Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скарачэнні

э 1, нескл., н.

1. Трыццатая літара беларускага алфавіта. Малое э. Вялікае Э.

2. Галосны нелабіялізаваны гук пярэдняга рада сярэдняга пад’ёму.

э 2, выкл. (працяжнае вымаўленне выклічніка звычайна перадаецца на пісьме некалькімі э: э-э, э-э-э).

1. Выражае з дапамогай інтанацыі розныя пачуцці, перажыванні: здзіўленне, прыкрасць, адчай і пад. «Э, глупства!» — сказаў я сам сабе. Колас. [Загурскі:] — Э-э-э, браце ты мой, той не салдат, хто не марыць быць генералам. Асіпенка.

2. Выражае нязгоду, пярэчанне субяседніку. — Э, дарагі, — жалкуючы, адказаў адзін з мужчын, — не па дарозе нам. Краўчанка. [Бацька:] — Э, не! Пакуль не збяруцца ўсе, не пакажу. Кандрусевіч.

3. Выражае затрымку ў гутарцы ад нечаканасці, здзіўлення і пад. Выбіраецца на сходзе брыгадзір ці жывёлавод — чалавек міжволі ў мінулае кідае: — Э, а з якога ён роду? Як яго бацька ці дзед некалі дбаў? Ракітны.

э-хе-хе, выкл.

Ужываецца пры вырашэнні шкадавання, спачування, сумнення, суму і пад. — Э-хе-хе, — уздыхнуў дзядок.

эазойскі, ‑ая, ‑ае.

У выразе: эазойская эра гл. эра.

[Ад грэч. ēōs — ранішняя зара і zōē — жыццё.]

эалійцы, ‑аў.

Адна з асноўных груп старажытнагрэчаскіх плямён.

эаліт, ‑у, М ‑ліце, м.

1. Устарэлая назва старажытнейшага перыяду каменнага веку (палеаліту), калі людзі выраблялі прымітыўныя каменныя прылады.

2. У геалогіі — камень з вострымі краямі, падобны на штучна апрацаваны камень.

[Ад грэч. ēōs — зара і lithos — камень.]

эалітавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эаліту.

эацэн, ‑у, м.

Сярэдні аддзел палеагенавай сістэмы.

[Ад грэч. ēōs — ранішняя зара і kainós — новы.]

эацэнавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эацэну. Эацэнавы аддзел. Эацэнавая эпоха.

эбаніт, ‑у, М ‑ніце, м.

Цвёрды матэрыял з вулканізаваных каўчукавых сумесей, які выкарыстоўваецца для ізаляцыі ў электратэхніцы і для іншых мэт.

[Ад грэч. ébenos — чорнае дрэва.]

эбанітавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эбаніту, зроблены з эбаніту. Эбанітавыя трубкі. ▪ Шылкін узяў аловак з эбанітавай вазачкі, стукаў ім па пальцах, бы пералічваў іх. Савіцкі.