Бры́зкаць ’пырскаць’ (Шат., Гарэц.). Рус. бры́згать, укр. бри́зкати, польск. bryzgać, балг. бръ́згам і г. д. Прасл. *bryzg‑ ’пырскаць’. Параўн. лат. brũzgat, brùzgât ’пырскаць’, brùzgas ’бурбалкі пены’, літ. bruzė́ti ’шумець, клекатаць’ і г. д. Першапачаткова гукапераймальнае. Гл. Бернекер, 93–94; Праабражэнскі, 1, 48; Брукнер, 43; Фасмер, 1, 222; Фрэнкель, 1, 57; Слаўскі, 1, 45. Сюды ж брызкль ’халодны дожджык’ (Янк. II).
Бры́зы. Відавочна, тое ж самае, што і брыжы́ 1 ’карункі і да т. п.’ (гл.): «Oj zahrájcie, muzýki, U minié brýzy wielíki! Bo mnie tátko kupíu̯, Kab dwarák palubíu̯» (Федар. VI). Запазычанне з польск. bryzy, bryz (а гэта паралельная форма да bryże ’карункі і г. д.’ < ням., гл. Варш. сл., 1, 216).
Бры́ка ’воз для сена і снапоў’ (Арх. Бяльк., слонім., Бяльк.), ’від воза’ (Касп.). Рус. дыял. бри́ка, бры́ка, укр. бри́ка. З польск. bryka ’тс’ (дзе новаўтварэнне ад bryczka). Гл. Фасмер, 1, 214, 215, і бры́чка 1.
Брыка́ць, брыка́цца. Рус. брыка́ть, -ся (дыял. брыка́ть кідаць’), укр. брика́ти, -ся, польск. brykać. Слав. (дыял.) *brykati ’тс’ (таксама, можа, ’кідаць’). Слаўскі (1, 45) лічыць, што гэта, магчыма, ітэратыў да *brъkati ’брыкаць, кідаць і да т. п.’ (параўн. славен. bȓkati, серб.-харв. бр́кати). Іншыя версіі не вельмі пэўныя. Бернекер, 93; Брукнер, 43; Праабражэнскі, 1, 48; Фасмер, 1, 222; Слаўскі, 1, 45.
Брыке́т. Рус. брике́т, укр. брике́т. Новае запазычанне з франц. briquette ’тс’ (< brique ’цэгла’). Шанскі, 1, Б, 197.
Бры́ла ’глыба’; бры́ля ’валік зямлі’ (Жд.). Укр. бри́ла ’глыба, вялікі кусок; скала і г. д.’, польск. bryła. Цёмнае слова. Смешак (MPKJ, IV, 391–393) зыходзіць з і.-е. *bher‑ ’біць, рэзаць’: *bhrū‑lā. Параўн. яшчэ Слаўскі, 1, 45 (падтрымлівае гэту версію); Рудніцкі, 207 (сумняваецца). Паводле Бернекера, 93, няяснае слова. Адносна магчымай роднаснасці з літ. brilà ’вялікі кусок і г. д.’ гл. Фрэнкель, 1, 58.
Брылёк ’1/100 вядра’ (Інстр. III), «особого рода рюмка, вроде небольшого стакана с разогнутыми вверху краями, вместимостью 1/100 ведра; служит меркою водки» (Мядзв.). Рус. (Дон) брылик ’від пасудзіны’. Ад брыль ’галаўны ўбор’ (па падабенству, гл. СРНГ, 3, 217 пад брыль: этымалогія Папова, 1855 год).
Брыль 1 ’казырок летняй шапкі; шляпа’ (Касп., Бяльк., Бір. Дзярж., Шн., Гарэц., Інстр. I, Тарн., Маш., БРС, КЭС, лаг., Мядзв.). Укр. бриль. Запазычанне з польск. bryl ’тс’ (якое лічыцца запазычаннем з італ. ombrello ’парасон’; Варш. сл., 1, 215). Рыхардт, Poln., 37; Фасмер, 1, 214; Рудніцкі, 208 (лічыць, што польск. bryl < укр. < італ.?); Бернекер, 93.
Брыль 2, брылёк ’невялікі выступ над жаралом печы’ (Янк. Мат., Шушк., Інстр. I), ’карніз’ (Шат.). Відавочна, метафарызацыя да брыль 1 (гл.): ’брыль, казырок’ → ’казырок, навес’ → ’навес, выступ’.
Брылья́нт. Рус. бриллиа́нт, бриль́янт, укр. брилья́нт. Запазычанне (магчыма, праз ням. Brillant) з франц. brillant (літаральна ’бліскучы’). Праабражэнскі, 1, 45; Фасмер, 1, 214; Шанскі, 1, Б, 197–198.