбик ’гладыш’, новасіб. ’каўбаса асобага прыгатавання’, перм. колбушка ’абрубак дрэва’, маск. ’гладыш канічнай формы’, смал. калбан ’гладыш’, уральск. калбан ’тоўсты абрубак дрэва’. Гэтыя факты вельмі падазроныя, хоць магчымасці трансфармацыі запазычанага слова выключыць нельга, у тым ліку і пад уплывам слав. слоў, як гэта мяркуецца. Адносна ўсх.-слав. колб‑ гл. падрабязней пад каўбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пыж1 ’драўляная затычка для круглай адтуліны’ (Нас.), ’кавалачак дрэва, які закладваецца ў вугал зруба пры спалучэнні бярвенцаў’ (жабін., Нар. сл.), пыжч ’тс’ (кам., там жа), пыж ’калок, якім прымацоўваецца ярмо да дышля воза або саней’ (Бес.), ’невялікі драўляны шар або абрубак ад палкі (пры гульні “ў пыжа”)’ (Нас.; БНТ, Гульні), ’затычка з лямцу, шэрсці або картону ў патроне для паляўнічай стрэльбы’ (ТСБМ), ’малеча, карапуз’ (Бяльк.), мн. л. пыжэ́ ’стрыжні птушыных пер’яў’ (карэліц., Сл. ПЗБ), ’бутоны’ (навагр., Жыв. сл.), пы́жык ’кароценькая затычка; тоўсценькае дзіця’ (Нас.), ’тоўсты блін з кіслага цеста; булачка’ (рас., Шатал.; шальч., Сл. ПЗБ), ’хлопчык, які слаба расце, малы’ (Бяльк.), параўн. укр. пиж ’від дзіцячай гульні’, рус. пыж ’затычка ў патроне; пустое, няўсхожае насенне; шар або абрубак (у дзіцячай гульні); папярочны брусок у носе і карме лодкі; булачка’, пы́жык ’маларослы, надуты чалавек’; адносяць сюды і балг. пи́жо ’нехрышчонае дзіця’. Значэнне гэтай групы слоў канцэнтруецца вакол паняццяў ’затычка, шпунт, калодачка’, ’неразвіты плод’, ’пышка, булачка’, што дае магчымасць далучыць сюды бел. пужо́к ’схованка для рыбы ў канцы лодкі’ і пужы́на ’пустое зерне’ (гл. зыходныя формы, хутчэй за ўсё, *пыжок, *пыжына з тыповым для тураўскай гаворкі пераходам ы > у пасля губных). Роднаснае літ. paugžlỹs, pūgžlỹs ’апалонік’, pùžas ’брухаты’, pùžti ’аслабець’, узыходзіць да і.-е. *pōu̯‑, *pū‑ ’дуць, надувацца’, што дае падставы для рэканструкцыі асновы прасл. *pyž‑ (Куркіна, Этимология–1971, 71–72); Тапароў (Балтийские яз., 45) лічыць рус. маск. пыж ’бясплоднае, няўсхожае насенне’ балтызмам, што малаверагодна па лігвагеаграфічных прычынах; па семантычных і лінгвагеаграфічных прычынах сумнеўна вывядзенне рус. арх. пыж ’папярочны брусок, устаўлены ў нос лодкі’, параўн. пск. носовой пыж, кастр. ’нос судна’ з комі, удм. piž ’лодка’, мар. puš ’тс’ (Фасмер, 3, 417).

*Пыж2, пуж ’гарнастай’, памянш. пы́жык: раншы дорогі буў пыжык (ТС), пы́жык ’паўночны алень ва ўзросце да двух месяцаў, а таксама футра з яго’ (ТСБМ). Выводзяць з удм. pužej ’паўночны алень’, комі pež ’аляня, якое яшчэ не мае рагоў’ і пад. (Фасмер, 3, 417: лічыць гатую этымалогію “безукоризненной”); іншая версія — аднясенне пыж2 да пыж1 (Праабражэнскі, 2, 159 і інш.) па лінгвагеаграфічных і семантычных прычынах, параўн. рус. дыял. пы́жик ’шкура невялікага мядзведзя’, ’птушка Vanellus gregarius Pall.’, ’стэпавы кулік, Charadrius’ (адносна апошняй гл. Фасмер, 3, 418), здаецца больш прымальнай. Чарных (2, 87) мяркуе, што фіна-угорскія словы запазычаны з рускай мовы, аналагічна Анікін (416–417), які схіляецца да версіі паходжання ад рус. пыж ’камяк’, пы́жить ’настаўляць, растапырваць’, гл. пыж1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ла1 (ж. р.) ’голае месца’ (БРС), ’прастора між лесу’ (Сцяшк. МГ), ’лапіна’ (Шатал.), га́ла (н. р.) ’балотная сенажаць, чыстая ад зарасніку’ (Шат.), гал ’прагаліна ў лесе’ (Бяльк., Яшкін). Слова гэта вядома галоўным чынам ва ўсх.-слав. мовах (перш за ўсё на Палессі) і часткова ў зах.-слав.

