Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ізма́лку ’змалку, з малых гадоў’ (Бяльк.). Гл. змалку, і‑ пратэтычнае.

*І́змарась, изморось ’шэрань, іней, намаразь’ (Яруш.). Відаць, са ст.-рус. *изморозь ці пад уплывам рус. и́зморозь, утворанага прэфіксальна-суфіксальным шляхам, як непагадзь, прысцень, узбалаць і г. д. (Сцяцко, Афікс. наз., 273–274). Шанскі (2, I, 35) бачыць у ім прэфіксальнае ўтварэнне ад морозь. Гл. мароз.

Ізмы́лішча ’абрывісты бераг, падмыты вадой’ (Касп.); параўн. рус. дыял. измывной (песок) ’вымыўны, які вымываецца вадой’, измывчивая (волна) ’падмываючая бераг, вымываючая пласты’ (Даль). Утворана ад дзеяслова змыць (і‑ мае пратэтычны характар) пры дапамозе суф. ‑лішч‑а, як мачылішча, мачулішча ’месца, дзе мочаць лён’, мучылішча ’катавальня’. Сцяцко, Афікс. наз., 50.

Ізмэ́нчыць ’замучыць’ (Жд. 3). Пратэтычнае і‑ + змэнчыцьпольск. zmęczyć). Гл. мэнчыць.