Гло́бус ’глобус’ (БРС). Рус. гло́бус, укр. гло́бус. У рус. мове, паводле Фасмера (1, 414), запазычанне з ням. Globus (< лац. globus) або непасрэдна з лац. мовы. Шанскі (1, Г, 95) лічыць, што запазычанне мела месца хутчэй за ўсё з лац. мовы, але яшчэ ў дапятроўскую эпоху. У бел. мове, магчыма, з рус.
Глог ’глог’ (БРС). Рус. глог, укр. гліг, чэш. hloh, славац. hloh, польск. głóg, балг. глог, макед. глог, серб.-харв. гло̏г і да т. п. Прасл. *glogъ ’глог і пад.’ Звычайна тлумачаць як ’калючая расліна’ і ўзводзяць да і.-е. glō̆gh‑ ’востры, калоць’ (параўноўваючы з грэч. γλωχίς ’вастрыё, калючка’, γλῶχες ’асцюк коласа’). Гл. Бернекер, 1, 306; Траўтман, 91; Фасмер, 1, 414; Слаўскі, 1, 294–295. Іншыя тлумачэнні менш верагодныя (агляд іх гл. у Слаўскага, там жа; Фасмера; падрабязна ў Трубачова, Эт. сл., 6, 136–137). Махэк₂ (168) лічыць прасл. назву *glogъ словам субстратнага паходжання (з так званага «праеўрапейскага» субстрату).
Гло́тка ’глотка’ (БРС., Касп., Бяльк.). Рус. гло́тка, укр. гло́тка ’тс’. Параўн. балг. глъ́тка ’глотка; глыток’, макед. голтка ’тс’. Фасмер (1, 415) адносіў да глото́к і параўноўваў з лац. glūtus ’глыток’, улічваючы магчымасць гукапераймання. Трубачоў (Эт. сл., 6, 159) лічыць вытворным ад асновы дзеяслова glъtati ’глытаць’. З пункту гледжання лінгвістычнай геаграфіі цікавым з’яўляецца той факт, што гэта лексема вядома толькі на абмежаванай тэрыторыі (няма ў зах.-слав. мовах) і яе можна аднесці да ліку праславянскіх дыялектызмаў. Гэта тым больш цікава, што дзеяслоў, ад якога ўтворана данае слова, вядомы на больш шырокай тэрыторыі (уключаючы і зах.-слав. мовы).