Га́ла2 ’круглы ком, шар (скручаны)’ (БРС), га́лка ’невялікая гала’ (Нас.). Паводле Бернекера (1, 301) і Фасмера (1, 388), этымалагічна звязаны рус. га́лка ’шкляная гала’, галу́шка, укр. га́лка, галу́шка, бел. га́лы ’вочы; ягадзіцы’, славен. gâłka ’чарнільны арэшак’, славац. hálka ’галка, невялікая гала, вярхушка вежы’, польск. gałka ’гала, булавешка і г. д.’, gały ’вочы’. Але, як мяркуе Фасмер (там жа), вывядзенне гэтай групы слоў з позняга с.-в.-ням. galle (< лац.) няпэўнае (насуперак Міклашычу, 50; Бернекеру, 1, 292; Праабражэнскаму, 1, 117 і інш.) і, прынамсі, частка гэтых слоў, магчыма, спрадвечна славянскага паходжання (так Ільінскі, RS, 6, 217; Патабня, РФВ, 3, 163). Гл. яшчэ меркаванні Слаўскага (253), які таксама бачыць тут славянскае ўтварэнне (магчыма, да *golъ ’голы’; тлумачэнне семантыкі ў Слаўскага). Магчыма, сюды і га́лы ’ягадзіцы’ (Нас.), хоць не выключаецца і сувязь гэтага слова з *golъ ’голы’. Для бел. слова крыніцай, відаць, з’яўляецца польск. gałka. Аб гэтым сведчыць ст.-бел. кгалка, галка ’прадмет круглай формы’ (слова вядома ў помніках XVI ст.). Гл. Булыка, Запазыч., 147.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ло́пнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

1. Даць трэшчыну; трэснуўшы, разламацца, разадрацца. Лопнула труба. Лопнула рэйка. Лопнула дошка. // Парвацца. Супоня з вяровачкі, што ўся ўжо на вузлах, лопнула зноў, разматалася і павісла. Брыль. Вытырклыя калені штаноў лопнулі, у адным боце адарвалася падэшва і ледзь трымалася. Чорны. / Аб струках, пупышках. Дрэўцы прыняліся: пупышкі на іх набрынялі сокам і вось-вось гатовы лопнуць. Карпаў. // Выбухнуць, разарвацца (пра бомбы, снарады, кулі і пад.). Бомба раптам лопнула ў паветры. Новікаў. // Надзьмуўшыся, разарвацца, знікнуць. Лопнуў паветраны шар. Лопнула бурбалка. □ — Камера, каб на яе ліха, лопнула, — сказаў салдат і пастукаў нагой па задняму колу машыны. Сіняўскі. // Пра органы, часткі чалавечага цела (сэрца, крывяносныя сасуды і пад.). Галава .. [Габрыліхі] трашчала і, здавалася ёй, вось-вось лопне ад гэтага бязлітаснага напору святла. Шамякін.

2. перан. Разм. Пацярпець поўную няўдачу, крах. Лопнуў банк. □ Хітрамудрыя планы адваката лопнулі, як мыльная бурбалка. Васілевіч.

•••

Каб ты лопнуў (лопнула) — ужываецца як праклён.

Лопнуць ад злосці (зайздрасці) — пра бурнае праяўленне пачуцця злосці, зайздрасці.

Лопнуць са смеху — зайсціся моцным смехам.

Цярпенне лопнула гл. цярпенне.

ло́пнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Залапатаць крыламі (пра птушак). Страпянуўшыся, Ў тое ж імгненне Лопнуў крыллем касач баравы. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́лка1 ’галка, птушка Corvus monedula’ (слонім., Арх. Бяльк.; Сцяшк. Сл. паўн.-зах.). Польск. kawka ’тс’. Фанетыка бел. слова сведчыць аб больш складаным працэсе, хоць сам факт запазычання або ўплыву польск. формы выключыць нельга, аб чым сведчыць і лінгвагеаграфія. Ёсць і іншая магчымасць тлумачэння: калка < галка (апошняя форма адзначана па галоўнай тэрыторыі, Сл. паўн.-зах.) у выніку існавання дублетаў к‑ і г‑ у запазычаных словах, калі форма з к‑ успрымаецца або як адаптаваная, або як спрадвечная. Гэта, аднак, менш верагодна.

