Зы́мсік ’карніз у мураваных збудаваннях, у печы’ (маладз., гродз., Янк. Мат.; Мат. Гом.). Рус. арханг. зы́мза ’карніз уздоўж унутраных сцен, пад акном, паліца’, зы́нза ’тс’, польск. gzyms ’карніз’, gzymsik (< ням. Gesims, Дарашэўскі, 2, 1394). Бел. форма з польск. са стратай пачатковага g‑. Рус. можа быць незалежнай з ням. ці перанесенай з польск. праз бел. Параўн. гзымс (у Ц. Гартнага).
Зы́мша ’выступ у коміне, на які кладуць запалкі’ (петрык., Шатал.). Верагодна, утворана на базе зымсік ’карніз у печы’ з суфіксам ‑ш‑а; параўн. зы́бша ’дрыгва’.