Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Змо́ва ’тайны згавор’. Рус. уст. абл. смо́лва ’гутарка; угавор’, укр. змо́ва ’змова’, польск. zmowa ’тс’, славац. zmluva ’пагадненне’. Ст.-бел. змова (Александрыя), змовца (Гіст. лекс., 99). Прасл. дыял. sъml̥va — бяссуфіксны наз. ад дзеяслова sъ‑mъl‑ vjati з коранем mъlv‑ (гл. мова). Ст.-бел. змовца (XVII ст.) з польск. (Булыка, Запазыч., 123), хаця і суадносіцца са змова, якое можа быць і вынікам унутранага развіцця.

Змо́га ’здольнасць, магчымасць’. Рус. абл. смо́га ’тс’, укр. змо́га ’тс’, в.-луж. zmoha ’хваля’. Параўн. ст.-рус. съмогати ’дапамагаць’ (XVI ст.). Бяссуфіксны наз. ад дзеяслова съмогати, відаць, у больш шырокім, чым зафіксавана ў ст.-рус., значэнні (параўн. н.-луж. zmognuś se ’мацавацца, акрыяць’). Корань mog‑ гл. магчы.