Ка́лка2, у Доўн.-Зап., 3, 39: «Кидайса, метайса, завиваты не давайса! Кинь калку (кибалку?) хочъ пидъ лаўку, Сама выбежъ на вулоньку!». Далей аўтар адзначае калка кибалка ’жаночы галаўны ўбор’ і спасылаецца на аналагічныя кантэксты ў Янчука і Чубінскага; паводле гэтага можна меркаваць, што слова было вядома на зах. Палессі дастаткова шырока. Этымалогія няясная; можна суаднесці з калка1, паколькі ў шэрагу назваў сустракаюцца падобныя намінацыі; параўн. рус. дыял. тэрміны для жаночага галаўнога ўбору кокошка і сорока. Па розных прычынах гэта меркаванне маланадзейнае; магчыма, неабходна параўноўваць з бел. галка ’круглы, гладкі камень, якім таўкуць перац, гарчыцу’, галкі ’галушкі, клёцкі; печыва з мукі і тоўчанай бульбы’, аб першаснай семантыцы якіх сведчаць бел. галы ’ягадзіцы’, славац. hálka ’шарык’, польск. galkaшар, булдавешка’ і інш. Падобная семантыка дапускае параўнанне гэтых лексем з разглядаемым словам; аднак паводле фактычнага крытэрыю такое збліжэнне недакладнае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

усплы́сці і усплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. усплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.

1. Узняцца з глыбіні вады на паверхню. Бервяно з разгону ўдарылася ў човен і перакуліла яго. Захарка і Уладзік апынуліся ў бурлівай рацэ. Першым усплыў на паверхню Уладзік. Сіняўскі. Вось звер усплыў, але тут жа прагучаў стрэл, і морж знік з вачэй разам з паплаўком. Бяганская. // Паказацца, з’явіцца. Над морам, над цёплым узбярэжжам, над садам усплыў месяц — вялікі, белы, ясны. Лось. З-за лесу ўсё вышэй уставала сонца. Калючы, яшчэ халодны шар яго ўсплыў над вершалінамі і, нібы здзіўлены, на імгненне застыў на месцы. Хадановіч. / у перан. ужыв. З лагчыны ў туманным хмызе Усплыў нейкі дзіўны гук — Быццам там З-пад лядка прабіўся І забулькаў у лозах Раўчук... Арочка. Скора, скора з выраю, З цёплага паўдня, З песняй жураўлінаю Ўсплыве вясна. Кляшторны. // перан. Паўстаць, з’явіцца ў памяці, думках і пад. Нешта далёкае, даўно забытае ўсплыло і трывожна затрымцела ў маёй душы. Палтаран. Па дарозе зноў у думках усплыло мінулае. Дуброўскі.

2. перан. Стаць вядомым, выкрыцца, выявіцца. Зноў усплыло гэта пытанне. □ Нарэшце й Жору, акрамя Дачкі, Фаміч меў на прыкмеце. Вось так Супонькава імя Усплыло, вядомым стала ў свеце. Бачыла.

•••

Усплысці (усплыць) наверх (на паверхню) — тое, што і выйсці наверх (на паверхню) (гл. выйсці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вы́рай, вы́рый ’цёплыя краіны, куды птушкі адлятаюць восенню; чарада пералётных птушак (або адна птушка), якія першымі з’яўляюцца вясной’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Гарэц., Мал., Нікольскі, Федароўскі, 1), вы́ріі ’птушкі, якія прылятаюць вясной і адлятаюць восенню’ (КЭС), выро́я (Мядзв.), вы́рья, вы́рія ’тс’ (Яшк.). Рус. и́рей, и́рий, род. скл. и́рья ’паўднёвы цёплы край, куды птушкі адлятаюць на зіму; казачная краіна’, вы́рей ’жаваранак; усякая птушка, якая адлятае восенню’; ’казачная краіна’, ст.-рус. ирии, род. скл. ирьꙗ ’паўднёвыя краіны’, укр. ви́рей, ви́рій, польск. дыял. wyraj ’тс’. Па традыцыйнай версіі запазычанне з іран. *airyā (dahyu‑) ’арыйская краіна’; параўн. асец. ir ’асеціны’ (Фасмер, 2, 137 і наст.; там жа падрабязна і інш. літаратура). Гіпотэза Брукнера (195) аб прыстаўцы і‑ і сувязі з рай непераканаўчая. Ільінскі (РФВ, 74, 139) зыходзіць з *vyrojь, што тлумачыць укр. ви́рій, але па прычыне існавання ст.-рус. ирии укр. форма, відавочна, — вынік народнай этымалогіі. Паводле Мартынава, БЛ, 1975, 7, 69, крыніцай усходнеслав. слоў (польск. wyraj < бел. вырай) з’яўляецца заходнебалт. pluralia tantum *i̯uriai̯ (ст.-прус. iuriay ’мора’), якое адпавядае рус. ирей (i̯ū > i̯i). Бел. і ўкр. формы ўзніклі ў выніку пераўтварэння фразеалагізма *vъ irejь ’у вырай’. Апрача таго, на сучаснай Гродзеншчыне (старажытная заходнебалтыйская тэрыторыя) існуе паданне пра тое, як птушкі збіваюцца зімой у вялікі шар, які апускаецца ў мора. Аб сувязі славянскіх слоў з балт. формамі гл. таксама Безлай, ССл., 1976, 5, 65 і наст.

Вы́рай2 ’новы населены пункт, новая асобная гаспадарка’ (Яшк., слаўг.). З *vyrojь?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)