Жгур ’матуз’ (Жд. 2.). Паводле Варбат (Этимология русских диалектных слов, Свердловск, 1978, 6), роднаснае жгут (і рус. дыял. жгуль), але ўтворанае з іншым суфіксам ‑р‑. Гэта, аднак, азначала б надта старажытны характар гэтага рэдкага мясцовага слова. Больш верагодна кантамінацыя жгут — шнур з блізкімі значэннямі.
Жгут ’скручаны кавалак матэрыялу’. Рус. жгут ’тс’, укр. джгут, жгут. Паводле Гараева (107), падтрыманага Фасмерам (2, 38), дзеепрыметнік ад дзеяслова з коранем *žьg‑ (гл. жгаць), першапачаткова як ’шнур для падпальвання’. Праабражэнскі (1, 223) у гэтым не быў упэўнены, а Шанскі (1, Д, Е, Ж) прапануе тлумачэнне жгут//жигут (прадстаўленага ў арл., разан. гаворках) як вытворнага з суфіксам ‑ут (як лоскут) ад дзеяслова жигать (параўн. жгаць 2) паводле функцыі жгута, якім удараюць. Але галоўная семантычная прымета жгута — скручанасць — у абедзвюх этымалогіях застаецца па-за тлумачэннямі. Няясна.
Жгуто́к ’вяроўка’ (Касп.). Ад жгут (гл.) з суфіксам ‑ок (гл.) (Сцяцко, Афікс. наз., 168) і пэўнымі семантычнымі зрухамі ў адносінах да зыходнай формы (як лакаток ’падлакотнік’).
Жгу́чка ’крапіва’ (Бяльк.). Рус. дыял. кур., смал., арханг., пск., укр., палес. жгучка ’тс’. Утворана, відаць, яшчэ ў ст.-рус. мове ад дзеепрыметніка незал. стану цяп. ч. з суфіксам ‑уч суадноснага з дзеясловам жьг‑ти, жьг‑а‑ти (гл. жгаць 1) з суфіксам ‑ьк‑а паводле дзеяння. Параўн. пякучка, трасучка.