Глі́на ’гліна’ (БРС). Слова прасл. характару. Параўн. рус. гли́на, укр. гли́на, польск. glina, чэш. hlína, славац. hlina, в.-луж. hlina, н.-луж. glina, балг. гли́на, серб.-харв. гли́на. Прасл. *glina ’тс’. Падрабязны агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 123–124. Лічыцца роднасным з і.-е. мовамі. Параўн. грэч. γλίνη ’клей, клейкае рэчыва’ і некаторымі іншымі і.-е. формамі. Гл. Бернекер, 1, 304; Слаўскі, 1, 284; Траўтман, 92; Фасмер, 1, 412; Трубачоў, Эт. сл., 6, 125–126.
Гліст ’гліст’ (БРС). Слова, вядомае ў слав. мовах у двух варыянтах: *glista, *glistъ. Параўн. рус. глиста́, глист, укр. глиста́, глист, чэш. hlísta, hlíst, польск. glista, балг. глист, глиста́, серб.-харв. гли́ста, гли̑ст і г. д. У слав. мовах гэта лексема, акрамя ’гліст’, азначае таксама ’чарвяк, дажджавы чарвяк і да т. п.’ Лічыцца роднасным з прасл. лексемамі *glěvъ, *glьjь (гл. глей). Першапачатковае значэнне ’штосьці слізкае’. Агляд форм і этымалагічных версій гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 128–129. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 413; Слаўскі, 1, 284–285; Бернекер, 1, 304; далей БЕР, 4, 249.
Глі́ца ’вясенні вецер’ (БРС, Гарэц., Байк. і Некр.). Не вельмі яснае слова. Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), гэта лексема, магчыма, з’яўляецца праславянскім лексічным дыялектызмам бел. мовы. Паходжанне яго лічыцца няясным. Але можна паспрабаваць аб’яднаць слова глі́ца ’вясенні вецер’ з бел. словам іглі́ца ’хвоя, адна хваінка’, укр. гли́ця ’хвоя, адна хваінка; драўляная іголка і да т. п.’ (Грынч.), польск. iglica, ст.-польск. glica (гл. Слаўскі, 1, 443–444). Тады глі́ца, магчыма, паходзіць з іглі́ца. Паршапачаткова глі́ца як назва ветру магла быць метафарай (’штосьці калючае, як ігла’). У такім выпадку няма патрэбы гаварыць аб спецыфічна беларускім лексічным дыялектызме праславянскага характару, таму што такая метафарызацыя можа здарыцца ў любы час.
Гліцэры́н ’гліцэрын’ (ТСБМ). Рус. глицери́н. У бел. мове часцей ужываецца ў форме гліцэры́на. У такой жа форме слова раней было вядома і ў рус. мове (глицерина). Паводле Фасмера (1, 413), запазычанне з ням. Glyzerin ’тс’. Шанскі (1, Г, 94) мяркуе, што запазычанне магло быць як з ням., так і з франц. мовы. Але можна думаць, што бел. форма гліцэры́на хутчэй указвае на польск. мову як непасрэдную крыніцу запазычання. Параўн. польск. gliceryna.