Звага́ ’спрыт, спраўнасць’ (Нас.) Рус. смал. зва́га ’павага’, укр. зва́га ’рашучасць, смеласць’. Як і адвага (гл.), павага, увага да кораня вага (гл.) з прэфіксам з‑, хутчэй назоўнік на базе прэфіксальнага дзеяслова зважаць ’звяртаць увагу’ з чаргаваннем зычнага.
Звагу́ль ’дубец’ (Сл. паўн.-зах.). З літ. žvagùlis ’тс’ (Сл. паўн.-зах., 2, 282). Параўн. брызгуль.
Звадыяш ’зводнік, падбухторшчык’, дыял. зваду́н, звод ’тс’ (Касп.). Параўн. рус. сводня, сводник ’асобы, што выступаюць пасрэднікамі’ (у тым ліку, паводле Даля, ’злачынных сувязей’), укр. звідник ’абманшчык’ (Грынч.), уст. дыял. зводи́тель ’спакуснік’, польск. дыял. zwodzijasz, zwodzijaś ’птушка ляляк, Caprimulgus europaeus, якая водзіць людзей па лесе’, ’падманшчык’ (1 красавіка — dzień św. Zwodzijasa) (Карловіч), ст.-польск. zwodzicz, zwodca ’баламут, падманшчык’ (Рэчак). Параўн. бел. звада ’спрэчка’ (Мікуцкі, Полымя, 1971, 8, 251), звадзіць ’пасварыць’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 176). Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 9, 149), да кораня вад‑ (гл. вадзіць). Аднак у словатворчых адносінах дакладней Сцяцко (Афікс. наз., 32–33): звадыяш ад зводнік. Сувязь з вадзіць пазнейшая. Зважаючы на бел.-польск. пашырэнне, хутчэй тут запазычанне, верагодна, з польск. у бел. Ад зводзіць з суфіксам ‑ун утворана звадун, што тыпова для бел. словаўтварэння. Звод можа быць рэфлексам старога ўтварэння з аблаўтам ад sъved‑ti (рус. свести) у спецыфічным значэнні, адкуль потым адназоўнікавы дзеяслоў зводзіць, але магчыма і больш новае, другаснае ўтварэнне ад гэтага дзеяслова, утворанага на базе звод з шырокім значэннем.
Зваць ’клікаць’. Рус. звать, укр. зва́ти, польск. zwać ’назваць’, палаб. züvĕ ’ён кліча’, чэш. zvati, славац. zvať, славен. zváti, серб.-харв. зва̏ти, балг. зова. Ст.-слав. зъвати ’клікаць, называць’. Ст.-рус. звати ’тс’. Ст.-бел. звати ’тс’ (Скарына). Прасл. zъvati роднаснае літ. žavė́ti ’зачараваць’, лат. zavêt ’замаўляць’, ст.-інд. hávatē ’кліча’, авест. zavaiti ’тс’, якія адлюстроўваюць і.-е. *gʼhau̯‑, *gʼhau̯ǝ‑ ’клікаць’. Покарны, 1, 413; Траўтман, 367; Фасмер, 2, 85; Шанскі, 2, З, 75–76; Махэк₂, 720; Голуб-Копечны, 440; Скок, 3, 666; БЕР, 1, 651.