Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Дасу́жы ’дасужы’ (БРС). Рус. досу́жий, укр. досу́гий. Утварэнне ад *dosǫgъ ’вольны час; час, вольны ад працы’ (гэта апошняе — дэрыват ад прасл. *dosęg(a)ti). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 81–83; Фасмер, 1, 532.

Дасці́пнасць, дасці́пны. Гл. до́сціп.

Дасэ́ні. Гл. дэ́сань.

Да́та ’дата’ (Нас.: «ужываецца галоўна памешчыкамі і шляхтай»). Ст.-бел. дата (засведчана з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 88). Паводле Кюнэ (Poln., 50), запазычанне з польск. data, а гэта ўзята з лац. мовы (так і ў Булыкі, там жа). У даным выпадку рус. да́та не можа быць непасрэднай крыніцай запазычання для бел. мовы, таму што ў рус. мове гэта слова з’явілася вельмі позна (паводле Шанскага, 1, Д, Е, Ж, у XIX ст.).

Датклі́вы ’далікатны’ (БРС). Слова гэта было ўжо вядома ў ст.-бел. мове з XVI ст. Запазычанне з польск. dotkliwy ’тс’ (гл. Булыка, Запазыч., 101).

Датла́ ’датла, зусім’ (БРС). Параўн. укр. дотла́, славац. do tla. У аснове ляжыць спалучэнне *do з словам *tьlo ’аснова, зямля’: укр. тло, ст.-рус. тьло, серб.-харв. тле̏, польск. tło і г. д. (прасл. *tьlo; аб далейшых сувязях гл. у Фасмера, 4, 65). Параўн. таксама Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 178.

Даты́чыць, датычыцца ’датычыцца’ (БРС). Запазычанне з польск. dotyczyć ’тс’. Запазычанне адносна новага часу (няма ў Булыкі, Запазыч.).

Даўбня́. Гл. до́ўбня.

Да́ўні, даўно́ (БРС). Рус. да́вний, укр. да́вній, польск. dawny, чэш. dávný, dávní, серб.-харв. да́ван, ст.-слав. давьнъ. Прасл. *davьnъ ’даўні’ утварэнне ад асновы *davě ’нядаўна; сёння раніцай; раней; даўно’ і г. д. (гл. у Трубачова, Эт. сл., 4, 198). Параўн. ст.-інд. dáviya‑ ’далей’, лац. dū‑r‑are ’вытрымліваць, працягвацца’, грэч. δηρόν ’доўга’ і г. д. Гл. Фасмер, 1, 480–481; Бернекер, 1, 181; Трубачоў, там жа.

Дах ’дах’. Укр. дах ’тс’. Запазычанне (гл. Кюнэ, Poln., 50) з польск. dach ’тс’, якое ўзята (у польск. мове гэта слова вядома з XV ст.) з ням. Dach ’тс’ (да польск. слова гл. Брукнер, 83–84, але Слаўскі, 1, 136, удакладняе, што польск. слова dach запазычана з с.-в.-ням. dach). У бел. мове слова дах засведчана з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 88).