Вярцэ́мак ’мяла’ (гродз., З нар. сл.). Запазычана, відавочна, з польск. мовы, дзе новае і ст.-польск. wercimak (з XVI ст.) мае тое ж значэнне.
Вярця́чка 1 ’вадзяная казяўка, Gerinus natator’ (ветк., Мат. Гом.), укр., рус. вертя́чка ’вадзяны жук з сям. Gyrinidae’. Утворана ад вярцець і суф. ‑ʼачк‑а (< ‑ʼakjьk‑a). Аналагічна, паводле ўласцівасці, утвараецца найменне казяўкі ў чэш. vírník ці славац. krútňavec ’тс’.
Вярця́чка 2 ’глісная хвароба, матыліца, цэнуроз жывёл’ (КТС), укр., рус. вертячка ’тс’. Да вярцець (гл.); суф. ‑ачк‑а абазначае працэс дзеяння.
*Вярця́шка, бяроз. вэртя́шка ’гліняная міска’. Узыходзіць да вэ́ртяга; параўн. вэ́рцяха (гл.), а таксама ўкр. вертьога ’від посуду’. Утворана пры дапамозе суф. ‑ьк‑а ад наз. верцяга. Да вярце́ць (гл.).
Вярча́льны ’які верціцца’ (КТС). Калька з рус. мовы, утвораная з дапамогай бел. кораня і афікса (Крукоўскі, Уплыў, 120–121).
Вярча́нка ’коўдра, вытканая з рыззя’ (навагр., Нар. сл.) — аддзеяслоўны назоўнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑ан‑к‑а. Да вярцець (гл.).
Вярша́к ’верхавы яздок’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.). Узнікла ў выніку лексічнай кандэнсацыі з верхавы яздок пад уплывам вязак, важак.
Вярша́ліна ’верхняя частка дрэва з суччам’ (Некр., БРС, КТС). Да вершалі́на (гл.).
Вярша́лле ’вяршаліны (хваін)’ (КТС), ушац. вірша́льля ’вяршаліны дрэў’ (Нар. лекс.). Утварылася ад *вьршаль (гл. вершалина) пры дапамозе суф. Nomina collectiva ‑ьje.
Вярша́льнік ’верхаўё лесу’ (парыц., Некр.). Вузкі рэгіяналізм, утвораны ад *вьршаль (гл. вершалина) і зборнага суф. ‑нік.
Вяршкі́ 1 ’кончыкі пальцаў’ (гродз., дзятл., Сцяшк. МГ), адз. лік. вяршок — да прасл. vьrx‑ьkъ < vьrxъ (Фасмер, 1, 302). Гл. вяршок 2.
Вяршкі́ 2 ’верхні слой малака, смятана’ (БРС, КТС, Бяльк.). Да вяршок 3 (гл.). Параўн. таксама рус. смал., бранск. вершки ’салодкая смятана’, варон. ’смятана’.