*Калбу́к, колбу́к ’віхар’. Па тэрыторыі гэта фіксацыя адносіцца, паводле меркаванняў Кольберга, 440, да зах. Палесся (пруж.). Дакладных адпаведнікаў у значэнні ’віхар’ як быццам няма на іншай бел. тэрыторыі. На думку Цыхуна, Бел.-польск. ізал., 148, суадносіцца з польск. kołbuk ’міфічная істота ў вобразе птушкі’, kołbuk, або kłobuk ’злы дух. д’ябал’, дух у выглядзе агню’, якія фіксуюцца на Мазоўшы і ў Варміі. Меркаванне аўтара аб тым, што ідэнтыфікацыя бел. і польск. слоў у якасці ізалексы магчымая, паколькі ў народных прымхах віхар вельмі часта атаясамліваецца з д’яблам, патрабуе ўдакладнення. Па сутнасці, для польск. лексем аб значэнні ’віхар’ (’д’ябал’ < ’віхар’) мяркуецца’ на аснове бел., аднак няясна, ці ёсць значэнне ’д’ябал’ у бел. слова. Не выключана, што асноўныя яго значэнні іншыя і назва віхру — рэалізацыя пабочнай семемы. Можна думаць, што асноўнае значэнне бел. слова адпавядае польскаму ’злы дух, д’ябал’ і ўжыта яно было менавіта ў такім сэнсе. Супраць гэтага лінгвагеаграфія. Ёсць пэўныя цяжкасці і семантычнага плана. Польск. лексіка лічыцца запазычанай, у якасці крыніцы аўтары Варшаўскага слоўніка бяруць або Chobold ’міфічная істота ў вобразе птушкі’, або kobold казачная істота, якая пільнуе скарбы ў гарах’. Зыходзячы з формы kłobuk як асноўнай, Слаўскі (2. 257) уключае адзначаныя польскія лексемы ў артыкул kłobuk ’капялюш, каўпак’. У польск. гаворках адзначана kłobuch ’ястраб’, што можна супаставіць з вышэй прыведзеным значэннем ’злы дух у выглядзе птушкі’. Аднак тэрыторыя, на якой сустракаюцца гэтыя лексемы, розная. Калі зыходнай формай лічыць kołbuk, відавочна абгрунтаваным аказваецца меркаванне Цыхуна (там жа), што слова, магчыма, звязана з усх.-слав. колб‑ ’шар, круглы і тоўсты канец чаго-н.’, а значэнне ’д’ябал’ магло непасрэдна суадносіцца з вядомай на ўсходзе семантыкай лексем коўб ’страўнік жывёлы’, коўбы ’вантробы, кішкі’, паколькі ёсць розныя «зневажальныя» назвы аналагічнай з’явы на Кашубшчыне (гл. Сыхта, JP, 37, 1957; Сыхта, 1, 35–38). Паколькі падобныя назвы страўніка з’яўляюцца хутчэй за ўсё другаснымі (натуральныя вытворныя ад колб‑ ’шар і да т. п.’), а прыведзеныя польскія тэрміны для д’ябла этымалагічна няясныя, можна выказаць сумненне ў суаднесенасці бел. і польск. слоў. У такім выпадку застаецца прааналізаваць магчымасць утварэння разглядаемага слова ад клубок або ад клобук, або, як прапанаваў Цыхун, ад колб‑. Фармальна першыя дзве лексемы аднолькава падыходзяць у якасці крыніцы. Бліжэй да мяркуемага ўтваральнага слова клобук (для першага неабходная метатэза клубок ∼ клобук).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)