лопнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

1. Даць трэшчыну; трэснуўшы, разламацца, разадрацца. Лопнула труба. Лопнула рэйка. Лопнула дошка. // Парвацца. Супоня з вяровачкі, што ўся ўжо на вузлах, лопнула зноў, разматалася і павісла. Брыль. Вытырклыя калені штаноў лопнулі, у адным боце адарвалася падэшва і ледзь трымалася. Чорны. / Аб струках, пупышках. Дрэўцы прыняліся: пупышкі на іх набрынялі сокам і вось-вось гатовы лопнуць. Карпаў. // Выбухнуць, разарвацца (пра бомбы, снарады, кулі і пад.). Бомба раптам лопнула ў паветры. Новікаў. // Надзьмуўшыся, разарвацца, знікнуць. Лопнуў паветраны шар. Лопнула бурбалка. ▪ — Камера, каб на яе ліха, лопнула, — сказаў салдат і пастукаў нагой па задняму колу машыны. Сіняўскі. // Пра органы, часткі чалавечага цела (сэрца, крывяносныя сасуды і пад.). Галава .. [Габрыліхі] трашчала і, здавалася ёй, вось-вось лопне ад гэтага бязлітаснага напору святла. Шамякін.

2. перан. Разм. Пацярпець поўную няўдачу, крах. Лопнуў банк. ▪ Хітрамудрыя планы адваката лопнулі, як мыльная бурбалка. Васілевіч.

•••

Каб ты лопнуў (лопнула) — ужываецца як праклён.

Лопнуць ад злосці (зайздрасці) — пра бурнае праяўленне пачуцця злосці, зайздрасці.

Лопнуць са смеху — зайсціся моцным смехам.

Цярпенне лопнула гл. цярпенне.

лопнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Залапатаць крыламі (пра птушак). Страпянуўшыся, Ў тое ж імгненне Лопнуў крыллем касач баравы. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)