Глог ’глог’ (БРС). Рус. глог, укр. гліг, чэш. hloh, славац. hloh, польск. głóg, балг. глог, макед. глог, серб.-харв. гло̏г і да т. п. Прасл. *glogъ ’глог і пад.’ Звычайна тлумачаць як ’калючая расліна’ і ўзводзяць да і.-е. glō̆gh‑ ’востры, калоць’ (параўноўваючы з грэч. γλωχίς ’вастрыё, калючка’, γλῶχες ’асцюк коласа’). Гл. Бернекер, 1, 306; Траўтман, 91; Фасмер, 1, 414; Слаўскі, 1, 294–295. Іншыя тлумачэнні менш верагодныя (агляд іх гл. у Слаўскага, там жа; Фасмера; падрабязна ў Трубачова, Эт. сл., 6, 136–137). Махэк₂ (168) лічыць прасл. назву *glogъ словам субстратнага паходжання (з так званага «праеўрапейскага» субстрату).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)