Загугу́ля ’бульбяная бабка’ (Мат. Гом.). Рус. загогу́ля ’выгін, крывізна’, дыял. ’патаўшчэнне’, перан. дыял. ’нешта незвычайнае, манернае (выраз, чалавек)’. Фасмер (2, 73) тлумачыць загогулина з гогуля, якое параўноўваецца з польск. gogólła ’зерне плода’ (у Слаўскага, 1, 310, gogołka ’завязь’). Для бел. значэння істотна ўлічыць рус. алан. гого́лька ’талакно на вадзе з маслам’, гого́лья ’камячкі мукі ў рэдкім растворы з аўса для бліноў’, балг. гага́лка ’від галубцоў’ (Гераў). Слаўскі лічыць, што ў gogołka рэдуплікацыя тыпу по‑пел. Сярод паралелей без рэдуплікацыі галушка (гл.). Першапачатковы корань, па Слаўскаму, *gol‑ ’нешта голае’. Семантычна гэта не бездакорна. Параўн. яшчэ рус. дан. гугу́ля ’груз’. Ці не трэба ў назвах ежы ўбачыць значэнне ’нешта патоўшчанае, як гуз’, якое можа быць зыходным і для назваў завязі ў польск. і чэш., мар. gagalka ’завязь’, балг. дыял. гага́лка ’авечы кал у выглядзе галачак’, гоголица ’друк з натуральнай булавешкай’? Параўн. таксама гуля, гула, гуз, гала. Тады рэдуплікацыя «ўзмацняе» першаснае значэнне ’патаўшчэнне, жаўлак, гуз’, як і прэфіксацыя: гу́ля ’гуз, шар, гала’ > гугу́ля > загугу́ля. Гуля, гула з прасл. gula. Трубачоў, Эт. сл., 7, 169–170; БЕР, 1, 222, 259; Махэк₂, 148.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)