Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Ізра́да ’здрада’ (Нас.), израдонька (Булг., 195), зра́да (Бяльк.). Рус. зах. зра́да, укр. зра́да, ст.-рус. израда (1447 г.). З польск. з фанетычнымі зменамі, і‑ пратэтычнае. Гл. здрада.

Ізра́на ’рана’, ’раней часу’ (Нас.). Рус. дыял. изра́на, ст.-рус. изра́нья ’рана, з самага ранку’. І‑ можна тлумачыць як пратэзу; параўн. зранку, зрання. Аднак не выключана, што бел. слова ўзыходзіць да ст.-рус. изранья, зафіксаванага з XIII ст.

Ізрэ́б’е ’валакно, якое засталося пасля ачоскі льну’, ’палатно з гэтага валакна’ (Касп.). Рус. дыял. изгре́бье, изгре́б, изгреба са шматлікімі суфіксальнымі варыянтамі ’ачоскі льну; валакно льну з ачоскаў’, ’палатно з ільняных ачоскаў’, изгре́бовать ’часаць лён упершыню’ (наўг.), укр. згрі́бʼя, бʼя ’пакулле, ачоскі’ (Грынч.), ст.-рус. изгреби, изгребие (XIII ст.) ’пакулле, ачоскі льну, канапель’, ’грубыя адходы льну і канапель’. Ад ст.-рус. изгребие — прэфіксальна-суфіксальнага наз. з коранем ‑греб‑ (гл. грэбці) са стратай ‑г‑ у кансанантнай групе. Гл. зрэб’е.